Навошта ўладам неабмежаваны доступ да персанальнай інфармацыі? Расказваем пра кітайскую сістэму сацыяльнага крэдыту
10 лютага 2024 у 1707550140
«Зеркало»
На мінулым тыдні Палата прадстаўнікоў, склад якой завяршае свае паўнамоцтвы, працягнула практыку прыняцця рэпрэсіўных законаў і ўхваліла ў першым чытанні законапраект, які дае сілавікам супердоступ да інфармацыі пра беларусаў з розных інфармацыйных сістэм. Такім чынам дзяржава ўсё глыбей урываецца ў асабістую прастору сваіх грамадзян, каб як мага больш ведаць пра іх і эфектыўней іх кантраляваць. Пра тое, да якой ступені можа зайсці такая цікавасць, не па чутках ведаюць жыхары Кітая. Улады гэтай краіны ўжо дзесяць гадоў развіваюць так званую сістэму сацыяльнага крэдыту, у аснове якой ляжыць акурат збор рознай персанальнай інфармацыі пра грамадзян. У некаторых публікацыях гэтую сістэму называюць «лічбавым канцэнтрацыйным лагерам» або «лічбавай дыктатурай» - расказваем пра яе падрабязней.
Што такое сістэма сацыяльнага крэдыту і як кітайскія ўлады тлумачаць яго неабходнасць?
Пераклад «Сістэма сацыяльнага крэдыту» (ССК) моцна ўкараніўся ў СМІ, але часам гэты тэрмін перакладаюць таксама як «Сістэма сацыяльнага даверу». Улады Кітая афіцыйна прадставілі яе праект у 2014 годзе, калі быў апублікаваны «План пабудовы і планавання сістэмы сацыяльнага крэдыту». Але фактычна працы ў гэтым кірунку вяліся яшчэ з 2007 года.
План абвясціў ССК важнай часткай сацыялістычнай рынкавай эканамічнай сістэмы кіравання грамадствам. Заяўленая мэта - стварэнне грамадства з вышэйшым узроўнем даверу і большай празрыстасцю. Камуністычная партыя Кітая запэўнівае, што хоча, каб людзі рабіліся ўсё больш і больш сумленнымі, вартымі даверу і прыстойнымі. А ССК дапамагае ёй у гэтым.
Тэхнічна ССК - гэта чатыры групы рэйтынгаў (для грамадзян, для кампаній, для дзяржчыноўнікаў і для прадстаўнікоў судовай улады). У гэтым тэксце нас цікавіць у першую чаргу ССК для грамадзян, рэйтынгі якіх складаюцца на падставе набору асабістых звестак пра іх. Таму далей аповед будзе пераважна пра гэтую групу.
Акрамя рэйтынгаў ССК уключае і сістэму для матывацыі «правільных» паводзін. Працуе яна паводле прынцыпу «бізуна і перніка». Так, дзеянні, «якія ўмацоўваюць давер у грамадстве», павінныя ўзнагароджвацца, а супрацьлеглыя - карацца. Напрыклад, людзі з высокім узроўнем рэйтынгу ССК трапляюць у прыярытэтны спіс для атрымання дзяржаўных субсідый. Грамадзяне з высокім ССК таксама могуць атрымліваць зніжкі на электраэнергію, браць рэчы ў арэнду без закладу, атрымліваць крэдыты са зніжанай працэнтнай стаўкай.
У той жа час людзі (і кампаніі) з кепскім рэйтынгам могуць быць пакараныя праз апублікаванне інфармацыі пра іх «правіны». Юрыдычным асобам забараняюць удзельнічаць у дзяржзакупках, фізічным - купляць прадметы раскошы і нават пакідаць краіну. Нацыянальны пералік магчымых пакаранняў за «нядобрасумленнасць»,апублікаваны ў 2021 годзе, уключае такія вельмі спрэчныя з пункту гледжання правоў чалавека «абмежаванні на спажывецкія паводзіны», як:
- забарона падарожнічаць самалётам;
- забарона на праезд цягнікамі на мяккіх спальных месцах і ў першым класе;
- забарона адпраўляць сваіх дзяцей у прыватныя школы;
- забарона на куплю нерухомасці і будаўніцтва, пашырэнне ці рэканструкцыю свайго дома;
- забарона на падарожжа з мэтай адпачыць.
