Пасля разводу жанчына адмаўляецца высяляцца з кватэры былога мужа. А так можна? Тлумачыць юрыст
27 чэрвеня 2024 у 1719492360
«Зеркало»
Марына з мужам нядаўна развяліся. Да разрыву сям'я, у якой рос двухгадовы сын, жыла ў кватэры мужчыны. Цяпер жанчыне няма куды ісці. Ці могуць яны з дзіцем заставацца ў кватэры экс-мужа і бацькі? Вось што кажа юрыст.
Юрыст сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі Legalhub.help тлумачыць: адказ на пытанне, ці можа былая жонка жыць у кватэры мужа пасля разводу, залежыць ад юрыдычнага статусу кватэры і дамоўленасцяў у пары.
- Калі гэта сумесна нажытая маёмасць, то правы на яе маюць абое, - расказвае эксперт. - Калі ж жылплошча належыць мужу па праве ўласнасці (напрыклад, ён купіў яе да шлюбу ці атрымаў у спадчыну), то па законе былая жонка не можа тут жыць пасля разводу.
Аднак калі ў сям'і, якая распалася, ёсць агульнае дзіця, гэта змяняе сітуацыю. Пакуль сыну або дачцэ не споўніцца 18 гадоў, мама мае права жыць побач з ім ці з ёй. У тым ліку і ў кватэры экс-мужа, дзе зарэгістраванае дзіця. Выключэнне складаюць выпадкі, калі па рашэнні суда дзеці застаюцца з бацькам. Тады жанчыне варта шукаць іншы дом.
- У цэлым у маёмасных пытаннях пасля разводу заўсёды шмат нюансаў, - адзначае спецыяліст. - Дапусцім, жонка жыла ў кватэры на момант яе прыватызацыі, хоць і не ўдзельнічала ў ёй. У гэтым выпадку муж-уласнік не можа выселіць жанчыну ў нікуды. Таму, калі ў вас узнікае пытанне пра свае правы на маёмасць пасля разводу, лепш пракансультавацца з юрыстам.
Чытайце таксама