«Сёння няма неабходнасці ў такім відзе ўстановы». У Мінску ліквідуюць два ліцэі
19 лiпеня 2023 у 1689746220
«Зеркало»
У Мінску ліквідуюць два ліцэі і пабудуюць тры садкі. Пра змены ў адукацыйнай сферы сталіцы расказаў агенцтву «Мінск-Навіны» старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі.
- Мы ўваходзім у новы навучальны год шэрагам пераўтварэнняў. У нас мадэрнізуецца сетка адукацыйных установаў. Ліквідуюцца два ліцэі - № 1 у Маскоўскім раёне, № 2 - у Ленінскім, - сказаў Андрэй Стрыгельскі. - Гэтае рашэнне прымалася загадзя. Летась ліцэі не ажыццяўлялі набор дзяцей у 10-я класы, сёлета - паспяхова выпусцілі апошнія 11-я класы. І фактычна ліцэі ліквідуюцца. Мінск - кампактны горад. Сёння створаныя ўмовы для атрымання профільнай адукацыі на трэцяй ступені ва ўсіх школах і гімназіях. У нас сапраўды вялікая сетка профільных класаў. І сёння няма неабходнасці ў такім відзе ўстановы, як агульнаадукацыйны ліцэй.
Паводле старшыні камітэта, будынкі, якія вызваліліся, захоўваюцца ў сістэме адукацыі сталіцы. На месцы былога ліцэя № 2 з верасня будзе функцыянаваць корпус Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. Будынак жа ліцэя № 1 перадаецца найбліжэйшай сярэдняй школе.
Што да ўстановаў дашкольнай адукацыі, то Мінск прырастае чатырма новымі садкамі.
- Адзін ужо ўведзены ў эксплуатацыю і пачаў працаваць у ЖК «Малая радзіма» Заводскага раёна. Яшчэ тры плануецца адкрыць восенню - у мікрараёнах Сокал, Навінкі, Брылевічы. Дзякуючы новабудоўлям сталіца атрымае яшчэ фактычна тысячу месцаў для маленькіх мінчан.
Таксама старшыня камітэта па адукацыі расказаў пра лёс гімназіі № 42, якая носіць імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі Жарэса Алфёрава і знаходзіцца ў адным будынку з юрыдычным каледжам БДУ на вуліцы Камсамольскай. І сёлета не мяняе прапіскі.
- Яна працягне працаваць, як і ў ранейшыя гады. Калектыў і дзеці застаюцца ў гэтым будынку. У перспектыве пытанне вырашацца будзе. Сёння ў гэтай установе вучыцца 170 навучэнцаў. Мы ў любым выпадку будзем ісці да таго, каб захаваць гімназію, даўшы ёй іншую базу, - растлумачыў Стрыгельскі.
Дарэчы, 42-я - адзіная гімназія, якая не набірае першых класаў.