Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
  2. Хитрая тактика или отсутствие техники? Эксперты рассказали, почему российские войска едут в штурмы на мотоциклах
  3. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
  4. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  5. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  6. Что будет с теми, кто в 2020-м выходил на протесты, когда закончится срок давности по «народной» 342-й статье? Спросили аналитика
  7. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
  8. «Боюсь, ночью могут начаться мародерства». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  9. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  10. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  11. «Прошло 86 часов». Коллапс на беларусско-польской границе — автомобили и автобусы стоят в очереди сутками
  12. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
Читать по-русски


«Каб чалавека ў турме забіць, яго біць наогул неабавязкова. Дастаткова стварыць умовы, ад якіх ён паволі загнецца сам. Калі я прачытаў пра Машу [Калеснікаву], мяне яе гісторыя зачапіла, бо я сам год таму ў карцары думаў, што, напэўна, ужо з яго і не выйду», — кажа былы палітвязень Аляксандр. Мужчына цяжка пераносіў каранавірус, калі трапіў у ІЧУ, і прайшоў некалькі этапаў «лячэння» за кратамі. З тым самым сутыкнуўся і дыджэй з вулічных пратэстаў Папа Бо. Цяпер яны абодва ў бяспецы, а Марыя застаецца ў руках супрацоўнікаў калоніі. Як выглядае лячэнне для затрыманых і асуджаных і як ставяцца да іх, калі ніхто не бачыць, — у маналогах мужчын.

ИВС и ЦИП на улице Окрестина в Минске. Фото: TUT.BY
ЦІП на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Фота: TUT.BY

«Канваіраў абавязалі сядзець у ахоўных касцюмах. Зверху — бронекамізэлькі, рамяні з пісталетам і рацыі»

Папа Бо — Аляксандр Багданаў, арт-дырэктар культурнага цэнтра «Корпус», дыджэй, які выступаў на вуліцах Мінска падчас пратэсных маршаў. За гэта 2 верасня 2021 года музыку затрымалі і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, пазней — у ЦІП. Ён расказваў, што падчас затрымання яго моцна збілі, зламалі тры рабрыны і парвалі селязёнку. Паводле словаў Аляксандра, медыцынскія дакументы, што пацвярджаюць гэта, засталіся ў Мінску. Сам жа ён цяпер жыве ў Грузіі, куды з’ехаў праз пару месяцаў пасля таго, як яго 17 снежня 2021 года асудзілі на тры гады «хіміі».

— Калі мяне затрымліваў ГУБАЗ і выбіваў прызнальныя паказанні для відэа, білі нагамі па баках. Моцна балела ў баку, у раёне рэбраў. Калі я паступіў на Акрэсціна, казаў медработніку пра гэта — увагі ніхто не звярнуў. Два дні ў камеры боль узмацняўся — было складана ляжаць, пераварочвацца. Нават уздыхнуць нармальна, чхнуць або адкашляцца — адразу рэзкі боль.

Праз пару дзён стала зусім цяжка, таму што камера была перапоўненая і я спаў на падлозе. Я ведаў, што трэба дзяўбці супрацоўнікаў, каб мяне паглядзелі. Медработнікі прыходзілі некалькі разоў. Першая нават не дала абязбольвальнага, другая вывела на агляд, патыкала некалькі разоў мне ў бок і, раз я не курчуся ад болю, сказала: «У цябе проста удар — ты б ужо тут сагнуўся, калі б была сур’ёзная траўма».

На кавід хварэла ўся камера — хтосьці мацней, хтосьці лягчэй, — і я яго таксама падхапіў. Дзесьці на 12-ы дзень мяне і яшчэ двух мужчын (яны якраз хварэлі вельмі цяжка) вывелі ў іншую камеру. Потым мяне аднаго пагрузілі ў аўтазак і павезлі ў бальніцу ў Бараўляны, хоць тым дваім было нашмат горш.

У Бараўлянах мяне агледзелі, зрабілі здымак — доктар зафіксаваў пабоі (у мяне былі сінія азадак і ногі яшчэ з затрымання), выявіў, што ў мяне зламаныя рэбры акрамя пацверджанага COVID-19. І настаяў: назад на Акрэсціна мяне везці нельга, я застаюся. Канвой вельмі занерваваўся.

