Уладзімір Пуцін пахваліўся, што Масква рэгулярна даруе афрыканскім краінам даўгі. Нядаўна такую падтрымку атрымала Самалі, якой Расія даравала крэдыты на суму каля 8 млн даляраў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на частыя візіты да прэзідэнта Расіі, апошнім часам такіх саступак не дабіваўся. Прынамсі, публічна пра гэта не заяўлялася. Спыталі экспертаў, чаму Масква не даруе даўгоў Мінску.
«Крэмль разумее, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма іншага выйсця»
Беларусь — найбуйнейшы даўжнік Расіі. Аляксандр Лукашэнка ўспрымаецца як самы блізкі паплечнік Уладзіміра Пуціна. Тым не менш апошні нядаўна заявіў пра дараванне чарговых даўгоў далёкай краіне Самалі, а не суседняй Беларусі. Хоць Аляксандр Лукашэнка рэгулярна наведваецца ў Маскву, дзе ў тым ліку падымае фінансавыя пытанні, якія маглі б палегчыць пазыковы цяжар беларускага ўрада. Таму, што Мінск не атрымлівае разавай фінансавай падтрымкі, здольнай знізіць залежнасць ад Расіі, ёсць некалькі тлумачэнняў.
Эканаміст, акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі адзначае, што Масква зыходзіць у тым ліку з прынцыпу канкурэнтнасці. Ён кажа, што ва ўзаемаадносінах Расіі і краін Афрыкі яна хоча мець іх у якасці сяброў, палепшыць адносіны з імі. Пры гэтым у Крамлі памятаюць, што гэтыя краіны пры жаданні могуць пераключыцца на іншых саюзнікаў — Францыю, Англію, Германію, ЗША ці больш багатыя афрыканскія дзяржавы. Значыць, у гэтым выпадку Расія канкуруе за лаяльнасць краін, якім даруе крэдыты, з іншымі дзяржавамі.
— У выпадку Беларусі ніякай канкурэнцыі няма, — тлумачыць эканаміст. — Раней прыкладна такой палітыкі прытрымліваўся Аляксандр Лукашэнка: ён бегаў паміж ЕС і Расіяй і выгандлёўваў для Беларусі добрыя ўгоды, бо кожны бок ведаў: калі што, ён можа пабегчы ў іншы бок. А цяпер ён не можа гэта зрабіць. Ён сам свядома ўсё больш абразае кантакты з Захадам — ніякіх перамоваў, крокаў добрай волі, выпускання палітвязняў ці хаця б паляпшэння сітуацыі на мяжы з Польшчай не адбываецца. Такім чынам, Крэмль разумее, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма іншага выйсця. А калі яго няма, то і канкураваць за яго ўвагу, лаяльнасць абсалютна не трэба. У гэтым плане можна ніякіх асаблівых плюшак не даваць.
Тым не менш, падкрэслівае эканаміст, Мінск атрымлівае пэўныя бонусы і падтрымку з боку Масквы. Галоўнай прычынай гэтага ён называе інтарэсы Уладзіміра Пуціна, у тым ліку той, што заключаецца ў захаванні рэжыму Лукашэнкі. Так, летась Масква дала Мінску адтэрміноўку ў выплаце крэдыту, лагістычныя магутнасці РФ для экспарту беларускіх тавараў у трэція краіны, адкрыла доступ на расійскі рынак. Усё гэта робіцца для падтрымання Мінскам штаноў і стабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, адзначае Леў Львоўскі.