А прыкладам «перніка» могуць служыць крамы з бясплатнымі таварамі для «правільных» грамадзян - першая такая адкрылася летам 2023 года. На той момант асартымент у гандлёвай установе быў сціплы: на прылаўках, акрамя прадуктаў харчавання, былі прадметы бытавой хіміі, літаратура і перыядычныя выданні. Аднак мясцовая прэса абяцала, што пазней там з'явіцца электроніка, бытавая тэхніка і некаторыя іншыя карысныя ў побыце рэчы. Асартымент такіх крамаў папаўняецца за кошт падаткаў грамадзян з нізкім узроўнем сацыяльнага крэдыту.
А за што крытыкуюць гэтую сістэму?
На першы погляд, кітайская ССК не асабліва адрозніваецца ад крэдытных гісторый, да якіх ужо паспелі прывыкнуць беларусы. Але апошнія ўтрымліваюць інфармацыю пра вашыя фінансавыя абавязанні і іх выкананне - і мусяць уплываць толькі на ўзаемаадносіны грамадзян і банкаў. А сістэма сацыяльнага крэдыту Кітая распаўсюджваецца на многія аспекты чалавечага жыцця.
Фактычна яна ацэньвае паводзіны грамадзян і іх добранадзейнасць - вядома, з пункту гледжання аўтарытарнай кітайскай дзяржавы. На думку некаторых заходніх даследчыкаў, СCК ствараецца для кіравання паводзінамі кітайскіх грамадзян, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый і дзяржустановаў з мэтай фармавання «ўзорных» грамадзянскіх паводзінаў.
Рэйтынг ССК кітайскага грамадзяніна павышаецца або зніжаецца ў залежнасці ад яго паводзін. Дакладныя метадалогіі падліку звычайна трымаюцца ў сакрэце - але вядома, што знізіць рэйтынг могуць такія ўчынкі, як парушэнне правілаў дарожнага руху, курэнне ў зонах для некурцоў. А таксама «нягодныя» паводзіны ў інтэрнэце - напрыклад, рэпост навін, якія ўлады палічаць «фэйкавымі».
Адзінай сістэмы сацыяльнага крэдыту, якая ахоплівае большасць грамадзян Кітая, пакуль не існуе. На агульнадзяржаўным узроўні штогод выходзяць абноўленыя планы, а ў 2021 годзе ў краіне з'явіўся згаданы вышэй спіс пакаранняў, якія мясцовыя ўлады могуць выкарыстоўваць для адмоўнай матывацыі грамадзян з нізкім рэйтынгам. Але вось канкрэтныя сістэмы ўліку і падліку рэйтынгаў СБК распрацоўваюцца і ўкараняюцца мясцовымі ўладамі - на ўзроўні правінцый і буйных гарадоў. Часам гэта прыводзіць да пэўных супярэчнасцяў.
Так, цэнтральны ўрад даволі выразна размяжоўвае фінансавы і сацыяльны рэйтынгі грамадзян. Цэнтралізаваная база крэдытных гісторый грамадзян і кампаній у Кітаі сапраўды створаная - на канец 2022 года ў ёй была інфармацыя пра 1,14 мільярда кітайцаў і амаль 100 мільёнаў кампаній. Але агульнай базы сацыяльнага крэдыту ў краіне няма - і пакуль невядома, ці з'явіцца яна калі-небудзь.
У сваю чаргу мясцовыя ўлады часта змешваюць фінансавы і сацыяльны рэйтынгі. Праз гэта «на месцах» вашая «няправільная сацыяльная дзейнасць» можа перашкодзіць вам атрымаць грашовы крэдыт, а «правільная» - наадварот, павысіць шанцы на гэта. Напрыклад, у жніўні 2022 года ўлады правінцыі Ляанін прапанавалі ўзнагароджваць жыхароў за добраахвотнае донарства крыві з дапамогай паляпшэння фінансавага крэдытнага рэйтынгу чалавека.
