Амаль 70 гадоў таму, у лістападзе 1957 года, у вёсцы Буса Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці здарылася страшная трагедыя: падчас кінасеансу ў мясцовай школе загінулі 65 чалавек (у тым ліку 34 школьнікі). Жалобы ў краіне тады не абвяшчалі, а пісаць пра тыя падзеі пачалі толькі ў дзевяностыя гады. Расказваем падрабязнасці таго, што здарылася ў той дзень.
Трагічны лёс Бусы і праблемы з плёнкай
Лёс не песціў жыхароў вёскі Буса. У 1944-м яе спалілі нацысты: былі знішчаны 96 жылых дамоў і 192 гаспадарчыя пабудовы. На шчасце, людзі тады паспелі схавацца ў суседнім лесе. Зрэшты, 14 чалавек усё ж пагналі ў Германію, а яшчэ чатырох расстралялі. У 1954-м 17 дамоў у вёсцы згарэла ў пажары праз дзіцячае свавольства. Ды і школу, у якой адбылася трагедыя 1957-га, пабудавалі з перавезеных дамоў жыхароў вёскі Моталь, гаспадароў якіх расстралялі нацысты.
Але спаленне вёсак падчас Другой сусветнай вайны было страшнай рэальнасцю. А пасляваенныя пажары драўляных дамоў — таксама не рэдкасць. У сваю чаргу ў пажару падчас кінасеансу была свая тэхнічная перадумова — хоць, зразумела, не абышлося без збегу трагічных выпадковасцяў.
Але спачатку пра перадумовы. Фота- і кінаплёнку дзесяцігоддзямі рабілі з нітрацэлюлозы — гэта надзвычай гаручы матэрыял, падчас захоўвання якога трэба выконваць асаблівыя меры бяспекі. Яна імгненна запальваецца, а падчас гарэння такой плёнкі, акрамя моцнага полымя, выдзяляецца вельмі атрутны дым. Акрамя таго, патушыць падпаленую кінаплёнку было вельмі складана. У школах кінамеханікаў праводзілі эксперымент: запальвалі яе і кідалі ў раку ці ў вядро з вадой. Нават нягледзячы на гэта, плёнка згарала цалкам.
Таму трагедыі, звязаныя з нітрацэлюлознай плёнкай, перыядычна паўтараліся. Яна гарэла на навагоднім балі ў клубе КДБ у Мінску ў студзені 1946-га (адной з асноўных прычын таксама называюць тое, што ў памяшканні там загарэліся вата і папера) — тады загінулі дзясяткі людзей.
Падобны пажар адбыўся на цеплаходзе «Перамога» ў Чорным моры ў чэрвені 1948-га — загінула больш за 40 чалавек. Усяго ж толькі за першае паўгоддзе таго года ў СССР на кінаўстаноўках здарылася каля 100 пажараў. У 1949-м толькі ў БССР такія надзвычайныя здарэнні здараліся ў Брэсцкай (Бяроза і Брэсцкі раён) і Гродзенскай (Смаргонь і Сапоцкінскі раён) абласцях. У 1954-м — у Камянецкім і Маларыцкім раёнах Брэсцкай вобласці. Літаральна за паўгода да трагедыі ў школе Бусы, у траўні 1957-га, адбыўся пажар у Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці: плёнку фільма перавозілі аўтобусам у мяшку і паклалі яго на акумулятар. Мяшок працёрся. У выніку пачаўся пажар, у якім тры чалавекі згарэлі жыўцом, больш за 20 пацярпелі.
На той час небяспека такіх трагедый была відавочная. Таму ішла распрацоўка новых тэхналогій. У пачатку 1957-га савецкія фільмы стала магчыма друкаваць на негаручай трыацэтатнай кінастужцы. Менавіта тады, яшчэ да трагедыі, было вырашана адмовіцца ад нітрацэлюлозы (у многіх тэкстах сустракаецца памылковы факт, што гэта здарылася пасля пажару ў Бусе, але гэта не так). Але за раз замяніць усе карціны, выпушчаныя на старой плёнцы, было нерэальна.

