«Праседзелі за гэтай размовай гадзін пяць». Мужчыны расказалі, што адчувалі, калі іх партнёркі зрабілі аборт
21 чэрвеня 2023 у 1687341600
«Зеркало»
Тэма абортаў вельмі закрытая, звычайна яе імкнуцца пазбягаць. Таму людзей, якія адважыліся шчыра расказаць сваю гісторыю, не так і шмат, асабліва калі гэта мужчыны. Звычайна ўся ўвага ў тэме цяжарнасці скіраваная на жанчын: менавіта ў іх целе будзе развівацца асобнае жыццё, менавіта ім трэба будзе прыняць рашэнне пра яго захаванне. Але «Люстэрка» вырашыла пагаварыць з мужчынамі, чые партнёркі зацяжаралі ад іх, а потым зрабілі аборт. Мы спыталі пра іх ролю ў крытычны момант, пра страхі і перажыванні.
Рэдакцыя ведае рэальныя імёны суразмоўцаў, але, паколькі тэма далікатная, яны папрасілі змяніць усе свае звесткі, нават дакладны ўзрост.
Артур, 30 гадоў: «Выплакалі ўсе вочы, бо нервовая сістэма не спраўлялася»
Са сваёй дзяўчынай Нікай Артур сустракаецца шэсць гадоў. Паводле яго словаў, іх адносіны можна назваць сур'ёзнымі. Пра тое, што Артур і Ніка могуць стаць бацькамі, яны даведаліся 2 жніўня 2020-га, перад самымі выбарамі.
- Тады ў Нікі ўжо 15 дзён як затрымліваліся месячныя, і яна пачала думаць, што гэта не можа быць проста так, бо ў яе цыкл заўсёды ішоў дакладна. Мы пайшлі ў аптэку і купілі некалькі тэстаў, прычым узялі розных вытворцаў, каб упэўніцца ў цяжарнасці, - успамінае Артур. - Толькі адзін з трох паказаў славутыя дзве рыскі. Пагугліўшы, мы вырашылі пачакаць яшчэ дзён 5−7, каб пасля зноў купіць тэст і праверыць.
Днём 8 жніўня Артур зноў збегаў у аптэку і набыў яшчэ тры тэсты. Гэтым разам усе яны паказалі станоўчы вынік.
- Хоць мы былі парай не першы год, кахалі адно аднаго, станавіцца бацькамі ў той момант не былі гатовыя. Тым больш ужо адчувалася, што нешта будзе ў Беларусі, - расказвае суразмоўца. - Але адразу вырашылі не спяшацца з рашэннем і даць сабе яшчэ крыху часу, каб падумаць.
Як кажа Артур, ён ведаў, што зацяжараць можна нават калі выкарыстоўваць кантрацэптывы. Але ўсё роўна не быў гатовы да навіны, якая паставіла іх пару перад выбарам.
- У тыя дні, калі мы ўзялі паўзу, каб падумаць, я не мог усвядоміць, што даў жыццё! Што пройдзе дзевяць месяцаў - і можа з'явіцца новы чалавек, у якога будзе палова маіх генаў. І калі першы шок прайшоў, у нейкі момант нават была радасць, што цяпер нашыя адносіны выйшлі на новы ўзровень, што з гэтага моманту нас на ўсё жыццё можа звязаць адзін чалавек. Пасля гэтай светлай эмоцыі прыйшоў жах ад разумення, наколькі ўсё несвоечасова.
Да пытання, што далей рабіць з цяжарнасцю, Артур з Нікай вярнуліся дзесьці праз тыдзень. Яму пашанцавала не быць затрыманым у тыя дні, а яе ён сам папрасіў сядзець дома дзеля бяспекі. Артур прызнаецца, што гэта была самая складаная размова ў яго жыцці.
- Я папрасіў Ніку выказацца першай, бо, прызнаюся шчыра, перажываў, што зараз скажу, што не хачу дзіцяці, а яна, наадварот, ужо вырашыла пакідаць яго. Ніка сказала, што не гатовая быць мамай, што ёй неймаверна страшна, што яна баіцца больш ніколі не зацяжараць, што, можа, гэтае дзіця - наш лёс… Яна гаварыла і гаварыла, а мне заставалася толькі слухаць, выціраць слёзы і спрабаваць суцешыць, - гаворыць Артур. - Пасля і я прызнаўся, што не гатовы станавіцца татам і што тут не пытанне грошай ці пачуццяў да яе, проста я разумеў, што не час, што не цяпер гэта мусіць здарыцца. Па адчуваннях, мы праседзелі за гэтай размовай, можа, гадзін пяць і выплакалі ўсе вочы, бо нервовая сістэма не спраўлялася.
