З моманту дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах прайшло вось ужо тры дні. Пры гэтым за ўвесь гэты час наконт таго, што адбылося, выказаўся толькі намеснік міністра замежных справаў Юрый Амбразевіч. Ні Міністэрства абароны, ні Савет бяспекі, ні іншыя сілавыя ведамствы сітуацыю ніяк не пракаментавалі. Аляксандр Лукашэнка таксама не сказаў з гэтай нагоды ні слова, хоць на наступны дзень пасля дыверсіі і праводзіў нараду з сілавікамі. Што азначае фактычнае маўчанне беларускіх уладаў? «Люстэрка» спытала палітычных экспертаў.
Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі адзначае, што інцыдэнт на аэрадроме — гэта тая сітуацыя, калі «дзе дым, там і полымя».
— Ёсць шэраг ускосных сведчанняў, якія паказваюць, што нейкі інцыдэнт адбыўся. Мабыць, сапраўды была атака на гэты расійскі самалёт. Бо ў наяўнасці і гэтая павышаная актыўнасць сілавікоў, якія гойсаюць і ў ваколіцах аэрадрома, і на выездзе з краіны і старанна аглядаюць людзей, — кажа эксперт. — Тое, што такое здарылася, само па сабе вельмі непрыемная для беларускіх уладаў сітуацыя. А ў такіх нестандартных выпадках яны нярэдка выкарыстоўваюць фігуры змаўчання. Лукашэнка сам неаднойчы абвяргаў усялякія нібыта фэйкі: у гэтым выпадку ён мог прывезці групу работнікаў беларускага тэлебачання, зняць, як блішчыць гэты самалёцік на сонцы, перашкодзіць распаўсюду чутак. Але гэтага зроблена не было. Пры гэтым у мінулы панядзелак у Лукашэнкі прайшла нарада, на якой ён быў вельмі змрочны, а падначаленыя стараліся не глядзець яму ў вочы, а глядзелі ў стол. То-бок, хутчэй за ўсё, сапраўды была атака на самалёт. І ў гэтым выпадку для Лукашэнкі, які часта выступае ў ролі строгага цара, гэта была настолькі пройгрышная сітуацыя, што ён не адважыўся яе пракаментаваць.
На думку Класкоўскага, улада прайграла гэтую сітуацыю ў інфармацыйным плане. А цяпер гэта «па поўнай праграме» выкарыстоўваюць палітычныя праціўнікі Лукашэнкі.
— Той жа кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў цяпер на кані і здымае вяршкі з гэтай сітуацыі. Яго структуры даволі шмат крытыкаваліся апошнім часам за тое, ці не з’яўляецца план «Перамога» мыльнай бурбалкай. І вось цяпер, здаецца, з’явіўся доказ таго, што ў рамках плана беларускія партызаны дзейнічаюць паспяхова, — кажа эксперт. — Як бы Лукашэнка, яго падначаленыя або прапаганда ні пачалі трактаваць гэтую сітуацыю, гэта будзе пройгрышны для ўлады сцэнар. Таму што калі браць вонкавы контур адносін з Расіяй, то Лукашэнка ў ролі саюзніка схібіў. Ён заўсёды сябе выстаўляў такім надзейным партнёрам і саюзнікам. Гэта было ў яго адмазкай ад пасылання сваіх вайскоўцаў ва Украіну ваяваць. Маўляў, «мы ж тыл трымаем надзейна». А тут аказваецца, што і ў тыле ён не можа забяспечыць парадак.
Другі ўдар, на думку Класкоўскага, сітуацыя ў Мачулішчах наносіць унутранай палітыцы. На думку эксперта, яна разбівае прапагандысцкі міф пра выспачку стабільнасці.
— Вакол бушуе вайна, усе звар’яцелі, як часта Лукашэнка любіць гаварыць. І тут толькі дзякуючы мудраму правадыру мірнае неба над галавой і гэтак далей. Вось такі канцэпт і прасоўвала прапаганда. А тут атрымліваецца, што вайна ўжо пастукалася ў нашае акенца, прыйшла і ў беларускі дом. Сёння гэта адбылося ў Мачулішчах, а заўтра можа рвануць у іншым месцы. Няўтульна, вядома, робіцца і людзям у пагонах. І я думаю, што нават самому Лукашэнку, бо калі ўдалася атака ў Мачулішчах, то чаму не можа атрымацца дзе-небудзь яшчэ? Думаю, нават у плане асабістай бяспекі Лукашэнку не надта прыемна ўсё гэта ўсведамляць. Мне здаецца, што ўлады знаходзяцца ў ступары з гэтых прычын. Такія рэчы, як інцыдэнт з самалётам, безумоўна, мусіць прамаўляць першая асоба дзяржавы, але ён маўчыць. Мабыць, думае, як яму гэта падаць ці ўвогуле спусціць сітуацыю на тармазах. Таму што, яшчэ раз падкрэслю, як гэта ні трактуй, у любым выпадку акажацца, што ўлады зняславіліся і селі ў лужыну, а іх прапагандысцкая карціна свету бурыцца.
У той жа час палітолаг Валерый Карбалевіч згодны, што беларускім уладам сітуацыя з самалётам у Мачулішчах вельмі непрыемная, бо тое, што здарылася, разбурае некалькі базавых міфалагем, якія Лукашэнка навязвае грамадству.
— Міфалагема, што Беларусь — гэта выспа стабільнасці ў асяроддзі хаосу. І тут у самым цэнтры дзяржавы, недалёка ад сталіцы, адбываецца напад на вайсковы аб’ект. Гэта трохі разбурае ўсю гэтую канцэпцыю, — каментуе эксперт.
Карбалевіч дадае, што з пачатку вайны ў Беларусі цэлы год праходзілі розныя мерапрыемствы ваеннага характару. Палітолаг называе гэта «мабілізацыйнай ліхаманкай».
— Былі пастаянныя вучэнні, праверкі баявой гатоўнасці, пастаянныя перамяшчэнні вайсковых частак на поўдзень да ўкраінскай мяжы і назад. Ствараліся «тэрытарыяльная абарона», народнае апалчэнне, супрацоўнікаў МНС узбройвалі пісталетамі. І на фоне гэтага ўсяго раптам аказваецца, што ўся вайсковая машына абсалютна бездапаможная. Дарэчы, узнікае пытанне і пра беларускую супрацьпаветраную абарону: дзе яна? У Расіі і Беларусі яна адзіная. І вось, таксама аказалася бездапаможнай, — кажа Карбалевіч. — Лукашэнка даваў вайсковыя абавязанні і гарантыі бяспекі Крамлю. Ён мог казаць, што расійскія войскі, аб’екты, ваенная тэхніка на тэрыторыі нашай краіны могуць спакойна існаваць, гарантаваў бяспеку. А тут здарыўся такі напад. Усё гэта вельмі непрыемна для ўлады, і таму яна аддала перавагу таму, каб зрабіць выгляд, што нічога не было.
Чытайце таксама


