«Люстэрка» ўжо пісала пра людзей, якія ахоўвалі Аляксандра Лукашэнку падчас пратэстаў 2020 года, і пра тых, хто ахоўвае яго дагэтуль. Гэтым разам мы вырашылі зазірнуць яшчэ далей у мінулае і даведацца, як склалася кар’ера целаахоўнікаў, што працавалі з палітыкам падчас яго першага прэзідэнцкага тэрміну. З дапамогай BELPOL мы высветлілі асобы трох з іх.
Сустрэчы з Мілошавічам і бяспека «Альфа-Банка»
У другой палове 1990-х гадоў на фотаздымках прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі часцей за ўсё можна ўбачыць трох ахоўнікаў.
Найстарэйшы з іх — Анатоль Чакаеў. На фотаздымках у ахове Лукашэнкі ён упершыню з’явіўся ў 1997 годзе. Тады целаахоўніку ўжо было 44 гады. Так, Чакаеў суправаджаў палітыка, калі той удзельнічаў у рэспубліканскім суботніку і першым з’ездзе настаўнікаў Беларусі.
У 1998 годзе яго можна знайсці на здымках сустрэчы Лукашэнкі з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем II і наведвання базы ВПС у Брэскай вобласці.



Ахоўваў Чакаеў першага прэзідэнта Беларусі і ў замежных паездках у тым жа 1998 годзе. Разам з Лукашэнкам ён лётаў у Сірыю і Югаславію, дзе той сустракаўся са Слабаданам Мілошавічам.
Паводле інфармацыі BELPOL, Чакаеў працаваў у ахове Лукашэнкі да 2004 года. Пасля сыходу ён узначаліў службу бяспекі «Межторгбанка». У 2008 годзе банк купіў расійскі кансорцыум «Альфа-Груп». Так «Межторгбанк» стаў «Альфа-Банкам». Чакаеў працягнуў там працаваць начальнікам службы бяспекі.

Мяркуючы са звестак з базаў сілавікоў на сайце blackmap.org, экс-целаахоўнік Лукашэнкі працаваў у банку прынамсі да 2013 года.
Цяпер Чакаеву 70 гадоў (ён нарадзіўся ў 1953-м і амаль на год старэйшы за Лукашэнку) — магчыма, былы целаахоўнік ужо выйшаў на пенсію.
На фотаздымках візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Югаславію ў канцы студзеня 1998 года (праз месяц успыхне канфлікт у Косаве) акрамя Чакаева сустракаем і іншага ахоўніка — Ігара Цыганкова. Тады яму было 29 гадоў. Разам з Чакаевым ён ахоўваў Лукашэнку і падчас ужо згаданага наведвання Сірыі, і на сустрэчы ў Мінску з маскоўскім патрыярхам.
Невядома, калі Цыганкоў звольніўся з аховы палітыка. Але, паводле звестак BELPOL, пасля службы ён паўтарыў шлях Чакаева і пайшоў працаваць у беларускія філіялы расійскіх банкаў: спачатку ў «Альфа-Банк», а потым у ВТБ.



На пасадзе начальніка службы бяспекі беларускага ВТБ Цыганкоў часам з’яўляўся ў прэсе. Напрыклад, у 2011 годзе ён расказваў пра меры абароны ў банку супраць валютных махінацый.
У 2020 годзе Цыганкоў працягваў працаваць у ВТБ. Яго імя можна знайсці сярод спікераў Міжнароднага форуму службаў бяспекі Беларусі і Расіі таго года.
Выхадзец з КДБ і першыя «Дажынкі»
З 1996 года на фота ў ахове Лукашэнкі з’яўляецца Аляксандр Лушнікаў. На той момант 38-гадовы бодзігард суправаджаў палітыка на першых «Дажынках» у Століне і свяце горада ў Мінску. Разам з Цыганковым працаваў падчас паездкі Лукашэнкі ў Брэсцкую вобласць у 1997 годзе.
У пачатку нулявых Лушнікаў па-ранейшаму працаваў у Службе бяспекі: у 2000 годзе ён ездзіў з палітыкам на «Граніт» у Мікашэвічы, а яшчэ праз год — у НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.
Мяркуючы з базаў BELPOL, Лушнікаў — выхадзец са структур КДБ. Калі менавіта ён сышоў з аховы Лукашэнкі, невядома. Але пасля службы, як і двое яго калег, уладкаваўся ў банкаўскую сферу. Нейкі час ён нават узначальваў службу бяспекі «Беларусбанка».

Акрамя таго, вядомыя назвы трох будаўнічых кампаній, у якіх былы целаахоўнік паспеў папрацаваць: «3с Дэвелапмент», «Прайм Канстракшн» і «Ньювэй капітал». Усе яны некалькі гадоў таму былі ліквідаваныя. Таксама, паводле звестак з АДР, у 2014 годзе Аляксандр Лушнікаў рэгістраваў ІП з відам дзейнасці «кансультаванне па пытаннях камерцыйнай дзейнасці і кіравання». Яно таксама было ліквідаванае ў 2017 годзе. Чым цяпер займаецца 65-гадовы былы ахоўнік, невядома.
Што вядома пра Службу бяспекі
Гэта адна з самых сакрэтных і непублічных сілавых структур у краіне. Аляксандр Лукашэнка стварыў яе ў 1994 годзе на базе спецпадраздзялення КДБ «Альфа» і Галоўнага ўпраўлення дзяржаховы МУС. Акрамя бяспекі самога Лукашэнкі ведамства займаецца аховай кіраўнікоў замежных дзяржаваў і ўрадаў падчас іх візітаў у Беларусь. З 2017 года Службу бяспекі ўзначальвае Дзмітрый Шахраеў.
Інфармацыі, колькі чалавек працуе ў Службе бяспекі, няма. У 2022 годзе «Кіберпартызаны» ўзламалі дзяржаўныя базы дадзеных і выклалі ў сеціва інфармацыю пра 1083 ахоўнікаў Лукашэнкі. Цяпер на сайце blackmap.org (праект «Кіберпартызан» і палка Каліноўскага) можна знайсці звесткі пра 1147 супрацоўнікаў Службы бяспекі. Частка з іх ужо выйшла на пенсію ці памяняла месца працы.
Пры гэтым за апошнія некалькі гадоў выдаткі на ахову Лукашэнкі толькі раслі. Так, калі ў 2021 годзе на Службу бяспекі ў рэспубліканскім бюджэце заклалі 29,7 мільёна рублёў, то ў 2022-м гэтая сума вырасла да 33,6 мільёна, а на 2023-і яе павялічылі да рэкордных 50,7 мільёна рублёў.
Часцяком менавіта начальнікаў Службы бяспекі Лукашэнка потым прызначае на ключавыя пасады ў краіне — міністрамі, памочнікамі, кіраўнікамі яго адміністрацыі і гэтак далей.
Чытайце таксама