Фото Татьяны Капитоновой
Дыджэй Аляксандр Багданаў, вядомы як Папа Бо. Фота Таццяны Капітонавай

Спачатку мяне паклалі ў агульную палату, здаецца, васьмімесную, прышпілілі кайданкамі да ложка, укалолі снатворнае — і я вырубіўся. Пабудзілі раніцай, таму што вышэйшае начальства запатрабавала вылучыць мне асобную палату — «нельга, каб затрыманы ляжаў з усімі». Хоць бальніца была перапоўненая людзьмі. Медыкі былі вельмі незадаволеныя, але мяне перавялі.

Палата была ў чырвонай зоне. Канваіраў абавязалі сядзець са мной у ахоўных касцюмах, бахілах, пальчатках, дзвюх масках і шчытку. На гэта ўсё яны надзявалі бронекамізэлькі, рацыі і рамяні з пісталетам і газавым балончыкам. Так я стаў іх вязнем на два тыдні. Іх вельмі напружвала, што нельга выйсці пакурыць, што наогул трэба са мной сядзець змены па 12 гадзін (пасля гэтага яны мяняліся). Калі дактароў і медсясцёр не было, яны маскі і шчыткі здымалі: «Усё лухта. Пофіг на дактароў — мы не будзем пацець». У выніку за два тыдні некалькі чалавек з усіх, хто да мяне прыязджаў, злеглі з кавідам.

Мне раз на дзень рабілі кропельніцу і адзін укол у жывот. Не выпісвалі толькі на падставе таго, што мусяць зажыць рэбры. А каб яны нармальна зрасталіся і не траўмавалі лёгкія, трэба было рэгулярна рабіць дыхальныя практыкаванні, тым больш яшчэ і каранавірус. Яны простыя — надзімаць-здзімаць шарык, праз трубачку дзьмуць у бутэльку з вадой. Але гэта было немагчыма, таму што я ўвесь час быў прыкаваны двума кайданкамі да ложка. У такім становішчы пастаянна зацякаюць рукі, спіна.

Спадары, якія мяне ахоўвалі, адмаўляліся мяне адшпільваць, каб я хаця б сеў на ложак і надзімаў гэты шарык. У адказ: «Не паложана». Дактары перажывалі, што я не папраўлюся, што не зрастуцца нармальна рэбры. Гэтыя спадары груба адказвалі, што ім усё роўна і па статуце я павінен быць заўсёды прыкаваны. Іх не хвалявала, што мне трэба ляжаць на жываце і расхаджвацца. Бабуля-медсястра прынесла мне яблык — «не паложана». Іншая санітарка прапанавала часопіс мне даць — «не паложана, усё, начытаўся, гэта бандыт». «Ну як жа? Што ён зробіць, куды ўцячэ? Ён жа тут, ці можна яму газетку даць?» — «Не паложана!» Затое самі яны з задавальненнем елі, калі санітаркі іх падкормлівалі!

Людзі ля сцен ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна ў Мінску. Фота: TUT.BY

«Адну руку мне адшпільвалі, калі прыносілі ежу. Дзве — толькі калі трэба было ў прыбіральню»

Кожны дзень пачынаўся з таго, што новы канвой атрымліваў паперы наконт мяне. Тады яшчэ мая справа не была вылучаная ў асобную вытворчасць, і ўверсе былі пералічаныя ўсе артыкулы пратэстоўцаў — ад тэрарызму да зброі. І пачыналася: «О, дык ты надоўга паедзеш! Ну і чаго ты дамогся? Колькі табе заплаціла катлетная твая? Ніколькі? Дык ты, лашара, яшчэ і бясплатна трапіў! Надоўга паедзеш — тут мінімум артыкулаў на „пятнашку“. Што табе, у тваёй культуры было кепска?» І чамусьці на поўным сур’ёзе яны гэтую гісторыю гналі нон-стопам. Было чатыры ці пяць змен, і кожны раз адно і тое ж: «Ну што, Багданаў, паедзеш надоўга. Ведаеш „Воўчыя норы“ (так называюць калонію ўзмоцненага рэжыму № 22 у Івацэвічах. — Заўв. рэд.)? Там цябе хутка нагнуць».

Як я хутка зразумеў, па іх правілах у іх заўсёды павінен быў быць са мной візуальны кантакт. Адну руку мне адшпільвалі, калі прыносілі ежу. Напаўлежачы, напаўседзячы я еў. Дзве — толькі калі трэба было ў прыбіральню. Тады яны ўтрох вялі мяне, заходзілі ў прыбіральню, глядзелі, як я сікаю. Памыцца мне трэба — таксама стаяць за спінай і чакаюць, пакуль я памыюся.

