Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Ситуация в обменниках за последнюю неделю снова изменилась. Тем, кому надо сдать доллары, это вряд ли понравится
  2. В Кремле опять обвинили Литву в русофобии и активно продвигают нарративы, отрицающие ее суверенитет, — эксперты порассуждали, для чего
  3. «Мне кажется, это что-то жуткое». Как в Заславле чиновники поздравили 103-летнего лежачего ветерана
  4. Доллар успел подешеветь в короткую неделю: чего ждать от курсов в начале мая? Прогноз по валютам
  5. Сначала — заморозки, потом — грозы. Синоптик рассказал о погоде на неделю
  6. Што агульнага паміж сярэднявечнымі таемнымі суполкамі, Бэтменам і «Кіберпартызанамі»? Расказваем пра вігілантаў — народных мсціўцаў
  7. С 1 сентября в школах вводят запрет на мобильные телефоны
  8. «Я больше не хочу оглядываться на то, что было». Протасевич записался на курсы в новой для себя сфере
Читать по-русски


У канцы гэтага лета Беларусь канчаткова засталася без польскага амбасадара. Артур Міхальскі, які працаваў на гэтай пасадзе з 2018 года, пакінуў Мінск яшчэ ў кастрычніку 2020 года. Тады на хвалі паслявыбарчых пратэстаў беларускае МЗС папрасіла яго з’ехаць у Варшаву для кансультацый. Цяпер Міхальскі — спецыяльны прадстаўнік міністра замежных справаў Польшчы па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. «Люстэрка» паразмаўляла з польскім дыпламатам пра тое, ці гатовая Польшча прызнаць пашпарты Новай Беларусі, ці ёсць надзея на вызваленне Андрэя Пачобута і як палякі ставяцца да беларусаў.

Спецпредставитель министра иностранных дел Польши по сотрудничеству с демсилами Беларуси Артур Михальский, Минск, 10 декабря 2018 года. Фото: TUT.BY
Спецпрадстаўнік міністра замежных справаў Польшчы па супрацоўніцтве з дэмсіламі Беларусі Артур Міхальскі, Мінск, 10 снежня 2018 года. Фота: TUT.BY

Артур Міхальскі, 61 год. Амбасадар Польшчы ў Беларусі з 2018 да 2023 года. Быў вымушаны пакінуць Беларусь 5 кастрычніка 2020 года на патрабаванне беларускага боку, але да канца жніўня 2023 года выконваў свае абавязкі, знаходзячыся ў Польшчы. 11 верасня гэтага года прызначаны спецыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

«Працоўныя кантакты з беларускім МЗС захоўваюцца»

— Вы працавалі амбасадарам Польшчы ў Мінску, цяпер вас прызначылі спецыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. З чым звязаная змена пасады?

— Была такая неабходнасць. Я працаваў амбасадарам ужо больш за 5 гадоў, пры гэтым з кастрычніка 2020 года я выконваў свае абавязкі, знаходзячыся ў Польшчы. То-бок больш за два гады я не быў у Беларусі. Гэта даволі незвычайная сітуацыя, і ў нейкі момант яна мусіла скончыцца. Прызначэнне прадстаўніка міністра замежных справаў па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі коламі — гэта крок, сцэнар якога напісала жыццё. Як мы ўсе добра ведаем, вельмі шмат беларусаў цяпер з’ехала са сваёй краіны праз рэпрэсіі. Большасць з іх знаходзіцца ў Польшчы і Літве. І сярод гэтых беларусаў ёсць шмат людзей, якія вельмі актыўныя ў сацыяльным, культурным і палітычным плане. Гэта людзі, якія хочуць заставацца беларусамі, якія мараць пра свабодную і дэмакратычную радзіму. І мне здаецца, што падтрымліваць цесныя кантакты з такімі людзьмі цалкам натуральна.

— Якімі будуць вашыя новыя паўнамоцтвы і абавязкі?

