У Беларусі працягваюць звяраць звесткі ваеннаабавязаных. «Перапісаць» усіх плануюць да канца года. Каб паспець, у некаторых камісарыятах ідуць на крэатыўныя крокі. У ваенкамаце Барысаўскага і Крупскага раёнаў Мінскай вобласці ваеннаабавязаных вырашылі паклікаць на «перапіс» праз нататку ў газеце, у камісарыяце Баранавічаў, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў — праз абвестку на сайце гарвыканкама. Самым творчым аказаўся заклік камісарыята Аршанскага і Дубровенскага раёнаў. Тут супрацоўнікі запісалі спецыяльны навагодні зварот.
Відэазварот камісарыята Аршанскага і Дубровенскага раёнаў з’явіўся на YouTube-канале «Аршанскай газеты». У кадры — супрацоўніца ў форме на фоне мясцовай карты. Справа ад яе — ёлка, злева — сцяг.
— Паважаныя жыхары горада Оршы і Аршанскага раёна, — кажа яна. — Ваенны камісарыят Аршанскага і Дубровенскага раёнаў віншуе вас з блізкімі святамі — Калядамі і Новым годам. І нагадвае, што ваеннаабавязаным, якія не прайшлі зверку ўліковых звестак, а таксама грамадзянам, якія знаходзяцца не па месцы рэгістрацыі і стаяць на вайсковым уліку ў іншых ваенных камісарыятах, у любы зручны для вас час, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні, неабходна з’явіцца ў ваенны камісарыят.
Пры сабе просяць мець пашпарт, ваенны білет і пасведчанне кіроўцы, калі яно ёсць. А таксама ўдакладняюць, што гэтая зверка «не з’яўляецца мабілізацыяй або мабілізацыйнымі зборамі».
Як звычайныя грамадзяне мы патэлефанавалі ў ваенкамат, каб даведацца, ці варта прыраўноўваць гэтае відэа да позвы. Дакладнага адказу нам не далі, але патлумачылі: «У любым выпадку, не цяпер, дык пазней позва дойдзе».
— Гэты зварот замест позвы або чакаць позвы?
— Можаце прыйсці самі. Чакаць позвы неабавязкова, а звяраць звесткі трэба абавязкова.
Тым, у каго не атрымліваецца прыйсці ў камісарыят асабіста, дазваляюць зрабіць гэта па тэлефоне.
На сайце «Аршанскай газеты» сказана, што на гэты момант у раёне праходзіць завяршальны этап зверкі.
— На першым этапе зверка прайшла на прадпрыемствах і ў арганізацыях па месцы працы ваеннаабавязаных, — расказаў выданню начальнік мабілізацыйнага аддзела Сяргей Пазнякоў. — У цяперашні момант у нас праходзіць завяршальны этап зверкі, які працягнецца да 30 снежня. Цяпер праводзіцца кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных пра неабходнасць іх яўкі ў ваенкамат для зверкі ваенна-ўліковых звестак.
У ваенкамаце Аршанскага і Дубровенскага раёнаў адзначаюць: да канца года звераць ваенна-ўліковыя звесткі ва ўсіх без выключэння ваеннаабавязаных.
А што гаворыць закон?
Раней «Люстэрка» цікавілася ў юрыстаў, ці мусіць ваеннаабавязаны ісці ў камісарыят, калі яго пра гэта папрасілі праз газету або, дапусцім, сайт райвыканкама. Сітуацыя з відэазваротам — такая самая.
— Калі мы гаворым пра зверку звестак, то важна разумець, што сама па сабе зверка не ўскладае ніякіх абавязкаў на грамадзян. Гэтая працэдура — абавязак ваенкаматаў. Менавіта яны павінныя не радзей чым раз на год удакладняць дакументы вайсковага ўліку прызыўнікоў і ваеннаабавязаных, — тлумачаць нам юрысты сэрвісу юрыдычнай дапамогі Legal Hub.
Калі прасцей: сам факт правядзення ваенкаматамі зверкі звестак не абавязвае грамадзян з’яўляцца ў ваенкаматы без выкліку (позвы). У адваротным выпадку гэта незаконна, бо паводле арт. 69 і арт. 71 Закона «Аб нарматыўных прававых актах» не дапускаецца ўскладанне на грамадзян дадатковых абавязкаў у параўнанні з наяўнымі.
Пры гэтым, удакладняюць юрысты, у грамадзян, якія стаяць на вайсковым уліку, ёсць абавязкі, якія яны мусяць выконваць без напаміну. Улічваючы сітуацыю, якую мы разглядаем, увагу на сябе звяртаюць дзве з іх:
- у выпадку змены сямейнага становішча, складу сям'і, адукацыі, месца працы (навучання), пасады (спецыяльнасці, прафесіі) па асноўным месцы працы, месцы жыхарства ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі або месца знаходжання грамадзяне абавязаныя паведаміць пра гэта ў ваенкамат цягам тыдня;
- пасля пераезду на новае месца жыхарства грамадзянін абавязаны стаць на вайсковы ўлік па новым месцы жыхарства цягам месяца.
— Калі грамадзянін добрасумленна і своечасова паведамляе пра змену ўсіх уліковых звестак (асабліва месца жыхарства (знаходжання) або месца працы (навучання)), то самастойна, без выкліку, у ваенкамат з’яўляцца няма неабходнасці. Калі ваенкамат палічыць неабходным усё роўна выклікаць такога чалавека для зверкі, то ў ваенкамата ёсць усе патрэбныя звесткі чалавека, каб гэта зрабіць, — тлумачаць юрысты. — Больш за тое, за неапавяшчэнне службовай асобай грамадзяніна пра выклік у ваенкамат арт. 26.2 КаАП прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
Ці можна лічыць нататку ў газеце ці на сайце выканкама роўнай позве? Паводле юрыстаў, у законах парадак выкліку ў ваенкамат для зверкі звестак дэталёва не ўрэгуляваны. Напрыклад, парадак апавяшчэння пра яўку на зверку звестак грамадзян, якія не атрымалі позвы пад распіску, не вызначаны. Гэтым, удакладняюць спецыялісты, ваенкаматы актыўна карыстаюцца. Хто мае рацыю ў такой сітуацыі — ваеннаабавязаны або ваенкамат, у выніку будзе вырашаць суд.
Нагадаем, 4 кастрычніка падчас нарады з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка згадаў досвед расійскай частковай мабілізацыі і заявіў, што ў Беларусі яго трэба ўлічваць, «нягледзячы на тое, што ў Беларусі ў гэтым няма неабходнасці». Ён даручыў правесці праверку ваеннаабавязанага складу «без усякага гвалту, без шуму».
У сярэдзіне кастрычніка Мінабароны паведаміла, што гэтыя мерапрыемствы «носяць выключна планавы характар» і праводзяцца «кожны год». Скончыць усе мерапрыемствы па зверцы звестак абяцаюць да канца гэтага года.