— Рабіць так, каб у нас сітуацыя была лепшая, чым у Расіі, Уладзіміру Пуціну не трэба. Як і не трэба ні з кім канкураваць, бо Аляксандр Лукашэнка нікуды не падзенецца, — працягвае эксперт. — У эканамічным плане адзін з метадаў памацаць суверэнітэт — гэта якраз паглядзець на такія ўзаемаадносіны паміж краінамі. «Гандаль» суверэнітэтам у эканамічным сэнсе азначае, што ёсць шмат патэнцыйных «пакупнікоў», вы можаце бегаць ад аднаго да іншага і «гандляваць» правам голасу ў ААН ці чымсьці яшчэ. У гэтым сэнсе Беларусь страціла значную долю свайго суверэнітэту, бо іншых пакупнікоў, акрамя Расійскай Федэрацыі больш няма. Сказаць «Уладзімір Пуцін, ты даеш 2 млрд — гэта мала і мы пабяжым у Брусэль і папросім там 3 млрд» ужо не атрымліваецца.
«Масква можа змушаць беларускага партнёра ісці на пэўныя саступкі»
Палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі вылучае тры важныя моманты ў гэтым пытанні. Беларусь нельга параўноўваць з афрыканскімі краінамі па ўзроўні эканамічнага развіцця і стане эканомікі.
— Што тычыцца афрыканскіх краін, у прыватнасці Самалі, якой даравалі пэўную суму, то іх многія называют failed states (дзяржава, якая не ў стане падтрымліваць сваё існаванне ў якасці жыццяздольнай палітычнай і эканамічнай адзінкі. — Заўв. рэд.). У выпадку Беларусі пра гэта мы не можам весці гаворку. Так, беларуская эканоміка не ў бліскучым стане, санкцыі па ёй ударылі даволі балюча. Але ж сёлета пачаўся аднаўленчы рост. І ўвогуле ў нас усё ж не афрыканскі ўзровень развіцця эканомікі, — тлумачыць аналітык.
Другі момант: Мінск атрымлівае ад Масквы даволі істотны аб’ём падтрымкі. Гэта і нізкія цэны на энергарэсурсы, і зніжкі на паслугі перавозкі грузаў чыгуначным транспартам па тэрыторыі Расіі, і кампенсацыя за падатковы манеўр РФ, і рознага кшталту субсідыі.
— Расія дае Беларусі цэлы букет усялякіх прэферэнцый. Ёсць і льготы ў галіне крэдытавання. Шмат гадоў ужываецца механізм рэфінансавання запазычанасці: Расія давала новыя крэдыты, каб Беларусь разлічылася з ранейшымі. А летась быў увогуле ўжыты механізм рэструктурызацыі запазычанасці, то-бок тэрмін выплаты шэрагу беларускіх крэдытаў перанеслі на пазнейшыя тэрміны.
А трэці момант тлумачыць прычыны і мэты абранага Масквой фармату падтрымкі Беларусі. Ён выкарыстоўваецца Крамлём як механізм уплыву, кантролю і ўздзеяння.
— Крэдыты — гэта пятля. Каб Расія давала адтэрміноўкі, рэфінансаванне і іншыя льготы, то беларускі партнёр ці хаўруснік мусіць сябе паводзіць так, як хацела бы Масква, — тлумачыць эксперт. — Такім чынам (абіраючы пэўныя метады фінансавай і эканамічнай падтрымкай. — Заўв. рэд.) яна можа маніпуляваць паводзінамі, прымушаць беларускага партнёра ісці на пэўныя саступкі.
Збольшага гэта пацвярджае падыход да самога крэдытавання: Расія аддае перавагу таму, каб кантраляваць, як гэтыя сродкі выдаткоўваюцца. У прыватнасці, так было з крэдытаваннем імпартазамяшчальных праграм: сродкі вылучаліся часткамі пад канкрэтныя праекты.
— Гэта яшчэ болей прывязвае Аляксандра Лукашэнку да Масквы, прымушае яго падпісваць 28 саюзных праграм. Урэшце залежнасць стала такой каласальнай, што Масква нават увяла сюды свае войскі, напала на Украіну з беларускай тэрыторыі, спіхнула ПВК Вагнера ў Беларусь. То-бок яна фактычна можа гаспадарыць у значнай ступені на беларускай тэрыторыі, дзякуючы ў тым ліку таму, што ёсць гэтая крэдытная залежнасць.