— Перш за ўсё — цеснае супрацоўніцтва з дэмакратычнымі коламі. Гэта ўдзел у розных мерапрыемствах, якія яны праводзяць у вольным свеце з нагоды Беларусі. Гэта таксама прыслухоўванне да патрэбаў беларускай дыяспары і дапамога ў вырашэнні нейкіх праблем.

Мы ведаем, што жыццё ў выгнанні нялёгкае, і Польшча зрабіла, як мне здаецца, вельмі шмат для таго, каб беларусы адчувалі сябе тут добра. Заўсёды ўзнікаюць новыя выклікі, і мне здаецца, што на іх варта звяртаць увагу іншых дзяржаўных інстытутаў. Я буду чалавекам, які паспрабуе дапамагчы вырашыць праблемы беларускай дыяспары ў выгнанні. У нейкай ступені гэта будзе часткай маёй працы.

Артур Михальский и Светлана Тихановская в Кракове, Польша, август 2023 года. Фото пресс-службы Светланы Тихановской
Артур Міхальскі і Святлана Ціханоўская ў Кракаве, Польшча, жнівень 2023 года. Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

— На якім узроўні цяпер знаходзяцца кантакты з афіцыйнымі беларускімі ўладамі?

— Мы пастаянна падтрымліваем дыпламатычныя адносіны. У нас ёсць амбасада ў Мінску, ёсць генеральныя консульствы ў Гродне і Брэсце. Вашыя чытачы ведаюць, што восенню 2020 года на просьбу беларускага боку я быў вымушаны з’ехаць з вашай краіны. Таксама нас папрасілі вельмі моцна скараціць персанал дыпламатычнай місіі. Але, нягледзячы на гэта, мы ўвесь час знаходзімся ў Беларусі, і, вядома, працоўныя кантакты з беларускім Міністэрствам замежных справаў захоўваюцца. Гэтак жа, як і тут, у Варшаве, працягвае працу беларуская амбасада, часовы павераны ў справах Беларусі падтрымлівае кантакты з МЗС Польшчы.

«У Польшчы існуе глыбокае перакананне, што мы мусім максімальна дапамагчы беларусам»

— Вы сказалі, што ў Польшчы жыве шмат беларусаў. Ці ёсць у польскага МЗС дакладная інфармацыя пра колькасць нашых грамадзян у вашай краіне?

— МЗС — гэта не тая структура, якая займаецца падлікам беларусаў, мы выкарыстоўваем звесткі іншых дзяржаўных установаў. Ацэначная колькасць — каля 300 тысяч беларусаў цяпер жыве ў Польшчы. Думаю, гэта больш-менш рэальная колькасць.

— 15 кастрычніка ў Польшчы пройдуць парламенцкія выбары. Ці можа тэарэтычная перамога апазіцыі прывесці да змены палітыкі Варшавы ў дачыненні да Лукашэнкі і тых беларусаў, якія жывуць у вашай краіне?

— У Польшчы існуе даўні кансэнсус і разуменне што да беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду. І ўрад, і асноўныя апазіцыйныя сілы прытрымліваюцца адной і той жа пазіцыі: Польшча мае патрэбу ў вольнай, дэмакратычнай, незалежнай беларускай дзяржаве. Абавязак Польшчы як суседняй краіны палягае таксама на тым, каб дапамагчы беларусам, якія былі вымушаныя эміграваць.

— Таксама ёсць кансэнсус па Украіне, але мы бачым, што на мінулым тыдні адбыўся канфлікт праз пастаўкі збожжа і зброі. Калі такое здараецца ў дачыненні да найбліжэйшых саюзнікаў, то ці не адбудзецца нешта падобнае ў дачыненні да беларусаў?

— Мне здаецца, важна адрозніваць нейкія імгненныя абмены думкамі ў медыя і рэальныя адносіны. Польшча заўсёды ўдзельнічала ў дапамозе Украіне і ўвесь час падтрымлівала яе. І я не думаю, што беларусам варта пра нешта непакоіцца.

