Экс-прэзідэнт Польшчы: Cвет моцна змяніўся і знаходзіцца на мяжы Трэцяй сусветнай, Крэмль трымае Беларусь у руках
30 снежня 2022 у 1672394340
«Зеркало»
Небяспечны хаос, які запанаваў у свеце пасля нападу Расіі на Украіну, моцна наблізіў чалавецтва да магчымай Трэцяй сусветнай вайны. Пра гэта выказаўся былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі ў інтэрв'ю Polsat.
- Пасля таго як ва Украіне ўспыхнула вайна, свет моцна змяніўся. Гэта было заканчэнне адной эры і пачатак новай, невядомай, эпохі, - сказаў палітык.
Паводле яго, тое, што здарылася, разбурыла ранейшы сусветны парадак і значна ўзмацніла палярызацыю.
- Цяпер у нас з аднаго боку агрэсіўная Расія, якая напала на суседа. Крэмль да таго ж трымае ў руках Беларусь і пазірае на іншых суседзяў. З другога боку - сапраўды адзіны Захад з прэзідэнтам Байдэнам на чале.
Трэцім бокам, адзначыў Квасьнеўскі, стаў Кітай, які прэтэндуе на Тайвань. Паводле яго словаў, Пекін прыняў стратэгію чакання і глядзіць, як Расія слабее, яму выгадна мець слабога суседа.
- Карацей кажучы, надышоў час небяспечнага хаосу. Калі дадамо да гэтага іншыя трывогі, напрыклад тое, што адбываецца на межах Сербіі, то крытычная маса можа быць лёгка пераадоленая, - мяркуе палітык.
Ён падкрэсліў, што страшны ўжо сам той факт, што гіпатэтычная Трэцяя сусветная сёння абмяркоўваецца як нешта, што можа здарыцца ў рэальнасці.
Тым не менш, адзначыў Квасьнеўскі, цяпер небяспека крыху зменшылася, бо ёсць значна больш інфармацыі і разумення, чым у пачатку вайны.
- Выявілася, што Расія не такая моцная, Захад аб'яднаўся, а Украіна здольная абараняцца.
Паводле ацэнкі палітыка, вайна яшчэ будзе працягвацца, бо Расія занадта слабая, каб выйграць, тое ж і з Украінай.
- Сітуацыя будзе патавай, - лічыць Квасьнеўскі.
Ён лічыць, што Расія мусіць прайграць вайну. Але яна будзе існаваць і далей, таму ёсць сэнс у яе аслабленні. Пры гэтым падтрымка Украіны і перадача ёй зброі і тэхнікі абавязкова мусяць працягвацца.
- Байдэн, па маім перакананні, прыняў канцэпцыю, што Украіна не можа атрымліваць «агрэсіўную» зброю, каб не эскаляваць канфлікт Расія - NATO, таму што пасля яе выкарыстання ў Расіі будуць развязаныя рукі. Прэзідэнт ЗША хоча пазбегнуць Трэцяй сусветнай вайны любой цаной, - падкрэсліў Квасьнеўскі.