У бальніцы яны вызначылі, што мне, як і на Акрэсціна, наогул не належаць перадачы. І мама, і адвакат спрабавалі перадаць рэчы, бо я ўжо два тыдні знаходзіўся ў тых самых шкарпэтках, майтках, лёгкай шмотцы, у якой мяне забралі з дому. Ну і нейкія сродкі гігіены — зубную шчотку, пасту, тыя ж абцужкі, таму што пазногці адраслі. Усё гэта прынялі, але мне не аддалі. Доктар вельмі доўга настойваў, каб мне дазволілі памыцца. І ўжо проста сказаў, што не будзе аглядаць, бо ад мяне смурод ідзе. Толькі ў канцы другога тыдня мне дазволілі на пяць хвілін залезці ў душ і надзець тое ж адзенне.

Камунікацыю доктара, медсясцёр са мной максімальна забаранялі. Але ўсім было цікава, што гэта за маньяк ляжыць: прыкаваны кайданкамі, увесь брудны, у смярдзючай вопратцы, барада і вусы адраслі, з кіпцюрамі, яго яшчэ і вартуюць з аўтаматам і пісталетамі (смяецца). Персанал не ведаў, што гэта ўсяго толькі дыджэй! Хоць пазней мне расказалі, што з дактарамі размаўляла мама, валанцёры, і яны разумелі, хто я такі.

Яшчэ на Акрэсціна ў мяне спыніўся кішэчнік. Пакуль я там быў, не мог схадзіць у прыбіральню па-вялікаму. І дактары ў бальніцы спрабавалі мне дапамагчы з гэтым. Калі я сказаў, што два тыдні не хаджу ў прыбіральню, мяне адшпілілі і пры мянтах зрабілі клізму. Пакуль я сядзеў і з сябе ўсё гэта выдаваў, яны ўтрох смяяліся.

Самі яны тупілі ў тэлефоны, гарталі Цікток. І ўсё — без навушнікаў. Гэта быў рэальны псіхалагічны аўдыёціск: з трох тэлефонаў фігачыць аднолькавае музло з Ціктока. Даводзілася ляжаць і спрабаваць вырубіцца. Заплюшчыў вочы, каб яны не размаўлялі са мной. Так ты ляжыш і тупіш у сцяну гадзінамі. Ну і часам яны паміж сабой размаўлялі — пра інтэрнат, як шукалі, хто наступны на змену пойдзе. Такія прымітыўныя размовы. Маладыя звычайна былі з глыбінкі і расказвалі, што пайшлі ў міліцыю, каб не трапіць у армейку.

Пад канец яны ўжо ціснулі на дактароў, каб тыя выпісвалі, і мацней — на мяне: «Ты сімулюеш, каб тут ляжаць! Кажы, што ўжо не баліць. Нас задзяўбло кожны дзень у гэтыя Бараўляны ездзіць». І яны даціснулі — мяне выпусцілі, хоць рэбры яшчэ не да канца зрасліся. Хоць мне ўжо рэальна было лепш, таму я сам казаў, што не баліць.

Калі мяне перад выпіскай паўторна накіравалі на здымак у іншы корпус, я ішоў прышпілены да двух канваіраў, а ў кабінеце перад рэнтген-апаратам яны не хацелі ад мяне адшпільвацца: «Не паложана». Іх ледзь угаварылі (смяецца).

СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Фота: TUT.BY

Праца майго кішэчніка нармалізавалася ўжо калі мяне перавялі на Валадарку і там была нармальная ежа. Пасля вызвалення ў зале суда мне вылучылі грошы на поўнае абследаванне. Тады дактары мне сказалі, што ўсё нармальна загаілася — і селязёнка, і рэбры. А ў мяне ў прынцыпе такі арганізм, што на мне ўсё гоіцца як на сабаку.

Памятаю, яшчэ ў самым пачатку на Акрэсціна адвакат мне казала прасіцца ў бальніцу — нібыта там будзе лягчэй. Але гэтая бальніца ў Бараўлянах — самы жорсткі вопыт маёй адседкі. Па факце ўмовы сапраўды лягчэйшыя: ты ляжыш на мяккім ложку, на пасцельнай бялізне, ясі не нейкае г**** з гліны. Але быць пастаянна прыкаваным кайданкамі, якія сціраюць скуру, і два тыдні ты ні з кім не пагаворыш, табе няма на што адцягнуцца — ты нават нічога не бачыш, акрамя сцяны і мянтоў побач. Псіхалагічна гэта цяжка, я за два тыя тыдні падпракіс. Хоць у цэлым перанёс усё дастаткова добра: мяне цяпер гэта не трыгерыць, не хвалюе. Нават псіхолаг заўважыў, што ў мяне няма траўмы. Я гляджу на гэта ўсё як на цікавы эпізод маёй бурнай біяграфіі.

