Урад найбліжэйшым часам павысіць мінімальную зарплату да 554 рублёў. Пра гэта заявіў сёння, 30 лістапада, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падчас выступу ў парламенце. Новы памер мінімалкі пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2023 года. Раней пра такія планы заяўлялі ў Мінпрацы.

Мінімальная зарплата — гэта самы нізкі дапушчальны законам памер аплаты працы наёмнага работніка, які працуе на стаўку і выконвае абавязкі ў поўным аб’ёме.
Цяпер мінімальная зарплата складае 483 рублі 17 капеек. Апошні раз яна вырасла ў кастрычніку — на 88 капеек. У Мінпрацы не ўдакладнялі, з якіх прычынаў праіндэксавалі мінімалку за мінулы месяц. Аднак яе павелічэнне, як правіла, прывязанае да ўзроўню інфляцыі.
Нагадаем, гадавая інфляцыя ў кастрычніку склала 15,2%.