Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына на тыдзень адправілі ў карцар. Там ён моцна захварэў, ёсць праблемы з дыханнем
11 студзеня 2023 у 1673452200
«Зеркало»
Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын, які цяпер адбывае 13-гадовы тэрмін у калоніі, моцна захварэў у карцары праз холад. Ён скардзіцца на праблемы з дыханнем, яго змясцілі ў каранцін, паведаміла жонка журналіста Вольга Івашына.
Паводле яе словаў, адміністрацыя гродзенскай калоніі 6 студзеня адправіла Івашына ў карцар на сем сутак, прычына гэтага рашэння невядомая.
- Імаверна, стандартна - выдуманае для палітвязняў «парушэнне правілаў унутранага распарадку», - напісала Вольга Івашына ў тэлеграм-канале.
На мінулым тыдні яна расказала, што ў палітвязня адабралі малюнак навагодняй елкі з жоўта-блакітнымі гірляндамі і бела-чырвонымі шарыкамі.
У карцары, піша Вольга, яе муж моцна захварэў ад холаду і быў вымушаны звярнуцца па дапамогу да медыкаў.
- Фельчар агледзеў Дзяніса і прыняў рашэнне перамясціць яго ў каранцін, спыніўшы такім чынам адбыванне «пакарання» ў карцары. Прычым фізічны стан Дзяніса быў настолькі дрэнным, што медык дазволіў яму ўдзень ляжаць на ложку, - напісала Івашына.
Паводле яе словаў, журналіст скардзіцца на праблемы з дыханнем, магчыма, гаворка ідзе пра рэспіраторнае віруснае захворванне.
Нагадаем, Дзяніса Івашына ў верасні мінулага года судзілі па двух артыкулах - арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў) і ч. 1 арт. 356 КК Беларусі (дзяржаўная здрада). Суддзя прызнаў яго вінаватым і асудзіў на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Журналіст раней супрацоўнічаў з газетай «Новы час», таксама ён удзельнік украінскай ініцыятывы «Інфармнапалм», вядомы сваімі расследаваннямі. Яго апошні артыкул быў прысвечаны экс-супрацоўнікам украінскага «Беркута» ў беларускіх сілавых структурах. КДБ абвінаваціў яго ў супрацоўніцтве з разведкай украінскіх дыпламатаў у Мінску і Брэсце.
Дзяніс Івашын прызнаны палітвязнем.