Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
  2. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
  3. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  4. Москва объявляет односторонние перемирия ради выгоды, а не мира — ISW
  5. «Боюсь, ночью могут начаться мародерства». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  6. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  7. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
  8. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  9. Лукашенко на переговорах с Путиным оправдывался за георгиевскую ленточку
  10. Летом введут существенные изменения, которые могут повлиять на толщину ваших кошельков. Посмотрите, касается ли это вас и ваших родных
  11. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  12. Зеленский: «Россия что-то готовит в Беларуси этим летом»
  13. Каким будет курс доллара в самую короткую рабочую неделю года? Прогноз по валютам
Читать по-русски


У пачатку сакавіка жыхарцы Полацка Кацярыне Мірзоевай споўнілася 65, юбілей жанчына сустракала ў эміграцыі. У 2020 годзе яна актыўна выказвала сваю пазіцыю, выступіўшы на стрыме ў Ціханоўскага, а затым на мітынгах у некалькіх райцэнтрах, і паспела з’ехаць з краіны за некалькі дзён да прыходу сілавікоў. Спачатку — ва Украіну, а праз месяц — у Польшчу. Там паспела пабыць нянькай, а праз праблемы са здароўем засталася без працы і стабільнага даходу. Кацярына расказала «Люстэрку», як гэта — пасля 60-ці адаптавацца да новай краіны і спадзявацца на перамены.

Екатерина Мирзоева. Фото предоставлено собеседницей
Кацярына Мірзоева. Фота ад суразмоўніцы

На BYSOL адкрыты збор для тых, хто хоча падтрымаць Кацярыну фінансава.

«Я выйшла за тых, каму горш, чым мне»

«Я хадзіла на прыём да намесніка дырэктара ЖКГ, ён мне прапанаваў такое (я нават не ведаю, што выбраць): „Калі вам не падабаецца жыць у гэтым доме і ў гэтым горадзе, вы можаце з’ехаць у іншы раён, можаце пабудаваць сабе дом і з’ехаць туды, дзе лепш“. Вось атрымаю 6-га сваю пенсію — 345 рублёў — не ведаю, куды рвануць: ці ў Еўропу, ці ў Амерыку», — так Кацярына Мірзоева іранічна гаварыла на стрыме Сяргея Ціханоўскага ў Полацку.

На сустрэчу з тады яшчэ звычайным блогерам яна прынесла папку адпісак ад чыноўнікаў, ад якіх спрабавала дабіцца асфальту на дарозе ля свайго дома ў далучаным да горада пасёлку. Дарогу зрабілі. Праўда, ужо калі яна з’ехала. Праз амаль два гады пасля запісу таго відэа Мірзоева сапраўды ў Еўропе.

— Я нічога не парушала, не прыдумляла — расказвала пра тое жыццё, якое было тады ў нас. Мне не было страшна, хоць я разумела, што мяне могуць і пасадзіць, у мяне могуць адабраць жыллё. Але рэч у тым, што ёсць такое слова — «свабода», і кожны чалавек мусіць быць свабодным у сваіх думках, учынках, — кажа суразмоўніца. — Я не заклікала да перавароту, зрынання ўлады, я не заклікала забіваць, пачынаць ваенныя дзеянні. Проста казала, што за тыя пенсіі, заробкі і крэдыты, якія нам дае банк, народ просты жыць не можа. Хоць я тады жыла не горш за ўсіх — у мяне была добрая кватэра, я і на яе зарабіла. Але я выйшла за тых, каму горш, чым мне. Я не хачу, каб на вуліцы хапалі людзей, каб яны знікалі без суда і следства, не мелі права гаварыць і думаць. Кожнае меркаванне трэба прыняць і выслухаць. А ў нас нічога гэтага няма.

