З 1 чэрвеня больш чым 30 краін спынілі працу з Беларуссю па «зялёнай карце». Але гэта яшчэ не ўсё: з 16 і 30 чэрвеня па гэтых полісах з’явяцца новыя абмежаванні, яны закрануць краіны, што не ўваходзяць у Еўрапейскую эканамічную зону (ЕЭЗ), але знаходзяцца ў сістэме Green Card. Пра гэта паведамляе страхавая кампанія «Белдзяржстрах».
Праз вайну ва Украіне, а таксама праз санкцыі заходніх краін супрацоўніцтва па сістэме «Зялёная карта» з Беларуссю (як і з Расіяй) некаторыя краіны спынілі з 1 чэрвеня. Сярод іх — Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швецыя, Швейцарыя, Эстонія.
Беларускія страхавыя кампаніі адмаўлялі ў заключэнні дамовы ўжо з 17 траўня, з гэтай даты прапаноўвалася афармляць альтэрнатыўны страхавы поліс проста на мяжы падчас уезду ў ЕС. Аднак у канцы траўня купіць поліс на мяжы ўдавалася не ўсім, выявілася, што кіроўцам трэба было паклапаціцца пра страхоўку загадзя.
Страхавая кампанія «Белдзяржстрах» паведаміла, што з 30 чэрвеня Генеральная асамблея Савета бюро сістэмы «Зялёная карта» на няпэўны тэрмін прыпыніла ўдзел у сістэме Расіі і Беларусі.
Вось якія абмежаванні чакаюць беларускіх кіроўцаў, якія выязджаюць за межы краіны:
— Раней абмежаванні (па «Зялёнай карце». — Заўв. рэд.) датычылі ў асноўным краін, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, Шэнгенскую зону, цяпер уключылі і іншыя краіны, якія не ўваходзяць у Еўрапейскую эканамічную зону, але знаходзяцца ў сістэме «Зялёная карта». Напрыклад, тая ж Чарнагорыя, Расія, Турцыя, — растлумачылі ў «Белдзяржстраху». — Калі вы збіраецеся ехаць у Расію (30 чэрвеня і пазней. — Заўв. рэд.), то на іх тэрыторыі вы мусіце аформіць поліс АСАГА (абавязковае страхаванне аўтаграмадзянскай адказнасці). А калі вы едзеце ў Еўропу, то на мяжы афармляеце дамову памежнага страхавання, як было яшчэ з сярэдзіны траўня.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO