Многія беларусы, якія з’ехалі, «зразумелі, як няпроста там, на чужыне, сябе знайсці», а некаторыя з іх «за кардонам і пакутуюць», заявіў у інтэрв'ю газеце «Союзное вече» былы кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сяргеенка і паклікаў суайчыннікаў назад.
Сяргеенка нагадаў, што ў Беларусі працуе камісія па вяртанні тых, хто з’ехаў.
— Прычым часта людзі спакойна вяртаюцца, нават не звяртаючыся ў гэтую камісію. <…> Не трэба разглядаць усіх як ворагаў. Ёсць сярод іх і проста тыя, хто заблукаў. Зрэшты, часу прайшло дастаткова, і, думаю, вызначыцца з палітычнай пазіцыяй і сваім далейшым лёсам яны ўжо цалкам маглі, — заявіў Сяргеенка, не патлумачыўшы пры гэтым, як (і чаму) палітычная пазіцыя беларусаў, якія з’ехалі, уплывае на іх бяспечнае вяртанне на радзіму.
Экс-кіраўнік Адміністрацыі таксама падзяліўся меркаваннем, што «многія» беларусы «зразумелі, як няпроста там, на чужыне, сябе знайсці, працаўладкавацца, заняць месца ў жыцці».
— Некаторыя, я думаю, за кардонам і пакутуюць, і вяртацца баяцца. Такіх, напэўна, сярод «збеглых» ужо большасць. Але баяцца не трэба. Вяртайцеся, — запрасіў Ігар Сяргеенка.
Пра вяртанне беларусаў, якія з’ехалі, старшыня ППНС загаварыў не проста так. У Беларусі, нагадаем, працягвае расці дэфіцыт работнікаў. З 2020 да 2023 года нашая краіна страціла 167,4 тысячы занятых у эканоміцы. На гэты працэс уплывае не толькі дэмаграфічная сітуацыя, але і хваля міграцыі, якая пачалася ў выніку рэпрэсій пасля выбараў 2020-га і ўзмацнілася пасля пачатку вайны ва Украіне.
Вырашыць праблему з недахопам работнікаў у Беларусі не ўдаецца ўжо не першы год. Сярод прычын — ад’езд спецыялістаў на працу за мяжу, а таксама звальненні за палітыку.
Раней, 9 красавіка, Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на дэфіцыт кадраў на заводах. Пры гэтым прамысловыя прадпрыемствы па-ранейшаму не хочуць браць на працу тых, хто засвяціўся па «палітычных» артыкулах.
А 5 траўня палітык заявіў, што ў Беларусі могуць увесці змены што да будаўніцтва новага жылля. На яго думку, трэба ўзводзіць нерухомасць там, дзе ёсць дэфіцыт работнікаў.
У Мінпрацы раней прызнавалі, што на рынку працы ўтварыўся дысбаланс попыту і прапановы.
Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. За краты трапляюць у тым ліку і тыя, хто вярнуўся на радзіму праз камісію па вяртанні. Так, напрыклад, у Брэсце за пасты ў Instagram судзілі Ігара Неміровіча. Першы раз яго затрымалі вясной 2022 года і змясцілі пад хатні арышт. Аднак жыхар Брэста змог збегчы і з’ехаў у Польшчу. Увосень 2023 года ён напісаў у камісію па вяртанні беларусаў, якія з’ехалі праз рэпрэсіі, і пазней вярнуўся дадому. Факт звароту ў камісію суд не прызнаў «безумоўнай падставай для высновы пра яго раскаянне». 27 кастрычніка 2023 года яго паўторна затрымалі і змясцілі пад варту, а пазней прызначылі год калоніі агульнага рэжыму.
У снежні 2023 года прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з Таццянай Собаль, якая, як паведамляецца, таксама вярнулася ў Беларусь праз камісію. Жанчыну прымусілі расказаць, як ёй было кепска за мяжой і як яна, «паддаўшыся ўплыву», удзельнічала ў пратэстах у 2020 годзе. Крымінальную справу супраць Таццяны не спынілі. Ёй інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК.
Чытайце таксама