Я тады жыла ў Баравусе (гэта былы вайсковы гарадок, цяпер мікрараён Наваполацка). Аднойчы, калі ехала на дэманстрацыю, мне жанчына сказала: «Вы яшчэ адкажаце за тое, што падрываеце эканоміку, ладзіце сабатаж». Кажу: «За што я павінная адказаць? За тое, што нашых дзяцей збіваюць, саджаюць у турмы?» Яна: «Няма чаго гэтым дзецям па вуліцах хадзіць. А вам калі не падабаецца нешта — з’язджайце». Вось з’ехалі дактары, з’ехалі настаўнікі, моладзь, айцішнікі, якія плацілі велізарныя падаткі дзяржаве…

Екатерина Мирзоева на стриме Сергея Тихановского в Полоцке, 1 апреля 2020 года. Скриншот видео "Страна для жизни"
Кацярына Мірзоева на стрыме Сяргея Ціханоўскага ў Полацку, 1 красавіка 2020 года. Скрыншот відэа «Страна для жизни»

У Кацярыны двое дзяцей і маленькая ўнучка. Сваю гісторыю яна расказвае лёгка, не бядуючы наконт перажытых цяжкасцяў. Хоць шлях жанчына прайшла няпросты.

— Я пасля вучылішча пачынала працаваць у Полацку, а калі выйшла замуж, з’ехала ў Глыбокае і 28 гадоў пражыла там, — успамінае беларуска. — Мы пражылі дзесяць гадоў, але жыць стала невыносна, я забрала дачку і пайшла на прыватную кватэру. Потым другі раз выйшла замуж, гэты муж мяне кінуў, як даведаўся пра цяжарнасць, я была на другім месяцы. Дваіх дзяцей гадавала адна. Па прафесіі я тэхнолаг мяса і птушкапрадуктаў і ўсе гэтыя гады працавала на мясакамбінаце ў каўбасным цэху, праца вельмі падабалася. А потым сын у 11 гадоў захварэў на цукровы дыябет, яго трэба было ўвесь час вазіць у Віцебск да доктара. Гэта далёка, таму мы прадалі кватэру і вярнуліся ў Полацк. Нейкі час я глядзела яго, а потым яшчэ два гады адпрацавала на малочна-кансервавым камбінаце, але так здарылася, што давялося даглядаць паралізаваную маму… Працы я ніколі ніякай не баялася: збірала ягады, вырошчвала расаду, моркву, капусту, гарбуз — у мяне быў гектар зямлі ў арэндзе!

Дзесяць гадоў яна прапрацавала сядзелкай у Расіі. Расказваючы пра гэта, жанчына жартуе, што ў 52 гады паехала «скараць Маскву».

— Тады дачка развялася з мужам і прыехала да мяне, на руках у яе было пяцімесячнае дзіця. Сыну трэба было аплачваць навучанне, да гэтага дачка таксама платна вучылася. Ну і кватэра была на мне, а заробкі самі ведаеце якія. І я паехала! — працягвае Кацярына. — Чатыры гады даглядала адну бабулю, потым — іншую. Мне вельмі пашанцавала, трапіліся добрыя сем'і. З аднымі мы пасябравалі, і нават калі трэба было з’язджаць з Беларусі, яны клікалі да сябе ў Падмаскоўі перачакаць колькі трэба. Але мы ж разумелі, што там доўга не праседзім (смяецца). Увогуле, працаваць фізічна было няпроста, але маральна цяжэй: дома сын з цукровым дыябетам, 11-ы клас ён заканчваў без мяне. Я прыязджала з Масквы, прыбірала ў кватэры, нешта рабіла і зноў з’язджала. Тады ўжо разумела, што адбываецца ў краіне нешта незразумелае, але не да канца. А калі вярнулася дадому назусім, убачыла, што тут поўнае бязмежжа.

Больш за ўсё мяне не задавальняла, што Лукашэнка застаўся на трэці тэрмін. Я праціўніца такога. Вось калі б ён сышоў пасля васьмі гадоў, увайшоў бы ў гісторыю як прыстойны і добры чалавек. Але пачалося бязмежжа, толькі сляпыя не маглі гэта ўбачыць. За яго часам была забітая сельская гаспадарка, разбураныя сем'і: людзі з’язджалі на заробкі — гэта ж не проста так. Ішоў адток насельніцтва, а прыросту няма, закрываюцца школы — хутка зусім не будзе каго вучыць. Усё разбурана. І ўсё гэтае беззаконне ўсюды. Але ніколі не збіралася нікуды з’язджаць — я змагар, з гэтай уладай ваявала ўсё сваё жыццё, калі бачыла несправядлівасць, і заўсёды была непажаданым ёй чалавекам.