Адным з фактараў трагедыі стала яшчэ адна акалічнасць: сфера кінаабслугоўвання (гаворка не пра буйныя гарады, а пра правінцыі) была не самай прэстыжнай. Праз нізкі заробак назіралася кадравая цякучка: напрыклад, за пяць месяцаў 1952 года ў Беларусі памянялася 500 кінамеханікаў. Людзі гэтай прафесіі, асабліва на вёсцы, злоўжывалі алкаголем, парушалі графікі паказу фільмаў, выязджалі ў іншыя вёскі, не зацверджаныя графікамі кінапаказаў, утойвалі выручку, дэманстравалі карціны ў непрыдатных памяшканнях. Акрамя таго, некаторыя кінаўстаноўкі належалі калгасам. Да іх часцяком не даходзілі матэрыялы па эксплуатацыі фільмаў і правілах бяспекі. Ды і якога-кольвек сур’ёзнага кантролю за працай калгасных кінамеханікаў не было.
Кнот у руках п’янага
Станам на 1957 год існавала забарона на дэманстрацыю фільмаў у не прыстасаваных для гэтага памяшканнях, але яго ігнаравалі. Людзям хацелася відовішчаў, а карціны ў Бусу з раённага цэнтра Іванава прывозілі два-тры разы на месяц. Улетку, калі на сеансы збіралася шмат гледачоў, паказы праходзілі ў двары школы, зімой — у самой школе.
Паводле адной версіі, тым разам указанне «круціць» кіно даў старшыня мясцовага калгаса Чваркоў, паводле іншай — неназваны загадчык клуба ў суседняй вёсцы Моладава, дзе і мусіў праходзіць сеанс.
«А ў той дзень у кінамеханіка [Рыгора Выркоўскага] нарадзілася дачка, і ён паехаў да жонкі ў радзільню, — расказваў Васіль Мядзведзеў, тагачасны памочнік кінамеханіка. — Загклуба кажа: „Нічога, хай памочнік круціць“. Выклікаў ён ездавога, пагрузілі ў падводу апаратуру і прыязджаюць да мяне. „Паехалі, — кажа, — кіно паказваць у Бусу“».
«А я ж усяго 12 дзён працаваў, яшчэ самастойна круціць кіно не мог, — працягваў Мядзведзеў. — Што рабіць, паехалі мы дадому да кінамеханіка. Я кажу: „Скажыце Грышу, калі вернецца, хай адразу едзе ў Бусу“. І сам, значыць, паехаў. Усталяваў у зале апарат, расставіў лаўкі. Тут з’явіўся кінамеханік, кажа: „…Хоць бы дзень далі з жонкай пабыць. Я ж дачкі яшчэ не бачыў! Дык не, загадваюць: круці кіно…“ Нам загклуба так і заявіў: або кіно паказвайце, або калі не, то заўтра са сваёй кішэні давядзецца плаціць за сарваны сеанс. Што тут было рабіць?»
Забягаючы наперад, скажам, што падчас сеансу Мядзведзеў стаяў на дварэ і сачыў за перасоўнай электрастанцыяй — яе, як правіла, ставілі за 10−15 метраў ад будынка (паўнавартасная электрыфікацыя ў гэтым рэгіёне яшчэ не пачалася, і патрэбная была знешняя крыніца току). Таму падчас пажару ён не пацярпеў.
Кінапаказ арганізавалі ў драўляным будынку мясцовай школы, у адным з класаў. Кінаапарат паставілі недалёка ад выхаду. Людзей у кінасферы не хапала, таму механік звычайна выконваў дзве задачы: зараджаў плёнку ў кінапраектар і адначасова прадаваў білеты — таму тэхніка, як правіла, і ставілася ля ўваходу ў імправізаваныя «залы».
На супрацьлеглым баку ад уваходу павесілі экран. Памяшканне было маленькае, разлічанае на стандартны клас, у якім магло вучыцца каля 30 чалавек, а на кінасеанс набілася каля 100 гледачоў. Дадатковы выхад (яшчэ адны дзверы, як відаць на схеме вышэй) быў закрыты.
У той дзень жыхароў вёскі клікалі на паказ фільма «Несмяротны гарнізон» 1956 года, прысвечаны Брэсцкай крэпасці і падзеям Другой сусветнай вайны. Але нечакана на экране пайшлі тытры старой карціны «Хлопец з тайгі» пра золаташукальнікаў.