Мясцовыя сістэмы сацыяльнага крэдыту ў розных рэгіёнах Кітая маюць свае асаблівасці. Так, у Шэньчжэне (велізарным мегаполісе ў паўднёвай правінцыі Гуандун) камеры з функцыяй распазнавання твараў фіксуюць усіх, хто пераходзіць дарогу на чырвонае святло. Злоўленыя на гэтым пяць разоў грамадзяне аўтаматычна пагаршаюць сваё становішча ў рэйтынгу і трапляюць у чорны спіс. Улады Пекіна і Шанхая ў востры перыяд пандэміі COVID-19 у 2020-м зніжалі рэйтынг грамадзянам, якія парушалі каранцінныя правілы пасля прыбыцця з-за мяжы.
Невялікі (па кітайскіх мерках) горад Жунчэн у паўночна-ўсходняй правінцыі Шаньдун, відаць, прасунуўся ў гэтым плане далей за ўсіх. Яшчэ ў 2013 годзе (да афіцыйнага старту агульнанацыянальнай кампаніі) ён прысвоіў усім сваім жыхарам рэйтынг сацыяльнага крэдыту ў 1000 балаў і пачаў весці ўлік іх разнастайных учынкаў, якія адбіваліся на адзнацы.
Напрыклад, у 2016 годзе горад вырашыў караць зняццем 50 балаў за «распаўсюд шкоднай інфармацыі ў мэсэнджары WeChat, на форумах і блогах» - і заахвочваць 40 баламі за перамогу ў спартыўных ці культурных спаборніцтвах нацыянальнага ўзроўню. У адным крайнім выпадку гэта прывяло да таго, што жыхар Жунчэна страціў практычна ўвесь свой сацыяльны крэдыт (950 балаў) за тры тыдні, крытыкуючы ў інтэрнэце якасць медыцынскіх паслуг.
З улікам набраных балаў горад прысвойвае сваім жыхарам індэксы ад ААА (узорны добрасумленны грамадзянін) да D (не варты даверу грамадзянін). І такое літарнае абазначэнне наўпрост уплывае на тое, ці зможа жыхар Жунчэна атрымаць працу ў дзяржустанове ці субсідыю.
У некаторых публікацыях такія рэгіянальныя эксперыменты «распаўсюджваюць» на ўсю тэрыторыю Кітая - што (прынамсі, пакуль) не адпавядае рэчаіснасці.
Такім займаецца толькі дзяржава?
Не, уласныя ССК у Кітаі ствараліся і некаторымі кампаніямі. Самая вядомая з іх - Sesame Credit кампаніі Ant Financial (аплатнай фірмай, якая адасобілася ад Alibaba Group - уладальніка вядомага гандлёвага сайта AliExpress). Sesame Credit улічвае ў сваім рэйтынгу спажывецкія звычкі 400 мільёнаў карыстальнікаў - уключаючы інфармацыю пра тое, колькі часу яны бавяць за відэагульнямі (гэты паказчык зніжае рэйтынг), і пра тое, ці купляюць яны рэгулярна дзіцячыя падгузнікі (такіх людзей сістэма палічыць бацькамі - і павысіць ім рэйтынг як, відаць, больш адказным людзям). Дакладны алгарытм вылічэння рэйтынгу ССК Sesam Credit не разгалошваецца. Затое ў 2015 годзе кітайскі сэрвіс знаёмстваў Baihe пачаў выкарыстоўваць рэйтынг Sesame Credit у сваёй працы: карыстальнікі атрымалі магчымасць паказваць яго ў сваіх профілях, каб павысіць давер іншых юзераў.
Фактычна СКК Sesame Credit спалучае рысы рэйтынгавай сістэмы і праграмы лаяльнасці. Каб скарэктаваць спажывецкія звычкі карыстальнікаў, яна выкарыстоўвае толькі «пернік». Сістэма прысвойвае карыстальнікам балы ад 350 да 950, але нізкі бал не цягне пакарання. Затое высокі бал адчувальна заахвочваецца - у тым ліку палёгкай доступу да крэдытаў.
Камерцыйныя рэйтынгі накшталт Sesame Credit часам блытаюць з афіцыйнай сістэмай ССК, якую паступова ўкараняе ўрад. Гэта розныя рэчы. Але кітайскае кіраўніцтва ўважліва назірала за гэтымі эксперыментамі і на нейкім этапе прыйшло да высновы, што павелічэнне аб'ёмаў апрацаваных звестак пра грамадзян дапаможа дзяржаве ўплываць на іх паводзіны.