Артур кажа, што ніхто з блізкіх не ведаў пра цяжарнасць яго партнёркі. Яны вырашылі маўчаць, бо думалі, што іх будуць угаворваць усё ж нарадзіць. Да таго ж і раней пара не ўключала іншых людзей у свае асабістыя пытанні.
- Вядома, па ўсіх дактарах мы хадзілі з Нікай разам. Я хацеў яе падтрымаць і паказаць, што мне не ўсё роўна. Тады я ўзяў на сябе ролю спакойнага і адказнага мужчыны, які не будзе лішні раз дадаваць нерваў дзяўчыне сваімі трывогамі. Але так, я перажываў, што яна можа перадумаць рабіць аборт. Праўда, пасля для сябе вырашыў, што няхай усё будзе як будзе, - прызнаецца Артур. - Вядома, калі б яна захацела пакінуць дзіця, я б не кінуў яе, але давялося б нешта рабіць з працай і жытлом. Мы ў той час наймалі аднапакаёвую кватэру, і жыць у ёй утраіх было б цесна. Адпаведна, і працу мне давялося б мяняць, каб атрымліваць больш грошай.
Цяжарнасць яшчэ можна было перарваць медыкаментозна, таму наступны тыдзень пасля той размовы пайшоў на аналізы і падрыхтоўку. А далей, як кажа Артур, «усё было проста»: яны прыйшлі на прыём, доктар папрасіў яго пачакаць на калідоры, і прыкладна праз гадзіну можна было ехаць дамоў. На наступны дзень ім зноў трэба было на прыём, дзе Ніцы далі яшчэ адну таблетку.
- Не магу сказаць, што ад прыняцця рашэння да выніку нейкі канкрэтны дзень мне запомніўся больш за ўсе астатнія. Увесь гэты час складаўся з гойдання на арэлях віны, сораму, радасці, што нашыя думкі супадаюць, страху за нашыя адносіны, асуджэння сябе за негатоўнасць да з'яўлення дзіцяці і гэтак далей, - расказвае мужчына. - Аборт моцна паўплываў на нас, але не пагоршыў нашых адносін. Можна нават сказаць, што мы сталі больш блізкімі за той час. А я ўсё ж радаваўся, што ў нас супалі погляды на такое фундаментальнае пытанне.
Сёння Артур лічыць, што іх рашэнне было правільным: навокал адбываліся пераломныя падзеі, крызіс у краіне толькі пагаршаўся, пасля яшчэ і вайна пачалася. Як кажа мужчына, яму цяжка ўявіць, як бы ім давялося жыць з дзіцем - асабліва тым, якога яны не планавалі і да якога не былі гатовыя.
- Тая сітуацыя прымусіла нас паглядзець уважліва на нашыя адносіны і абмеркаваць, якой мы бачым агульную будучыню. Мы дакладна хацелі б пабрацца шлюбам, а там ужо нарадзіць дзіця, але, на жаль, гэта ўсё пазней, - гаворыць Артур. - Мне захацелася расказаць нашую гісторыю, каб такім чынам заклікаць усіх прагаварыць магчымасць ці немагчымасць агульных дзяцей у пары як мага раней, лічыце, на беразе. Бо калі ўсё ж кантрацэпцыя не спрацуе, то пазіцыю партнёра вы ўжо будзеце ведаць, а не катаваць пасля сябе думкамі і страхам, што вы захочаце вырашыць гэтае пытанне па-рознаму.
Мікіта, 26 гадоў: «Абсалютна не разумелі, ці правільна, што мы хочам зрабіць аборт»
Калі дзяўчына Мікіты зацяжарала, яны сустракаліся ўжо каля трох гадоў і называлі сябе «досыць прагрэсіўнай парай». Лічылі, што варта задумвацца пра дзяцей толькі калі самі іх захочуць па-сапраўднаму, а не пад ціскам сваякоў ці часу.