«Пісалі: „Закрый свой рот, с**а, інакш мы цябе закапаем жыўцом“»

Актыўны пратэст Кацярыны пачаўся менавіта тады, калі ў яе горад прыязджаў Ціханоўскі. Жанчына ўспамінае, што пасля таго выступу на стрыме ўсё і закруцілася. Яна знайшла аднадумцаў, з якімі потым аб’ездзіла некалькі гарадоў Віцебскай вобласці, дзе праходзілі мітынгі, была ў групе падтрымкі Алены Радзьковай, даверанай асобы Святланы Ціханоўскай.

— Мы пазнаёміліся з многімі хлопцамі, дзяўчатамі, і ў нас спантанна атрымалася такая каманда — проста людзі, якія вырашылі, што трэба нешта рабіць, мяняць, — расказвае яна. — Мы стыхійна ўтварыліся, нам ніхто нічога не аплачваў, як казалі, што мы агенты, праплачаныя Польшчай. У адных дзяўчат былі машыны, а мы скідваліся на бензін і ехалі. Я выступала на мітынгах у Шаркаўшчыне, Ушачах, Браславе, Паставах. Мы самі распрацоўвалі нейкую праграму, хто што будзе казаць, але гаварылі ад душы, не па паперцы. У тыя часы, я яшчэ мушу сказаць, нам ніхто не перашкаджаў, мы гаварылі пра набалелае. У некаторых гарадах мясцовыя жыхары самі актыўна выступалі і расказвалі пра праблемы.

Мы выходзілі на мірныя акцыі, і я лічу, што не здзейсніла ніякага злачынства ні супраць народа Беларусі, ні супраць улады — проста скарысталася сваім канстытуцыйным правам. Я хацела, каб працавалі законы, каб нікога не збівалі і не забівалі, каб людзі атрымлівалі годны заробак і маглі добра і спакойна жыць.

Калі пачаліся масавыя пратэсты і беларусаў сталі затрымліваць, Кацярына «вычытвала ў інтэрнэце, каго забралі», і збірала перадачы, адвозіла іх да ІЧУ. Па «народным» артыкуле 23.34 КаАП у 2020-м прайшоў і яе сын.

— Ён паехаў сустрэцца з аднакласнікамі ў Глыбокае ў дзень, калі забілі Тарайкоўскага. Там на плошчы стаяў, чакаў іх. Сабраліся людзі, можа, чалавек пяць-сем, прыехалі яго гэтыя хлопцы, — тлумачыць нашая суразмоўніца. — І тут жа міліцыя пад’ехала. У іх не было ні сцягоў, ні лозунгаў — яны проста стаялі, але ніхто не пытаўся. Сына забралі. Міліцыянт, які затрымліваў, крычаў на плошчы: «Я табе вочы вырву і ногі пераламаю». Яго пратрымалі ў аддзяленні, але не білі, нават дазволілі перадаць назаўтра бутэрброды, давалі своечасова ўкалоць інсулін. На судзе далі штраф.

А я тады выклала ролік «Матчын боль». Яго паглядзелі, мабыць, не толькі мае сябры, але і сілавікі. Я там, вядома, словаў не выбірала: гаварыла пра суддзю, які судзіў майго сына, гаварыла пра міліцыянта, які яго затрымліваў. І мне пачалі пісаць — абражалі, пагражалі, што і сыну не паздаровіцца: «Ты падумай пра сваіх дзяцей», «Закрый свой рот, с**а, інакш мы цябе закапаем жыўцом». Хто гэта быў, не ведаю. Але я і пасля гэтага не сядзела, не сумавала — рабіла тое, што магла. Пякла пірагі, купляла шакалад, садавіну, гародніну, збірала перадачы і праз дзень ездзіла ў ІЧУ.

У 2009 годзе Кацярына перанесла інфаркт, таму праз столькі гадоў на здароўі стрэс, вядома, адбіўся. Але жанчына аджартоўваецца:

— Я нават адчувала сябе лепш, чым звычайна, увесь час была ў тонусе" (смяецца) Некаторыя баяліся, а ўва мне быццам нейкі рухавічок ўнутры быў. Спала па тры-чатыры гадзіны, увесь час была занятая чымсьці, каб дапамагчы, быць карыснай. Напэўна, гэта адцягвала ўвагу і дапамагала мне жыць у той сітуацыі!

Саму Мірзоеву не затрымлівалі, хоць нават пасля паездак на мітынгі яна была актыўнай, працягвала гаварыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, на сваім YouTube-канале.

— Я пісала «калючыя» вершы, дзе казала ўсё як ёсць. Адзін раз мяне выклікаў на гутарку наш участковы, — расказвае беларуска. — Там такі хлопчык, мне здавалася, яму было страшней, чым мне. Ён проста сказаў: «Вы, калі ласка, больш не хадзіце. Навошта яно вам трэба? У нас жа ўсё нармальна, вы проста не разумееце ўсёй сітуацыі». Казаў падпісаць паперу, што не буду больш хадзіць на мітынгі. Я адмовілася. Ён папярэдзіў, што гэта скончыцца дрэнна. Але мяне ні разу не затрымлівалі, нават не ведаю, чаму так.

Хоць я ведала, што да нас прыйдуць, але за сябе не баялася. Мне тады было ўжо 63 гады, думала: «Ну, заб’юць і заб’юць, што цяпер?» Але калі пачалі затрымліваць усіх запар, за іншых перажывала, за сына было страшна: я разумела, што нас не пакінуць у спакоі. У мяне сын да пратэстаў працаваў на радыё ў Мінску. А калі яму прапанавалі чытаць гісторыі, як «Ціханоўскі збіваў паліцыю», ён адмовіўся і звольніўся.

Потым нехта напісаў на плоце дома, дзе жыў міліцыянт, які яго затрымліваў у Глыбокім, нейкую абразу. Вырашылі, мабыць, што гэта мой сын. Спачатку яго ў Віцебску выклікалі на гутарку, потым — полацкія следчыя, і нам падказалі, што намі ўжо заняліся шчыльна.

Екатерина Мирзоева. Фото предоставлено собеседницей
Кацярына Мірзоева. Фота ад суразмоўніцы

«Мяне душыла крыўда, што я ўсё жыццё адпрацавала, а гэтая ўлада выгнала з краіны»

У лютым 2021 года Кацярына з сынам спешна, як многія беларусы ў той час, з’ехалі з краіны.

— Я выйшла супраць гвалту і беззаконня, але аказалася, што трэба ўцякаць, бо пачалі прэсаваць майго сына, а потым ужо і за мяне ўзяліся. Сарока на хвасце нам прынесла, што, калі мы не з’едзем, нас забяруць, — тлумачыць яна. — 19 лютага 2021 года мы паляцелі з Мінска ў Кіеў, гэта быў вечар з чацвярга на пятніцу. Памятаю, сын яшчэ заўпарціўся: «Мама, у аўторак будуць білеты, таннейшыя на 20 рублёў». Кажу: «Пакуль за 20 рублёў будзем гандлявацца, нас спакуюць і будзем сядзець». І дакладна, у панядзелак раніцай па нас ужо прыехалі «касманаўты». Як расказвалі суседзі, яны да нас хадзілі яшчэ цэлы месяц потым. Калі мы ў Кіеве былі, хтосьці на вайбер з незнаёмых беларускіх нумароў званіў, але мы на гэтыя званкі ўжо не адказвалі.

Ва Украіну Кацярына з сынам прыехалі з заплечнікамі, улегцы — былі ўпэўненыя, што пераседзяць пару месяцаў і вернуцца дадому. Аднак вырашылі рабіць гуманітарную візу ў Польшчу і праз месяц, 20 сакавіка, з’ехалі ў Кракаў, падаліся на міжнародную абарону. Спачатку было эмацыйна няпроста, успамінае пенсіянерка, але не праз адаптацыю да новага месца.