«Толькі першыя кадрыкі пайшлі, як плёнка парвалася, — успамінаў мясцовы жыхар Васіль Вырвіч, якому тады было 24 гады. — Кінамеханік кажа, што трэба кагосьці па [газавую] лямпу паслаць. Электрычнасці ж тады яшчэ ў вёсцы не было. Проста вешалі газу на цвік у сцяне. А кінаапарат працаваў ад бензінавага рухавічка, які ставілі на дварэ. Карацей, кінуліся шукаць лямпу. Потым успомнілі, што яна ляжыць у скрыні пад апаратам. Павесілі мы газоўку на кручок у праёме паміж вокнамі, запалілі яе. Кінамеханік разабраўся з няспраўнасцю, і кіно пачалі круціць». Існуе і іншая версія, якую расказваў мясцовы жыхар Сцяпан Багнавец: маўляў, нейкія праблемы з лямпай узніклі яшчэ да сеансу. Тады механік узяў ровар, з’ездзіў у Моладава, узяў запасную і вярнуўся ў залу.
Урэшце кадры пайшлі, а запаленая лямпа на той момант вісела побач з праектарам. Але тут прысутныя папрасілі зменшыць яркасць газы: святло ад яе адцяняла кадры чорна-белага фільма і забівала ўсю атмасферу. Паводле адной версіі, людзі пачалі крычаць пра гэта мясцоваму жыхару, 24-гадоваму Уладзіміру Навумчыку, які стаяў ля апаратуры: «Валодзя, выключы лямпу!» Паводле іншай, кінамеханік папрасіў зменшыць яркасць лямпы Вырвіча. «А мне цяжка было да яе дацягнуцца, і я сказаў Валодзю Навумчыку, каб ён павярнуў кнот», — успамінаў той.
Так кнот апынуўся ў руках у Навумчыка — а мужчына быў п’яны. Як адзначалася ў пастанове суда, «падсудны Навумчык вечарам 12 лістапада 1957 года, перад тым як пайсці ў кіно, ужываў са сваім таварышам спіртныя напоі. У школу, дзе мусіла дэманстравацца кінакарціна, прыбыў у нецвярозым стане, пры ўваходзе ў памяшканне дапускаў азартныя дзеянні, спрабаваў у памяшканне прайсці без білета, у памяшканні размясціўся каля самай падпаленай газавай кіналямпы і кінаапарата і ў непасрэднай блізкасці адкрытых кінастужак дапускаў курэнне, а пры папярэджанні яго спыніць уступаў у спрэчкі з кінамеханікам».
Навумчык узяўся за працу, і тут лямпа сарвалася з кручка. Паводле версіі Вырвіча, яна звалілася проста на кабель — той і ўспыхнуў. У пастанове суда гаварылася, што лямпа звалілася проста на падлогу (зрэшты, кабель акурат мог там ляжаць). А вось былы дырэктар Пінскага кінапракату Аляксандр Шыманскі, які даследаваў тую трагедыю, пісаў, што газавая лямпа звалілася на стол, на якім стаяў кінапраектар, а ўжо пад ім ляжалі раскладзеныя плёнкі (фільм быў на некалькіх плёнках, і ў працэсе паказу іх трэба было мяняць).
«Кінастужка тут жа загарэлася проста на апараце. Я выхапіў з-пад сябе танкавую куртку, накрыў яго, імкнучыся патушыць агонь. А сябар мой Іван Сідорчык падняў апарат і паспрабаваў падцягнуць яго да акна. Але ці то цяжкі агрэгат аказаўся, ці то Іван спатыкнуўся, але як штурхнуў падпалены апарат, так з ім і паваліўся», — успамінаў Вырвіч.
Выратаванне адных і гібель іншых
У памяшканні былі тры вокны. Але на адным з іх павесілі кінаэкран, а два іншыя закрывала класная дошка. З адным з іх здолеў расправіцца Вырвіч: «Потым думаю, што ж я выскачыў, а брат з сястрой там засталіся. Палез назад». Забягаючы наперад: выратаваць родных ён не змог.
Другое акно выбіў на той момант 12-гадовы Васіль Багнавец. У адным з інтэрв'ю ён казаў, што зрабіў гэта сам: «Потым я павярнуўся, бачу: гарыць кінаапарат. Я, нядоўга думаючы, разбіў акно і выскачыў». У іншым — што рабіў гэта разам з іншымі: «Калі ўспыхнуў агонь, мы з двума таварышамі кінуліся да двух забітых вокнаў, якія акурат былі над апаратурай. Размалацілі іх і пачалі падсаджваць адзін аднаго».
Зрэшты, хто менавіта разбіў вокны, не так ужо важна. Больш прынцыпова, што частку людзей дзякуючы гэтаму ўдалося выратаваць.
