Двое грамадзян Беларусі і адзін грамадзянін Расіі былі выправаджаныя з Балгарыі праз «пагрозу нацбяспецы краіны». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнага агенцтва нацыянальнай бяспекі Балгарыі.
Дзяржаўнае агенцтва нацбяспекі Балгарыі паведаміла, што два беларусы і адзін расіянін выправаджаныя з краіны, а таксама пазбаўленыя права на пражыванне і ўезд у Балгарыю тэрмінам на пяць гадоў.
«Мерапрыемствы былі ўведзеныя ў сувязі з іх дзейнасцю, скіраванай супраць нацыянальнай бяспекі і інтарэсаў Рэспублікі Балгарыя», — паведамляе ведамства.
Адзначаецца, што вышэйзгаданыя асобы «звязаныя з рэалізацыяй розных элементаў гібрыднай стратэгіі Расійскай Федэрацыі ў мэтаскіраваным уплыве на грамадска-палітычныя працэсы ў Рэспубліцы Балгарыя на карысць расійскіх геапалітычных інтарэсаў».
Як заявіла амбасада Расіі ў Балгарыі, адхін з іх — святар Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), настаяцель Двара Маскоўскага патрыярхату ў Сафіі архімандрыт Васіян (свецкае імя — Мікалай Змееў), які раней быў прадстаўніком патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім экзархаце.
Два іншыя служылі ў храме Святога Мікалая Мірлікійскага. У мясцовых СМІ назвалі іх імёны — протаіерэй Яўген Павяльчук і Уладзімір Банько.
Павяльчук вядомы тым, што, служачы ў Гродзенскай епархіі, адказваў за ўзаемадзеянне з беларускім войскам.