Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка расказаў, што будзе з аўтадарогамі, на рэканструкцыю якіх улады разлічвалі атрымаць грошы ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Гаворка пра $ 900 млн, паведамляе АНТ.
Раман Галоўчанка, расказваючы пра інвестыцыйныя праекты рэгіёнаў (у кожным раёне запланавалі па адным праекце), паведаміў, што на іх рэалізацыю спатрэбіцца амаль 5,5 мільярда рублёў. Фінансаваць праекты збіраюцца «за кошт унутраных інвестыцый».
Пасля гэтага прэм’ер загаварыў пра рэканструкцыю дарог.
«А я нагадаю, што нашыя заходнія партнёры, якія парушылі свае кантрактныя абавязанні па тых кантрактах і пагадненнях, якія яны падпісалі з урадам па фінансаванні праектаў. А гэта ні многа ні мала 900 мільёнаў даляраў. І частка з іх была кінутая проста, — удакладніў Раман Галоўчанка. — Ну добра там, дзе не пачалі. Напрыклад, некалькі дарог у нас было спланавана з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Яны іх не пачалі. А былі праекты, якія пачалі і кінулі. Яны ж не могуць прастойваць. Таму, нягледзячы на ўсе складанасці мінулага года і санкцыі, урад адшукаў з дапамогай прэзідэнта рэсурсы для таго, каб іх завяршыць».
Нагадаем, у 2021 годзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) адмовіўся ад працы ў Беларусі (за выключэннем прыватнага сектара). Гэты банк фінансаваў рэканструкцыю некаторых дарог і мастоў у нашай краіне. Сярод праектаў — рэканструкцыя аўтадарогі М-3. На работы на гэтай аўтамагістралі красавіцкім рашэннем урада вылучылі 47 млн рублёў. На рамонт мясцовых аўтамабільных дарог Саўмін дадаткова вылучыў з рэспубліканскага бюджэту 50 млн рублёў. Больш за ўсё грошай накіруюць Мінскай і Віцебскай абласцям — амаль 11,2 млн і 9,2 млн рублёў адпаведна.
У гэтай сітуацыі ўрад Беларусі быў вымушаны павялічваць выдаткі дзяржбюджэту на будаўніцтва і рэканструкцыю рэспубліканскіх аўтадарог.