«Абабег школу з аднаго боку, гляджу: нікога няма, ніхто не выходзіць, — расказваў Багнавец. — З іншага таксама пуста. Тады панёсся дадому. Пытаю ў мамы: „Нічыпар прыйшоў?“ — „Не“, — кажа. „А Зіна?“ — „І Зіны няма“. Я расплакаўся і расказаў, што здарылася ў кіназале. Мы разам пабеглі назад да школы. Там ужо ўсё палала, людзі кідаліся, крычалі, кагосьці цягнулі з акна. А брат мой з сястрой не ўратаваліся…»
Важную ролю ў выратаванні адыграў адзін з жыхароў, які выбіў дзверы. Паводле адной версіі, яны былі загрувашчаныя лаўкамі (хоць на схеме вышэй гэтага не відаць). Паводле іншай, у вузкіх двухстворкавых дзвярах правая частка была наглуха забітая — магчыма, так механік змагаўся з людзьмі, якія хацелі паглядзець фільм бясплатна.
У любым выпадку дзякуючы выбітым дзвярам многія вяскоўцы і змаглі выбрацца. Адным з іх быў 30-гадовы Рыгор Ільчук, які тады працаваў лесніком: «Калі пажар пачаўся, я кінуўся да дзвярэй і, памятаю, у цемры, святла ж не было, наступіў на кагосьці, нахіліўся, намацаў і падняў дзіця, кінуў яго ў акно. Потым яшчэ адно. Сам абгарэў — рукі, галава, твар. Прачнуўся ўжо ў бальніцы. Там на маіх вачах памерла дзяўчынка. Яна ляжала на падлозе, плакала, клікала маму, а потым раптам заціхла. Жонку пахавалі без мяне. Я ляжаў у бальніцы з апёкамі».
Выратаваліся яшчэ тры дзясяткі гледачоў, якія здолелі выбегчы з будынка (11 з іхатрымалі апёкі). Адзін вярнуўся ў клас праз акно па сваё дзіця — але загінуў.
Астатнія апынуліся ў іншай частцы класа, адрэзаныя ад выхаду агнём. Выбрацца яны не паспелі. «Судова-медыцынская экспертыза выявіла, што прычынай смерці былі не тэрмічныя апёкі, а атручанне сінільнай кіслатой, якая вылучалася падчас гарэння нітраплёнкі», — расказваў Леанід Зыль, на той момант — інспектар Рэспубліканскага ўпраўлення пажарнай аховы, які ўдзельнічаў у расследаванні прычын трагедыі.

Некаторыя гінулі падчас спробаў іх выратаваць. «Гляджу, хлопчык вісіць у акне, крычыць: „Матуля, ратуй, матуля, больш ніколі ў кіно хадзіць не буду. Толькі ратуй“. Я яго за рэмень штаноў схапіў, з мужыкамі пацягнулі мальца праз акно і перарвалі папалам. Памёр небарака», — расказваў Вырвіч.
«Людзі насілі ваду ў вёдрах з дзвюх калонак, якія знаходзіліся недалёка ад школы. Тых, каго выцягвалі, аблівалі вадой. Лілі ваду і ў вокны, каб людзі не мучыліся, крыкі і стогны проста раздзіралі нам сэрца! Народ крычаў: „Ліце на іх ваду, у вокны, хай яны не пакутуюць!“ Мы ўжо бачылі, што тыя, хто там застаўся, ніколі не змогуць выйсці жывымі», — казаў Васіль Багнавец.
Загінула 65 чалавек (у тым ліку 34 школьнікі) — з іх 63 былі мясцовымі, адзін з вёскі Моталь, яшчэ адзін чалавек з Пінска, якому было каля 80 гадоў.
«Ён у Бусу прыязджаў „на каханне“ да нашай мясцовай бабулькі. Яна яго і хавала», — расказваў Вырвіч. Паводле іншай версіі, мужчыну было 65 гадоў і ён прыязджаў да дачкі ў госці. Трое з тых, хто выбраўся, пазней памерлі ў бальніцы (часам сцвярджаецца, што агульная колькасць загінулых была 65+3, але ў большасці крыніц называецца агульная лічба ў 65 загінулых).