- Тады, чатыры гады таму, у якасці кантрацэпцыі мая дзяўчына карысталася кальцом (з эластычнага пластыку, якое змяшчаюць у похве, і яно вылучае дозу гармонаў, што перашкаджае наступленню цяжарнасці. - Заўв. рэд.). Калі прыйшоў тэрмін яго мяняць у канцы цыклу, высветлілася, што [унутры] яго няма. І самае непрыемнае ў гэтым усім было тое, што калі доктар выпісваў рэцэпт, ён сцвярджаў, што гэта надзейны спосаб абароны і яно не можа выпасці проста так, - успамінае Мікіта.
Паводле яго словаў, ён быў трохі засмучаны, што доктар пра гэта не сказаў, хоць дзяўчына спецыяльна ўдакладняла на прыёме гэты момант. Пара адразу зразумела, што трэба ісці правярацца: тэсты яшчэ нічога не паказвалі.
- У той момант мы былі ў адной з краін Азіі, дзе аборты пад забаронай і на УГД табе кажуць: «Віншуем, у вас будзе дзіця, радуйцеся!» - а ў нас была супрацьлеглая рэакцыя. Тым больш што яшчэ да ўсёй гэтай сітуацыі нашыя адносіны ўжо былі нейкія напружаныя, мы былі блізкія да разрыву, - прызнаецца Мікіта. - І калі ўсё адбылося, і я, і яна зразумелі, што мы не хочам сумесных дзяцей, то-бок мы не бачым іх у нашай пары. Усё занадта ненадзейна, каб заводзіць дзяцей. Таксама наш лад жыцця не прадугледжваў дзіцяці: з ім усё было б рабіць складаней, напрыклад падарожнічаць.
Мікіта кажа, што часта чуў ад бацькоў думку, маўляў, дзіця можа выратаваць шлюб. Але яго самога гэтая ідэя палохала. Уся сітуацыя была вялікім стрэсам. Яны з дзяўчынай яшчэ раз зразумелі, што не асабліва хочуць заставацца разам. І першай рэакцыяй на незапланаваную цяжарнасць былі слёзы. Як прызнаецца Мікіта, ён у той момант не адчуў ніякай радасці ад думкі, што яго дзяўчына цяжарная ад яго.
- У прынцыпе, нягледзячы на нашую прагрэсіўнасць, табуяванасць гэтай тэмы паўплывала на нас. Ні з кім з сяброў і членаў сям'і мы не гаварылі. А ўся інфармацыя ў інтэрнэце, асабліва рускамоўным, досыць аднабокая. На форумах вельмі часта гаворыцца пра цуд зачацця - маўляў, вы далі новае жыццё! Таму мы абсалютна не разумелі, ці правільна, што мы хочам зрабіць аборт, як наогул варта зрабіць, вінавацілі сябе, што не можам прайсці гэта разам. Думкі былі розныя і ў асноўным негатыўныя, - кажа суразмоўца. - Мне здаецца, якраз таму, што амаль няма інфармацыі пра тое, што наогул гэта нармальна і гэта рашэнне кожнай пары.
У выніку Мікіту і яго дзяўчыне давялося звярнуцца ў арганізацыю, якая дапамагае дзяўчатам рабіць аборт у краінах, дзе гэта забаронена. Спецыялісты накіравалі іх да правераных дактароў, якія змаглі даць сертыфікаваную таблетку.
- На ўсіх этапах я стараўся быць з дзяўчынай побач. Важна, што мы досыць хутка гэта зрабілі, не зацягвалі. І ўсё прайшло добра, - кажа Мікіта. - Я ніколі не шкадаваў пра гэтае рашэнне, хоць у любым выпадку гэта траўмавальны досвед. Але чым больш я размаўляю з людзьмі, тым больш разумею, што гэта абсалютна нармальна - так вырашыць сітуацыю. Тады ж я быў вельмі разгублены, заблытаўся ў эмоцыях і вырашыў, што пасля буду казаць сябрам пра тое, што з намі адбылося. Калі закранаецца тэма абортаў, усе ў асноўным абмяркоўваюць, ці трэба дазваляць аборты, права на гэта, але ніхто не кажа, як ты будзеш адчуваць сябе, калі з табой такое здарылася.
Пасля аборту пара прабыла разам нядоўга. Незапланаваная цяжарнасць і яе перарыванне паставілі кропку ў іх адносінах. Але Мікіта лічыць, што ў такой сітуацыі ўсё роўна трэба заставацца чалавекам і дапамагаць дзяўчыне перажыць гэты досвед. Бо таблетку прымае менавіта яна і боль адчувае таксама яна, але можна быць побач, каб было хоць крыху лягчэй спраўляцца з усім гэтым.
Чытайце таксама