Ці ператварыла сістэма сацыяльнага крэдыту Кітай у «лічбавы канцлагер»?
Пакуль не.
Многія публікацыі пра ССК моцна перабольшваюць яе магчымасці. Укараненне сістэмы сацыяльнага крэдыту часам нават называюць «пачаткам эпохі лічбавага канцлагера», а сам Кітай у сувязі з гэтым прадстаўляюць як «лічбавую дыктатуру».
Насамрэч сітуацыя трохі складанейшая. Самой ССК у такім гіпербалізаваным выглядзе пакуль проста не існуе - і невядома, ці будзе існаваць калі-небудзь. Ніхто не можа быць упэўнены ў тым, што радыкальная практыка горада Жунчэна калі-небудзь не распаўсюдзіцца на ўвесь Кітай. Але пакуль руху ў гэтым кірунку няма. Больш за тое, цэнтральныя ўлады Кітая часта абсякаюць самых заўзятых эксперыментатараў з сацыяльным крэдытам.
Так, у снежні 2020 года Дзяржсавет КНР выпусціў дапаможнік, у якім рэкамендаваў мясцовым уладам не выкарыстоўваць ССК для пакарання за нязначныя правіны накшталт пераходу дарогі ў неналежным месцы, няправільнага сартавання смецця або адмовы насіць маскі. Кіраўніцтва загадвае караць толькі за тыя правапарушэнні, што прызнаныя такімі дзейным заканадаўствам - і рабіць гэта ў адпаведнасці з самім законам.
Да рэкамендацый зверху на месцах прыслухаліся. У прыватнасці, горад Жунчэн у выніку зрабіў удзел у ССК добраахвотным (то-бок жыхарам дазволілі адмаўляцца ад атрымання такога рэйтынгу). А таксама выдаліў некаторыя найбольш спрэчныя крытэры для змены адзнакі жыхароў.
Яшчэ адна сур'ёзная памылка наконт магчымасцяў ССК звязаная з уяўленнямі пра яго высокую тэхналагічнасць. Сустракаюцца, напрыклад, сцверджанні пра тое, што для складання рэйтынгу велізарныя масівы інфармацыі (паводле 160 тысяч параметраў) са 142 установаў пра ўсіх грамадзян Кітая збіраюцца і аналізуюцца ў адзіным інфармацыйным цэнтры. Ды яшчэ і робіцца усё гэта нібыта з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Само сабой, у гэты момант перад вачыма паўстаюць антыўтопіі ў духу «Чорнага люстэрка», «Дзівоснага новага свету» ці «Матрыцы».
На практыцы, як ужо адзначалася вышэй, адзінай цэнтральнай сістэмы ацэнкі рэйтынгу ССК не існуе - а значыць, пакуль няма нават неабходнасці ў стварэнні нейкага магутнага алгарытму для апрацоўкі такіх звестак. Больш за тое, як мінімум да канца 2022 года не існавала ніякіх сведчанняў таго, што аўтаматызаваная апрацоўка звестак пра грамадзян сама па сабе прыводзіла б да нейкіх штрафных санкцый. Пакуль усе рашэнні пра санкцыі ці бонусы прымаюцца людзьмі. І часам на вельмі прымітыўным узроўні. Напрыклад, у тым жа Жунчэне, эксперыменты якога нарадзілі мноства чутак пра ССК, збіральнікі інфармацыі для складання рэйтынгу абыходзяць дамы і ад рукі дакументуюць добрыя справы аднавяскоўцаў.
Аднак далейшае развіццё сістэмы сацыяльнага крэдыту выклікае пэўную трывогу. Нават не будучы строга цэнтралізаваным, збор інфармацыі пра грамадзян і сфармаваная на яго аснове сістэма матывацыі ўплывае на натуральныя паводзіны людзей. Ужо цяпер, у пакуль яшчэ сырым выглядзе, ССК, створаная нібыта з добрай мэтай «зрабіць людзей добрапрыстойнымі», выкарыстоўваецца ўладамі для пераследу палітычных апанентаў.