Адна з тых, хто памёр у бальніцы, — сястра Надзеі Навумчык, якая праз многія гады расказвала пра тую катастрофу: «Яна была прыціснутая да акна апаратурай, натоўпам падпаленых людзей. Людзі гарэлі і душылі адно аднаго ў гэтай бярвеністай зале, ахопленай агнём. Сястра ж крычыць у акно нашай маме: „Выратуй мяне, матуля, родненькая! Выцягні мяне!“ Мама хутка збегала па зэдлік дадому (хата знаходзілася насупраць школы) і пачала цягнуць сястрычку (акно было высока, і сястру так проста выцягнуць было складана). Маці сцягнула толькі з яе вопратку, а спіна ў сястры маёй згарае ад полымя. Схапілі яе за ручкі, выцягнулі неяк, а яна крычыць: „Абліце мяне, родненькія, я гару!“ Нечалавечы стогн… „Мама, — кажа сястрычка, — адзенне ж у мяне абгарэла, як жа я дадому пайду голая? Сорамна ж, сорамна!“ <…> Сястрычку маю забралі ў бальніцу, але выжыць ёй не было наканавана».
«Я баялася спаць. Мы тады разам спалі. Вось лягу, і мне здаецца, што я трымаюся за яе», — дадавала ў іншым інтэрв'ю Надзея.
Таксама сустракаецца інфармацыя, што сярод загінулых былі людзі, якія не пайшлі на кінасеанс, але спрабавалі выратаваць з будынка сваіх дзяцей.
Агульнае гора і ад’езд 300 чалавек
«Калі патушылі пажар, развалілі сцены і пачалі даставаць загінулых. Апазнавалі каго як. Па рэштках адзення, па ботах. У сястры маёй абгарэла галава, у брата таксама. А ад аднаго толькі і застаўся гадзіннік, які мы знайшлі ў кучы попелу. З нашай радні загінула шасцёра. У бацькі майго было два браты. Дык вось у кожнага згарэла ў той школе па двое дзяцей», — казаў Васіль Вырвіч.
Паводле яго, сярод загінулых былі і дзве сястры Уладзіміра Навумчыка, які ненаўмысна стаў вінаватым у трагедыі. У асноўным ахвярамі былі маладыя людзі: акрамя дзядулі з Пінска «двое дарослых мужыкоў загінулі — з 1912 года нараджэння, адзін — з 14-га і адзін 25-га, а астатнія з 30-га і маладзейшыя. Лідачцы Навумчык было толькі восем гадоў».
Мясцовую жыхарку Ганну Навумчык на паказ не пусцілі бацькі. Дзяўчынка пакрыўдзілася: «І тут мой маленькі брацік глядзіць у акно вялікімі такімі вачыма: „Мама, глядзі, як шпарка свеціць сонца!“ — „Якое ж сонца, сынок, — кажа нашая мама, — вечар на дварэ, зіма…“ І тут мы пачулі, што з боку школы даносяцца крыкі: „Школа гарыць! Людзі гараць!“ Я не бачыла ўсяго жаху, але ў маю памяць назаўжды ўрэзалася карцінка: абгарэлыя трупы знаёмых людзей, якія выцягваюць з гэтага пекла».
Інспектар пажарнай аховы Леанід Зыль успамінаў: «Трагедыя ў Бусе здарылася ўвечары 11 лістапада (хутчэй за ўсё, гэта агаворка: пажар здарыўся 12 лістапада. — Заўв. рэд.). Нам адразу ж патэлефанавалі, і праз 40 хвілін група з чатырох чалавек, якой трэба было ўзяць удзел у расследаванні, выехала на аўтамабілі „Перамога“ да месца здарэння. Прыехалі рана раніцай. Відовішча, вядома, было жудаснае. Каля дзвярэй і вокнаў згарэлага дома загінулыя людзі былі літаральна спрасаваныя. Яны як тоўпіліся, спрабуючы выскачыць з пакоя, так і загінулі. Дзеці, дарослыя — цэлыя сем'і».
Расследаванне доўжылася тры дні. Тамсама працавала і ўрадавая камісія. «Вядома, народ у вёсцы кляў усіх і ўсё. А калі б ім у рукі трапіўся кінамеханік ці той хлопец, які лямпу выпусціў, — забілі б абодвух. Стогн стаяў ва ўсім раёне», — успамінаў Зыль. «А потым было пахаванне, — дадаваў ён. — За ноч вырылі траншэі на могілках і хавалі па двое, па трое ў труне. Калі, да прыкладу, загінула сям’я, то іх хавалі ўсіх у адной магіле. Чараду вазоў з трунамі і завыванні баб я дагэтуль як успомню — дык мароз па скуры».