«Пляваў на сурвэтку, паказваў у кармушку гэтую скрываўленую паперку — медсястра пытала, навошта я сабе кусаю язык»

Аляксандр — былы палітвязень з Брэсцкай вобласці. Мужчына быў затрыманы ў сярэдзіне кастрычніка 2021 года, а ў сярэдзіне студзеня 2022-га — асуджаны на 3 гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах. Але да адпраўкі ў папраўчую ўстанову змог уцячы з краіны. Спачатку ён быў на Акрэсціна, потым у Жодзіне, пасля — у СІЗА на Валадарскага. Мы не называем прозвішча суразмоўцы, яно і іншыя яго звесткі ёсць у рэдакцыі.

— Яшчэ дома я захварэў на каранавірус, але адчуваў сябе сярэдне. Калі мяне забралі на Акрэсціна, медсястра на ўваходзе сказала, што з высокай тэмпературай чалавека прымаць нельга, ГУБАЗіК адказаў: «Гэтага можна».

Мяне пасадзілі ў адзіночку. На чацвёрты дзень стан ужо быў цяжкім, пачалося кровахарканне: быццам лёгкія парэзалі, кроў проста вылівалася. Я пляваў на сурвэтку, паказваў у кармушку гэтую скрываўленую паперку, прасіў паклікаць доктара. Старшая медсястра прыходзіла і пытала: «Навошта вы сабе кусаеце язык? Не трэба гэтага рабіць. Разумею, вам дрэнна, але не траўмуйце сябе — можаце ў Навінкі трапіць».

На іншай змене да мяне прыйшла больш лаяльная медсястра, я ёй тлумачыў (у мяне медыцынская адукацыя), што трэба нешта рабіць. Яна спытала, чым можа дапамагчы, і я папрасіў купіць таблеткі — дэксаметазон (прэпарат прызначаюць у тым ліку пры запаленчых захворваннях. — Заўв. рэд.), кропельніцу і фізраствор, вітаміны якія-небудзь. Яна паспела гэтыя таблеткі і кропельніцу прынесці, пракрапала мяне.

Чацвёра сутак я не спаў. Такую задачу наглядчыкам паставіла начальства, таму, калі я засынаў, дзверы адчыняліся, заходзіў чалавек і будзіў мяне. Калі фельчар пайшла перадаваць маю просьбу, каб у бальніцу завезлі, начальнік прыйшоў да мяне ў камеру: «Што, табе дрэнна? Вельмі? Ну дык трэба пацярпець». Але на наступны дзень ад недасыпання я ўжо проста вырубіўся на падлозе. Тады яны, мабыць, падумалі, што я «патух», і ўсё-такі павезлі мяне напаўпрытомнага ў бальніцу. Як потым мне патлумачылі ахоўнікі, каб даказаць, што табе кепска, трэба, каб ты ўжо валяўся. Так і было, як я сам заўважаў: людзей забіралі на лячэнне, калі яны проста не маглі ўстаць ці ўжо не варушыліся, каб не зрабіць сабе горш.

Мяне прывезлі ў 4-ю гарадскую бальніцу, там узялі аналізы, зрабілі рэнтген, КТ. Доктар сказаў, што ў мяне двухбаковая пнеўманія. Мяне паклалі спачатку ў калідор, потым — у палату інтэнсіўнай тэрапіі, актыўна крапалі антыкаагулянты. Трапілася добрая доктарка — яна мяне старанна лячыла. У першую ноч мне далі снатворнае, таму што сон збіўся.

Увесь гэты час за мной сачылі вартавыя, канваіры. Іх было трое — адзін ля галавы, другі — ля ног, трэці — на дзвярах з аўтаматам. Кругласутачна ты прышпілены да ложка, рукі выцягнутыя наперад. Пры цяжкай форме кавіду амаль увесь дзень ляжыш на жываце, пад грудзьмі — падушка. І, ведаеце, беларуская міліцыя неяк расчалавечвае, мабыць. Калі ім тлумачыш, што табе трэба павярнуцца, а ў кайданках гэта зрабіць цяжка, таму просіш адшпіліць, — для іх гэта проста трагедыя! А збегчы ж немагчыма, ты нікуды не падзенешся (смяецца). Кропельніца — з кайданкамі. У прыбіральню — таксама з кайданкамі, канваіры ходзяць за сабой.