— Польшча стварыла вельмі добрыя ўмовы для беларусаў, вымушаных прыехаць у вашую краіну, — можна атрымаць трохгадовы від на жыхарства з гуманітарных меркаванняў, да канца года бясплатна выдаюць праязны дакумент замежніка, які замяняе пашпарт. Ці можна разлічваць на падаўжэнне ільготных умоваў пасля завяршэння тэрміну іх дзеяння?

— Бывае, што часовыя абмежаванні на выдачу тых ці іншых дакументаў наўпрост вынікаюць з законаў і падзаконных актаў. Гэта не будзе падаўжацца. Проста часам некаторыя дакументы, напрыклад пашпарт для замежніка, можна выдаць толькі на год, бо ў ім няма біяметрычных дадзеных. Але па заканчэнні года вы можаце зноў падаць заяву на атрыманне новага пашпарта.

У Польшчы, як я ўжо сказаў, існуе глыбокае перакананне, што мы мусім максімальна дапамагчы беларусам у адпаведнасці з законам і нашымі магчымасцямі. Напрыклад, мы выдаём пашпарты замежнікаў бясплатна да канца года. Але, думаю, калі нешта заканчваецца ў сілу патрабаванняў заканадаўства, то не будзе ніякіх перашкод для таго, каб гэта працягнуць.

— Што да тых беларусаў, якія застаюцца ў Беларусі — у турмах ці проста жывуць ва ўмовах дыктатуры, — ці ёсць у польскай дыпламатыі нейкі план дапамогі ім?

— Мы з самага пачатку выказваем салідарнасць з палітвязнямі, на ўсіх магчымых форумах патрабуем іх вызвалення. Мы працуем у гэтым кірунку. Але мне здаецца, што вырашальным заўсёды будзе голас і рашучасць беларускага грамадства, а таксама дзеянні беларусаў, якія цяпер знаходзяцца за межамі краіны. Мы ўсе ведаем, якая сітуацыя, але не перастаём і не перастанем патрабаваць і ціснуць на беларускі бок, каб ён вызваліў усіх палітычных зняволеных.

— Ці гатовая Польшча дапамагчы з атрыманнем віду на жыхарства тым беларусам, у якіх скончыцца тэрмін дзеяння пашпарта і якія не могуць атрымаць новы дакумент праз рызыку вяртання ў Беларусь?

— Гэтая праблема не ўваходзіць у кампетэнцыю МЗС і патрабуе асэнсавання з юрыдычнага боку. Як я ўжо сказаў, ёсць пэўная адкрытасць і палітычная воля дапамагчы беларусам. Аднак у цяперашні момант я не магу сказаць, як гэта будзе зроблена, якімі сродкамі. Гэта адна з тэмаў, якую польскі бок усведамляе і будзе шукаць нейкае рашэнне.

— Дарадцы Святланы Ціханоўскай казалі, што ўжо ёсць папярэдняя дамоўленасць з дзвюма краінамі наконт прызнання пашпартоў Новай Беларусі. Адна з іх — Польшча?

— Калі яны кажуць пра дасягненне дамоўленасцяў з дзвюма краінамі, але не называюць іх, то хай гэта так і застаецца. Я думаю, што гэта вельмі важная ініцыятыва, хоць і складаная ў юрыдычным сэнсе. Сапраўды вельмі складаная. І мы паглядзім, як будуць развівацца падзеі.

«У Беларусь варта прыехаць, калі сітуацыя нарэшце нармалізуецца»

— Раскажыце, як вам працавалася ў Беларусі і ці чакалі вы, што вам трэба будзе з’ехаць раней, чым скончацца паўнамоцтвы.

— Вельмі добра працавалася, бо беларусы і палякі блізкія адно аднаму. Я пачаў у 2018 годзе і цягам двух гадоў да восені 2020-га бачыў, як беларусы прыязна ставяцца да палякаў. Гэта быў перыяд так званай адноснай лібералізацыі. Было шмат незалежных інстытутаў, да якіх ставіліся памяркоўна. У тым ліку былі СМІ, якія, вядома, не мелі такіх магчымасцяў, як дзяржаўныя, але тым не менш працаваў TUT.BY, які быў крыніцай сур’ёзнай інфармацыі.