Траншэі на могілках выкапалі супрацоўнікі Пінскай рачной флатыліі, на пахаванне з гэтага ж горада прыехаў духавы аркестр. Як успамінала Ганна Навумчык, «пажар змяніў жыццё ў Бусе. Тыя, у каго згарэлі родныя, не віталіся і не размаўлялі з тымі, каго не закранула гэтая трагедыя… Людзі вар’яцелі. Адна жанчына, у якой загінула дачка, начавала на могілках… Гора было ўсеагульным… Заглушыць яго было немагчыма»"
«У дзяцінстве запісаліся такія думкі: я ўсё думала, чаму так мала людзей — на дварэ мала, у дамах мала. І неяк людзі былі як спалоханыя, што мяне ўразіла, я ж дзіцем была», — успамінала мясцовая жыхарка Ганна Куніцкая.
На дапамогу прыехалі дзясяткі (калі не сотні) людзей з суседніх вёсак. Яны зрабілі крыжы, прывозілі пацярпелым сем’ям вопратку і ежу. Дзяржава ўзяла на сябе ўсе выдаткі, звязаныя з пахаваннем, а вось жалобы ў краіне не абвяшчалі.
Суд прайшоў у снежні 1957 года ў Брэсце. Кінамеханік Выркоўскі атрымаў дзесяць гадоў папраўча-працоўнага лагера, глядач Навумчык, які выпусціў лямпу, — пяць. Старшы пажарны інспектар Прыбор — два гады папраўча-працоўнай калоніі. Старшыня калгаса Чваркоў, загадчык Іванаўскага аддзела культуры Мінкоў і загадчык аддзела раённай адукацыі Сулкоўскі — па годзе папраўча-працоўных работ на месцы працы з утрыманнем з заробку ў даход дзяржавы 25%. Старшыня мясцовага сельсавета і загадчыца школы атрымалі тры гады ўмоўна з трохгадовым выпрабавальным тэрмінам. Што да больш высокапастаўленых чыноўнікаў, то (калі вынесці за дужкі вымовы) пасады страцілі начальнік галоўнага ўпраўлення кінафікацыі і кінапракату Мінкульта БССР, намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама, намеснік начальніка абласнога ўпраўлення культуры.
Але і пасля трагедыі правілы эксплуатацыі кінапраектараў неаднаразова парушаліся, у 1960 і 1965-м у Беларусі праз гэта здараліся пажары. Канчаткова фільмы з гаручай кінастужкі канфіскавалі з пракату толькі ў 1970-я гады.
На месцы гібелі людзей у лістападзе 1957 года ўсталявалі цагляны помнік у выглядзе піраміды. На ім шэсць разоў паўтаралася прозвішча Вырвіч, сем разоў — Сідарчук, дзевяць — Навумчык. З гадамі ён пачаў разбурацца. У 2002-м на яго месцы паставілі новы — у выглядзе раскрытай кнігі з імёнамі загінулых.

У СМІ сустракаецца згадка, што толькі ў 1997-м матэрыялы справы рассакрэцілі, толькі пасля гэтага пра яе стала магчыма пісаць СМІ. Насамрэч грыф «сакрэтна» стаіць толькі на пастанове ЦК КПБ, на іншых дакументах яго не было. Але за савецкім часам жаданне журналістаў пісаць пра катастрофы не віталася. Таму перыяд маўчання пра страшны пажары скончыўся толькі ў дзевяностыя.
Як склаліся лёсы людзей, звязаных з трагедыяй? Кінамеханік Выркоўскі і глядач Навумчык пасля выхаду на волю не вярнулися ў вёску. Дакладней, апошні, калі адбыў тэрмін, прыязджаў у Бусу, але таемна. «Жонка яго потым замуж выйшла за іншага, але хлопца ніхто на той час ужо не вінаваціў у тым, што адбылося… Чалавек з’ехаў потым кудысьці ў Расію», — расказваў мясцовы жыхар. Паводле версіі іншага, «адразу пасля турмы ён прыехаў сюды ноччу, паклаў кветкі на магілу дзвюх сясцёр, якія загінулі ў той дзень, развітаўся з маці і назаўжды пераехаў у Брэст, дзе абзавёўся жонкай і пражыў да старасці».
Чваркоў працягваў працаваць старшынёй калгаса да 1983 года. Узнагароджваўся ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі. Абіраўся дэлегатам аднаго са з’ездаў Кампартыі Беларусі. Мядзведзеў, памочнік Выркоўскага, не прыцягваўся да адказнасці. Пасля трагедыі ён змяніў прафесію і пайшоў працаваць трактарыстам.
Неўзабаве пасля таго, што здарылася, з вёскі з’ехала каля трохсот чалавек: яны не змаглі жыць побач з месцам, дзе загінулі іх родныя.
Чытайце таксама


