Імя беларускага палітвязня Андрэя Пачобута згадвалася падчас перамоваў наконт абмену паміж Расіяй і Захадам, аднак ён так і не быў вызвалены. Гэта звязана ў тым ліку з «пэўнымі цяжкасцямі» падчас абмеркавання ўгоды, паведаміў у эфіры TVP Info кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцак Сівера.
У турэцкай Анкары 1 жніўня адбыўся буйны абмен зняволенымі паміж Расіяй і Захадам. У ім удзельнічалі 26 чалавек, вызваленых з-за кратаў у ЗША, Германіі, Польшчы, Славеніі, Нарвегіі, Расіі і Беларусі. У межах угоды Польшча вярнула ў РФ арыштаванага па абвінавачанні ў шпіянажы Паўла Рубцова.
Пасля гэтага ў польскім грамадстве пачало гучаць пытанне, ці магчыма было ў межах угоды вызваліць беларускага палітвязня Андрэя Пачобута, паляка з паходжання, асуджанага на восем гадоў калоніі строгага рэжыму.
Кіраўнік Бюро нацбяспекі Польшчы паведаміў, што імя Пачобута ўсплывала падчас абмеркавання абмену, аднак для Варшавы бокам перамоваў была «не Беларусь, не Расія, а толькі ЗША».
«Маючы ў якасці саюзніка амерыканцаў, нам давялося ставіць умовы і рэагаваць на іх запыты», — расказаў Сівера.
Ён патлумачыў, што ход такіх перамоваў «заўсёды сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі», сутнасць якіх адмовіўся раскрыць. Аднак дадаў, што Польшча далей спрабуе вызваліць Пачобута.
Сівера таксама адказаў на заяву экс-кіраўніка МУС Польшчы Марыюша Каміньскага пра тое, што, уключыўшы ў абмен Рубцова, польскія ўлады «аддалі расіянам найкаштоўнейшага агента, але нічога не атрымалі ўзамен».
На думку кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі, ад абмену Рубцова Варшава атрымала больш выгады, чым калі б працягвала трымаць яго ў сябе ў зняволенні.
«Па лініі спецслужбаў (а гэтыя перамовы многія месяцы вяліся ў асноўным спецслужбамі) такая паслуга — самая каштоўная валюта. Польшча неаднаразова карысталася гэтай „валютай“ у абмен на звесткі пра шпіёнскія сеткі, якія маюць дачыненне да нападаў, падпалаў і дыверсій на польскай тэрыторыі», — заявіў Сівера.
Ён параўнаў працу па вызваленні Пачобута з «ігрой на некалькіх фартэпіяна», бо ў ёй неабходна выкарыстоўваць эканамічны і палітычны ціск на Беларусь, у тым ліку з боку трэціх краін.
Нагадаем, экс-міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі 2 жніўня, абмяркоўваючы абмен зняволенымі паміж краінамі Захаду, Расіяй і Беларуссю, заявіў, што галоўнай умовай Мінска ў перамовах пра вызваленне палітвязня Андрэя Пачобута была выдача экс-чыноўніка, а цяпер аднаго з лідараў дэмсіл Паўла Латушкі.
Андрэй Пачобут — журналіст і актывіст польскай меншасці. У лютым 2023-га яго асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго судзілі па артыкулах пра заклікі да санкцый і распальванне варожасці, а таксама ўнеслі ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Праваабаронцы прызналі журналіста палітычным зняволеным.
Чытайце таксама