Так, вядомы выпадак журналіста Лю Ху, які шмат пісаў пра цэнзуру і карупцыю ва ўрадзе. За сваю працу ён быў арыштаваны і аштрафаваны. А потым аднойчы выявіў, што ўнесены ў чорны спіс «нядобрасумленных грамадзян», якім забаронена купляць білеты на самалёт, набываць нерухомасць і браць крэдыт. Пры гэтым яму нават не паведамілі пра такое абмежаванне ў правах.
Цікава, што для людзей унутры Кітая ССК ужо зрабілася звыклай руціннай часткай жыцця - і часам яны нават спрабуюць перанесці яе карныя нормы на астатні свет. У некаторых выпадках пры гэтым яны пераследуюць чыста палітычных мэтаў. Так, у красавіку 2018 года Упраўленне цывільнай авіяцыі Кітая разаслала лісты міжнародным авіякампаніям з патрабаваннем прадстаўляць Тайвань часткай КНР. У адваротным выпадку кітайскія чыноўнікі прыгразілі, што зафіксуюць «сур'ёзную несумленнасць» тых кампаній, якія адмовіліся. Урэшце яны так і зрабілі, знізіўшы рэйтынг сацыяльнага крэдыту для замежных авіякампаній у створанай пад гэта сістэме.
Але ёсць і яшчэ адзін бок праблемы. Хоць сама ССК далёка не такая страшная і ўсёмагутная, як яе часта апісваюць, гэта не значыць, што Кітай не рухаецца ў кірунку да ператварэння ў тую самую лічбавую дыктатуру. Кіраўніцтва КНР прыкладае вялізныя намаганні, каб усталяваць лічбавы кантроль над паводзінамі сваіх грамадзян па-за сістэмай сацыяльнага крэдыту.
Напрыклад, доступ у інтэрнэт для жыхароў Кітая магчымы толькі праз сістэму фільтрацыі непажаданага кантэнту «Залаты шчыт» (вядомую яшчэ як «Вялікі кітайскі файрвол»). У дадатак да гэтага ўлады (без прывязкі да ССК) ажыццяўляюць маніторынг і цэнзуру сацыяльных сетак. Напрыклад, напярэдадні 30-годдзя пратэстаў на плошчы Цяньаньмэнь даследчыкі з Ганконга выявілі, што крытычныя пасты на гэтую тэму ў кітайскіх сацсетках выдаляюцца. Кітайскі ўрад сур'ёзна змагаецца з доступам грамадзян да VPN, які дапамагае захоўваць канфідэнцыяльнасць ў сеціве і абыходзіць блакаванне.
Нарэшце, у Кітаі для сачэння за грамадзянамі створаныя і працуюць перадавыя сістэмы распазнавання твараў. Яшчэ ў канцы 2017 года чыноўнікі КНР прадэманстравалі эфектыўнасць гэтага інструмента, знайшоўшы аднаго з супрацоўнікаў BBC шляхам вывучэння запісаў са 170 мільёнаў відэакамер за сем хвілін.
Выпрабавальным палігонам для эксперыментаў Кітая ў галіне лічбавага кантролю стаў паўночна-заходні рэгіён Сіньцзян, значную частку насельніцтва якога складаюць мусульмане-уйгуры. Гэтая меншасць у краіне падвяргаецца ўзмоцненаму нагляду і дыскрымінацыі. Так, у 2019 годзе стала вядома пра сканаванне для патрэбаў відэаназірання твараў 500 тысяч уйгураў.
Прыклад Кітая паказвае, што аўтарытарная дзяржава схільная выкарыстоўваць неабмежаваны доступ да інфармацыі пра грамадзян у сваіх мэтах. Прычым часта гэтыя мэты могуць разыходзіцца з правамі і свабодамі саміх грамадзян. Сістэма сацыяльнага крэдыту, заснаваная на зборы асабістай інфармацыі, сама па сабе яшчэ не ператварылася ў сапраўдны «лічбавы канцлагер». Але акрамя яе ў кітайскіх уладаў ёсць і іншыя інструменты кантролю над людзьмі. У сукупнасці яны, на жаль, усё мацней абмяжоўваюць грамадзянскія правы і свабоды.
Чытайце таксама