Адзін з канваіраў, нешта на яго найшло, дазволіў мне паспаць без кайданкоў адну ноч. А так яны ці моўчкі сядзелі ў тэлефонах, ці са мной размаўлялі. Скардзіліся, што ім даводзіцца так цяжка — нас, бандытаў, вартаваць. Не падабаюцца ім гэтыя змены ў бальніцах. Але ў цэлым, дарэчы, мяне асабліва не чапалі — ім нецікава, яны жывуць сваім жыццём. Палітыку яны паміж сабой не абмяркоўвалі, часцей зарплату. Цікава, што вышэйшая адукацыя з тых, з якімі я гаварыў, была толькі ў аднаго. У астатніх армія і школа міліцыі.

Фото: sk.gov.by
Мужчына з кайданкамі на руках, здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: sk.gov.by

«Я сказаў ахоўніку: „Пакліч якога-небудзь тэрапеўта, інакш будзеце на насілках выносіць“. Ён аджартаваўся, што вынесуць, калі спатрэбіцца»

У гарадской бальніцы мне дазволілі пабыць два з паловай дні. Потым прыйшла доктарка, сказала, што нічога не можа зрабіць: паступіў загад ад «містара Х» ні ў якім разе не пакідаць мяне там. Мяне спакавалі ў «вадалазны» касцюм (гаворка пра ахоўны касцюм для людзей, у якіх пацверджаны COVID-19. — Заўв. рэд.), пасадзілі ў аўтазак і павезлі ў Жодзіна. Там сустрэлі і сказалі, што адпраўляюць у мясцовую міжтурэмную бальніцу.

Павялі ў падвал, пасадзілі ў камеру — увечары я зразумеў, дзе знаходжуся, таму што хлопцы перакрыкваліся. Гэта было ШІЗА, карцар. На сцяне вісеў лісточак «Правілы паводзін у карцары» і побач яшчэ адзін — «Правілы паводзін у бальніцы». Фортку ў акне я падпіраў венікам, каб не прадзімала. У першы тыдзень давалі коўдру, дазвалялі спаць удзень. Праўда, над акном увесь час брахаў сабака, і я зноў не спаў.

На другія суткі да мяне прыйшоў фельчар і спытаў, як я сябе адчуваю. А я ляжаў, не ўставаў. Потым прыходзіў інфекцыяніст, у яго я папрасіў вітамін В12, гепарын — усё, што ён мне мог даць, хоць у іх, як я разумею, ёсць усё.

У бальніцы табе ставяць кропельніцу — літр за раз. А ў Жодзіне — тры разы на дзень па 100 мілілітраў. Вось уявіце: што гэта для чалавека вагой 90 кг? І ў якога кішэчнік не працуе, дэфіцыт вадкасці. Яшчэ ў мяне балела печань, і ад гэтага па тры капсулы на дзень прыносілі. Хоць гэты прэпарат прапісваецца ўжо на рэабілітацыі і курсам месяцы на тры-чатыры, а мне прызначылі як лячэнне.

Каб чалавека ў турме забіць, яго біць наогул неабавязкова. Дастаткова стварыць умовы, ад якіх ён паволі загнецца сам. Напрыклад, не даваць спаць, не лячыць. У мяне ў карцары паўторна развілася бяссонніца. Ежа не «заходзіла», таму што ў карцар затрыманым нясуць усю дрэнь, якую толькі можна знайсці. Вага падае. Ужо сэрца пайшло ўразнос.

У гэтым карцары, хварэючы, я правёў месяц. Сядзець столькі ў адзіночцы цяжка. Ужо тыдні праз два здаецца, што ты вар’яцееш. Не можаш ні чытаць, ні з кімсьці камунікаваць. Добра, што я мог пісаць жонцы лісты. Хоць што мне, што ад мяне не даходзіла каля 80% канвертаў — не прапусціць могуць за апісанне камеры або нават калі проста расказваеш, як жыццё. Я пісаў жонцы, што ўжо адсюль, напэўна, і не выйду. Сам сябе пытаў: выцягну ці не выцягну?