За час гэтай адноснай лібералізацыі мы паспелі, як мне здаецца, зрабіць шмат цікавага. Я б агучыў тэзіс пра тое, што калі ніхто не перашкаджае, то палякі і беларусы здольныя натуральным і непасрэдным чынам завязваць вельмі добрыя стасункі паміж людзьмі. Гэта можна назіраць і тут, у эміграцыі. Я ў свой час параўноўваў гэты працэс з травой — калі ёй не перашкаджаць, то яна вельмі хутка расце. Паміж палякамі і беларусамі ёсць такі велізарны патэнцыял прыязнасці і добрасуседства, што ў Мінску мне было вельмі прыемна працаваць. Вядома, цяпер сітуацыя проста жудасная.

— Якія месцы ў Мінску і ў цэлым у Беларусі вы паспелі палюбіць?

— Мне запомніліся тэатр Янкі Купалы, сквер каля яго, стары горад, кафедральныя саборы (каталіцкі і праваслаўны), Чырвоны касцёл, помнік Адаму Міцкевічу, прагулкі ўздоўж Свіслачы. У Мінску шмат чароўных месцаў, якія мне падабаюцца.

Я шмат падарожнічаў па Беларусі, пачынаючы з паўночнага ўсходу, Віцебска, праз азёрны край і да Мёраў. Вядома, шмат падарожнічаў па Гродзеншчыне, што натуральна, бо мы заўсёды павінныя памятаць, што ў Беларусі ёсць вельмі вялікая польская меншасць, якая цяпер пакутуе, як і ўвесь беларускі народ. Яна — неад’емная частка беларускага грамадства.

Таксама Гродна — вядома, гэты горад я вельмі цёпла ўспамінаю, як і Ліду, Пінск, Нясвіж. Гэта прыгожыя месцы, дарагія беларусам. Адным словам, у Беларусь варта прыехаць, калі сітуацыя нарэшце нармалізуецца.

«Не трацім надзеі на вызваленне Пачобута»

— Якой была роля амбасады Польшчы і польскага МЗС у перамовах наконт вызвалення прадстаўнікоў Саюза палякаў у Беларусі?

— Я думаю, нам яшчэ трэба крыху пачакаць, пакуль гаварыць пра гэта бессэнсоўна. Трэба прымаць меры па вызваленні наступных палітвязняў, бо, як я ўжо сказаў, нашая мэта — прыняць меры па вызваленні ўсіх палітвязняў, усіх разам і кожнага паасобку. Таму, напэўна, пакуль рана пра гэта гаварыць. У нас такі партнёр па перамовах, які ёсць.

— Польшча паслала Беларусі выразны сігнал — закрытыя памежныя пункты пропуску будуць адкрытыя на наступны дзень пасля вызвалення Андрэя Пачобута, але рэакцыі не было. Гэта тупік ці шанец яшчэ ёсць?

— Мы ніколі не страцім надзеі як на вызваленне Андрэя Пачобута, так і на вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Тое, што адбываецца, непрымальнае для Еўропы XXI стагоддзя. Гэтыя людзі сядзяць у турмах за тое, што хочуць свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Яны героі, несправядліва асуджаныя, і мы не будзем пераставаць дзейнічаць для іх вызвалення і будзем заўсёды спадзявацца, што гэта адбудзецца.

— У беларускіх турмах таксама знаходзяцца людзі, якіх асудзілі за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат», што ўваходзіць у структуру польскага грамадскага тэлебачання. Ці адчувае Польшча маральны абавязак спрыяць іх вызваленню нароўні з актывістамі Саюза палякаў у Беларусі?

— Вядома, так. Як я ўжо сказаў, мы патрабуем вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Вядома, людзі, якіх вы згадалі, асабліва звязаныя з Польшчай, таму для нас відавочна, што мы часта згадваем іх. Але гаворка ідзе пра вызваленне ўсіх.

