Опубликовано 18 снежня 2024 у 09.01
Адрес в интернете: https://zerkal0-view.site/news/economics/86303.html    

БРЦ даведаўся, хто новы ўладальнік участка ў Сочы, які належаў Беларусі, але быў прададзены па цане, у 20 разоў ніжэйшай за рынкавую

Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) знайшлі ўладальніка ўчастка ў Сочы, які раней належаў беларускай дзяржаве, але пазней быў прададзены па цане, значна ніжэйшай за рынкавую. Паводле звестак БРЦ, Беларусь магла страціць на гэтай угодзе каля 100 мільёнаў даляраў.

Скриншот: BELPOL / YouTube
Скрыншот: BELPOL / YouTube

Як высветлілі журналісты, новы ўладальнік гэтага ўчастка ў Краснай Паляне — былы супрацоўнік Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі Аляксандр Раманоўскі.

«Тэрыторыя плошчай 9,7 га ў элітным курортным пасёлку Красная Паляна належыць ТАА „Комплекс-Інвест“. У 2021 і 2022 гадах Аляксандр Лукашэнка двума сакрэтнымі ўказамі загадаў перадаць зямлю гэтай расійскай кампаніі па цане, у 20 разоў ніжэйшай за рынкавую, высветліў BELPOL. Беларусь магла страціць на гэтай угодзе каля 100 млн даляраў. У лютым 2024 года 99,9% „Комплекс-Інвест“ купіў грамадзянін Беларусі Аляксандр Раманоўскі», — гаворыцца ў паведамленні БРЦ.

Раманоўскі — былы афіцэр аховы Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Іх можна ўбачыць разам на фатаграфіі з параду Перамогі 9 траўня 2014 года.

Нядаўна стала вядома, што праз ланцужок кампаній Раманоўскаму належыць таксама ўчастак у Абхазіі — 20 гектараў на ўзбярэжжы Чорнага мора. Улады самаабвешчанай рэспублікі перадалі яго кампаніі «Жамчужына 2010», доля Раманоўскага ў якой складае 90%. Гэта адбылося пасля візіту Лукашэнкі ў Абхазію ў верасні 2022 года.

Нагадаем, у красавіку гэтага года арганізацыя BELPOL апублікавала чарговае расследаванне пра махінацыі набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. У заблытанай гісторыі продажу беларускага ўчастка плошчай амаль 1000 сотак у расійскім Сочы выйшлі на імаверную мэту схемы: пабудову новай рэзідэнцыі Лукашэнкі. І даведаліся пра яшчэ буйнейшую схему на 526 млн даляраў прыбытку.

Злата Сонцава / «Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO