Праваабаронцы: Музыкаў Nizkiz перавялі на Валадарку — відаць, на іх завялі крымінальныя справы
29 студзеня 2024 у 1706538300
«Зеркало»
Музыкаў Nizkiz Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшу і Дзмітрыя Халяўкіна перавялі ў следчы ізалятар у Мінск. Мяркуючы з усяго, на музыкаў завялі крымінальныя справы, паведамляе праваабарончы праект MAYDAY TEAM.
Якія менавіта «злачынствы» інкрымінуюць удзельнікам групы, на гэты момант невядома. Раней сілавікі прыгразілі ім пяццю гадамі зняволення, таксама не ўдакладняючы, у чым менавіта абвінавачваюць музыкаў.
Нагадаем, музыкі Nizkiz былі затрыманыя раніцай 5 студзеня. На наступны дзень прапагандысты з дзяржаўнага тэлебачання паведамілі пра гэта і выставілі ў сваіх сацсетках кадры затрымання. Пазней усіх траіх абвінавацілі ў"распаўсюдзе, вырабе, захоўванні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць" (ч.2 арт. 19.11 КаАП) і, як мяркуецца, прызначылі арышт.
Nizkiz - рок-гурт з Магілёва. Заснаваны ў 2008 годзе. Рэпертуар складаецца з аўтарскіх песень на рускай і беларускай мовах. Кампазіцыі гурта былі ў ратацыі на «Нашым Радыё», «Сваім Радыё», «Радыё Мінск», «Радыё Сталіца», «Радыё АНТ», Euroradio, «Альфа Радыё», «Мир» і іншых радыёстанцыях. Акрамя таго, гурт быў пастаянным госцем на буйных фестывалях у Беларусі.
Адна з самых папулярных песень гурта - «Небяспечна» - была выпушчаная ў 2017 годзе. У 2020 годзе Nizkiz прадставіў кліп на песню «Правілы». Як сцвярджалася, відэа здымалі ў Мінску падчас аднаго з маршаў.