Артур Михальский (второй справа) в компании Светланы Тихановской и ее советников Дениса Кучинского (слева) и Франака Вячорки. Краков, Польша, август 2023 года. Фото пресс-службы Светланы Тихановской
Артур Міхальскі (другі справа) у кампаніі Святланы Ціханоўскай і яе дарадцаў Дзяніса Кучынскага (злева) і Франка Вячоркі. Кракаў, Польшча, жнівень 2023 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

«Дух сталінізму і рускай імперскасці»

— Як вы ўспрымаеце тую антыпольскую хвалю, якую паднялі беларускія ўлады. Руйнуюцца польскія помнікі і магілы, 17 верасня — дзень нападу Савецкага Саюза на Польшчу ў 1939 годзе — прызнаны дзяржаўным святам. Нядаўна і мастацкі фільм пра гэта знялі.

— Гэта абсалютна недружалюбная палітыка ў дачыненні да палякаў, абсалютна безадказная і не адпаведная духу польска-беларускага суседства. Знішчэнне могілак мы лічым актам варварства. Мы заяўлялі пратэст супраць гэтага, і мы цвёрда верым, што прыйдзе час, калі мы разам адновім усе гэтыя мемарыялы. Таму што трэба мець хаця б элементарную павагу да сваіх продкаў і гісторыі.

Адбываюцца страшныя рэчы, ад якіх вее духам сталінізму і рускай імперскасці. Гэтая антыпольская кампанія вельмі шкодная. Але я глыбока перакананы, што пераважная большасць беларусаў разумее, дзе праўда, і я шчыра спадзяюся, што, магчыма, не ўсе, але значная частка беларускага грамадства ўжо неўспрымальная да той страшнай і ілжывай прапаганды, якая льецца на іх кожны дзень.

— Ці не ўздзейнічае гэта і на палякаў, якія могуць убачыць інфармацыю пра чарговае руйнаванне польскіх магіл і пачаць вінаваціць у гэтым усіх беларусаў?

 — Думаю, што не. Пераважная большасць палякаў выдатна разумее, што адно — гэта рэжым, які кіруе ў Мінску, а іншае — беларускі народ. У нас таксама быў досвед жыцця, напрыклад, за камуністычнай сістэмай, якая была аўтарытарнай, таталітарнай. І мы таксама бачылі, што існуе глыбокая розніца паміж тым, што кажа камуністычная ўлада, і тым, што адчувае грамадства.

Мой досвед зносін з беларусамі заўсёды быў станоўчым. Я не адчуваў ніякай варожасці, наадварот, толькі добразычлівасць і разуменне важнасці нашага суседства.

— Як вы ўяўляеце сабе сваё вяртанне ў Беларусь? Што будзеце рабіць у першую чаргу, калі прыедзеце ў Мінск?

— Я не спадзяюся, што вярнуся найбліжэйшым часам. Але я заўсёды кажу на публіцы, што ў Беларусі адбудуцца вельмі сур’ёзныя змены, і тады, вядома, я з вялікім задавальненнем прыеду і прайдуся гэтымі вуліцамі, пра якія мы ўжо казалі. У Мінску я б сустрэўся са старымі сябрамі, але перш за ўсё я б хацеў сустрэцца з тымі, хто выйдзе з турмаў. Гэта абсалютна неабходная ўмова, пра якую ніхто не мусіць забываць, — палітвязням трэба дапамагаць і рабіць жэсты салідарнасці.

Вядома, гэта перш за ўсё справа саміх беларусаў, бо ў турмах знаходзяцца вашыя сябры, вашыя сваякі. Такія жэсты салідарнасці павінныя перш за ўсё ісці з боку саміх беларусаў. І мы бачым такія жэсты. Мы ведаем, што ў самой Беларусі праз тэрор і страх вельмі цяжка што-небудзь зрабіць, але бачым, як беларусы, што знаходзяцца ў эміграцыі, арганізуюць розныя акцыі ў памяць пра палітвязняў і з патрабаваннем іх вызвалення.

Чытайце таксама