Апошні тыдзень рэжым як у ШІЗА: пад’ём, ложак да сцяны, сядзець толькі на зэдліку. Пад канец я сказаў ахоўніку: «Пакліч якога-небудзь тэрапеўта, інакш будзеце на насілках выносіць». Ён аджартаваўся, што вынесуць, калі спатрэбіцца, але паклікаў. Прыйшла, здаецца, талковая жанчына і адвяла мяне ўжо сапраўды ў гэтую міжтурэмную бальніцу.

Там плітачка, усё прыгожа. У мяне ўзялі аналізы — яны былі кепскія. Прызначылі эсенцыяле: «Вам дрэнна, але мы нічога зрабіць не можам». Але доктарка прапанавала: «Ты кажаш, што здаровы, а я закрываю ўсе гэтыя твае справы і настойваю, каб цябе перавялі ў агульную камеру. Павер, гэтым я табе дапамагу». І яна мела рацыю — псіхатэрапеўт мне прызначыў магутныя снатворныя, таму што я без сну ўжо хадзіў і трызніў. Мяне завялі ў душ, першы раз за месяц далі памыцца і адправілі ў агульную камеру, я выпіў гэтую таблетку і заснуў.

Раскажу яшчэ пра лячэнне ў Жодзіне. Да нас у камеру прывезлі мужчыну (яго звалі Андрэй), у якога гніла нага. Ён неяк шчыльна зашнуроўваў чаравікі, абмотваў шнурок вакол шчыкалаткі і так занёс сабе інфекцыю. Прывезлі Андрэя за тое, што яны з сябрам пілі, і ён у бары разлічыўся яго картай.

Пра гнілую нагу мы даведаліся, таму што ад яго жудасна смярдзела. Я, гледзячы на яго нагу, ужо і на свае праблемы забыўся. Папрасілі, каб фельчар паглядзеў і яго адвезлі ў бальніцу — ахоўнікі сказалі: «Так, добра». І некалькі дзён нічога не адбываецца. Мы самі нейкімі анучамі і вадой абмывалі яму гэтую нагу. Калі ён ужо не хадзіў, зайшоў начальнік турмы, Андрэй сядзеў без шкарпэткі — той глядзіць, вочы акругляюцца: «А вы звярталіся па дапамогу?!» Мы патлумачылі, што чатыры дні клічам фельчара, а той кажа, што ўсё ў парадку, і зноў ніякай рэакцыі.

Нам удалося дастаць таблеткі фурацыліну (прэпарат выкарыстоўваюць пры лячэнні гнойных ран на целе. — Заўв. рэд.), і вось мы яго самі растваралі ў вадзе і мылі раны гэтаму Андрэю. Яшчэ дасталі дзве вялікія таблеткі амаксіцыліну (антыбіётык шырокага спектру дзеяння. — Заўв. рэд.). І праз некалькі дзён фельчар прынёс два бінты: «Закруціце яму нагу». Пакуль я там быў, у яго рана трохі пачала падсыхаць, а потым ён выйшаў і дзякаваў, што я яму дапамог.

Фото: Matthew Ansley, Unsplash
Памяшканні, у якіх утрымліваюць арыштаваных. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: Matthew Ansley, Unsplash

Напэўна, у мяне ў самога быў нейкі запас здароўя, ну і добра, што доктар у мінскай бальніцы мяне стабілізаваў. Але трэба разумець, што за кратамі так ставяцца да ўсіх, за выключэннем бандытаў і тых, хто неяк сябруе з адміністрацыяй. Дапамога там — максімум аспірын. Камусьці на таблетку больш, камусьці менш. І тое, з раніцы папрасіў — да вечара прынясуць. І яшчэ здзекуюцца: заходзяць з поўнай торбай лекаў, ты гэта бачыш, а яны табе кажуць, што ў іх нічога няма. Думаю, так было і з Машай [Калеснікавай]. Яна магла прасіць ёй дапамагчы, але пакуль чалавек не ўпадзе, яму нічога не зробяць. Калі бачаць, што ўжо ляжыць — вось тады можна везці ў бальніцу.

Я ў жыцці шмат чаго бачыў. Але тады думаў — гэта ж твае землякі, беларусы, хоць і турэмшчыкі, як яны могуць быць такімі? За сваю тысячу рублёў заробку — такімі бесчалавечнымі, бязлітаснымі. І няважна, палітычны ты ці звычайны арыштаваны, як той жа Андрэй. Я за перакананні сеў, а ён за аплату гарэлкі ў бары чужой карткай, але стаўленне і да мяне паганае, і да яго паганае.