Аляксандр Лукашэнка назваў «дуратой» словы кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Жазепа Барэля пра тое, што Еўропе трэба рыхтавацца да зацяжнога канфлікту з Расіяй, паведамляе яго прэс-служба.
«Разганяецца ўжо тэма, што Барэль казаў у Еўрасаюзе, што ледзь не Расія збіраецца напасці на NATO. То-бок зараз з Украінай разбяромся…» — задалі пытанне Лукашэнку.
«Гэта дурата. Гэта чалавек дурны проста. Ён да палітыкі не мае ніякага дачынення. Калі б ён разумны быў, ён бы падумаў так, па-гаспадарску: нам з Расіяй дай бог з гэтымі праблемамі разабрацца. Мы што, на гэтыя праблемы наслойваць будзем новыя? Любы чалавек так бы падумаў», — сказаў Лукашэнка.
«Нам што, да вайны сёння новай? Нам з гэтай (ва Украіне. — Заўв. рэд.) трэба разабрацца. Тым больш цяпер, калі сітуацыя складваецца спрыяльна. І не толькі для нас. Але і для іх, каб не страціць Украіну. Я так разумею гэта», — дадаў палітык.
Раней вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль у інтэрв'ю The Guardian выказаўся пра мэты Крамля ў вайне з Украінай і памылках Пуціна. На яго думку, прэзідэнт РФ не задаволіцца частковай акупацыяй Украіны, хоць і недаацаніў супраціў украінцаў, пры гэтым Захаду варта рыхтавацца да зацяжнога канфлікту.
Нагадаем, 6 снежня ў выступе, прысвечаным падтрымцы Украіны, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн дапусціў, што ў будучыні РФ можа напасці на саюзнікаў па NATO. 17 снежня Уладзімір Пуцін, каментуючы ягоныя словы, заявіў, што ў Расіі «зусім няма рэзону» і «інтарэсу» ваяваць з краінамі NATO.
«У Расіі няма ніякага інтарэсу, ні геапалітычнага, ні эканамічнага, ні палітычнага, ні вайсковага ваяваць з краінамі NATO», — сказаў ён. Паводле яго сцверджання, Расія «зацікаўленая ў развіцці адносін» з краінамі NATO. Пры гэтым саму арганізацыю ён назваў «заднім дваром» ЗША.
Чытайце таксама