У лістападзе 2024 года ў Мінску пройдзе міжнародная канферэнцыя па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі, свой удзел у мерапрыемстве пацвердзілі міністры некаторых краін ЕС. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў, паведамляе БЕЛТА.
У лістападзе ў Мінску запланаваная міжнародная канферэнцыя па процідзеянні нелегальнай міграцыі ў рэгіёне. Паводле Рыжанкова, на канферэнцыю збіраюцца запрасіць усе зацікаўленыя бакі, у тым ліку прадстаўнікоў суседзяў Беларусі, іншых дзяржаваў ЕС і СНД.
— Сярод патэнцыйных удзельнікаў канферэнцыі ўжо пацвердзіў свой удзел шэраг міністраў краін Еўрапейскага саюза, — расказаў кіраўнік МЗС.
Ён заявіў, што Беларусь «як ніхто іншы зацікаўленая ў аднаўленні міру, бяспекі і стабільнасці на еўрапейскім кантыненце і робіць для гэтага ўсё магчымае».
«Зыходзім з таго, што калі сёння вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца, то гэта не значыць, што малыя і сярэднія дзяржавы, такія як мы, павінныя сядзець і цярпліва чакаць. І мы не чакаем, а шукаем кампрамісы і спосабы ўрэгулявання», — дадаў Рыжанкоў.
Як паведамілі раней у МЗС, на канферэнцыі будуць агучаныя меры, якія прымае Беларусб у барацьбе з нелегальнай міграцыяй.
«Спадзяёмся, што ўсе зацікаўленыя ў нармалізацыі сітуацыі на мяжы возьмуць удзел у ёй і мы зможам знайсці магчымасці ўзаемадзеяння з мэтай выканання рэкамендацыі Спецыяльнага дакладчыка Суда па правах чалавека (СПЧ) па пытанні правоў чалавека на адрас Беларусі, Польшчы і ЕС сесці за стол перамоваў», — заявілі ў ведамстве.