— У Кракаве я ўжо зразумела, што мы затрымаемся тут надоўга. Спачатку мне не было з кім камунікаваць, мы нікога не ведалі, не разумелі, што можна ў дыяспару звярнуцца, пакуль яны нас самі не знайшлі, — кажа пенсіянерка. — Столькі падзей адбывалася, мы сачылі за тым, што ў Беларусі робіцца, за гэтым гвалтам, і ў мяне было пачуццё, што мне не так кепска, як людзям у краіне. Я плакала і перажывала за іх, не за сябе: я ж на волі!

Але асобныя моманты ў першыя месяцы я нават не памятаю. Не таму, што мне было шкада сваю кватэру або што мне давялося з’ехаць, — матэрыяльнае мяне не трымала. Мяне душыла крыўда, што я ўсё жыццё адпрацавала ў сваёй краіне, нічога не зрабіла кепскага, мае бацькі, дзядулі і бабулі таксама пражылі ў Беларусі, а вось гэтыя нягоднікі стварылі такія ўмовы, што мы павінныя з’ехаць. Што гэтая нікчэмная ўлада павыганяла людзей з краіны. Але што я гэтай крыўдай змяню? Нічога. Я не здаюся, дзесьці нешта і пішу. Калі пачалася вайна, з Украіны прымала бежанцаў — дзяўчына з дзіцем у мяне жылі, потым жанчына з Вінніцы. Я прадукты збірала для ўкраінцаў, грошы — чым магла, пасільную суму.

Кацярына ў свае 65 ужо свабодна гаворыць па-польску, у яе ёсць сябры сярод палякаў. Жанчына расказвае, што мову вывучыла лёгка — і на моўных курсах, і ў камунікацыі. Беларуская пенсіянерка хутка знайшла сабе працу нянькай у кракаўскай сям'і.

— Сын адразу вучыў польскую з рэпетытарам, яшчэ ў нас быў тэлевізар. Я спрабавала таксама нешта гаварыць і пытаць, але не зацыклівалася на цяжкасцях. Ведала слова па-польску — гаварыла так, калі не ведала — гаварыла па-беларуску (смяецца). Страхаў ніякіх праз мову не было, і ўсюды даходзіла, даязджала сама! — расказвае нашая суразмоўніца. — Калі нам далі міжнародную абарону, пачалася інтэграцыйная праграма, і абавязкова трэба было ісці ў школу вучыць мову. Нас было сем чалавек — украінцы, расіянка, я і яшчэ адна беларуска. Я, вядома, самая старая ў гэтай групе (смяецца). Але мне было цікава, я старалася. Вельмі руплівая вучаніца была і перажывала: раптам мяне выклічуць, а я не ведаю, будзе ж сорамна! Нават сачыненне напісала на 82% з 100.

Але я і ў размовах вучыла польскую. У ліпені 2021-га пайшла на працу ў мясцовую сям’ю нянькай. Падпісалася на чат «Беларусы ў Кракаве», там выкладвалі розныя аб’явы: хто няньку шукаў, хто сядзелку. І вось трапіўся нам нумар тэлефона, на сумоўі нас было сямёра: дзве полькі, дзве ўкраінкі і тры беларускі. Бацькі выбралі мяне. Тата дзяўчынак, якіх глядзела, гаварыў толькі на польскай, малодшай дачцэ быў годзік, яшчэ дзвюм — пяць і восем гадоў. Часам мне даводзілася заставацца з імі траімі адначасова, а ўсе ж розныя характарам! Калі разумела, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю, я клалася на падлогу, і яны ўсе змагаліся за «месца пад сонцам» — хто будзе сядзець на мне! (смяецца) Я вельмі люблю дзяцей, і яны палюбілі мяне.

Уставаць трэба было ў 5.20 раніцы, бо на працу праз увесь Кракаў ехаць. Афіцыйна ў мяне быў працоўны дзень восем гадзін, але часам даводзілася пабыць і дзесяць. Цяжка было, але я не матрона, што звяжа хустачку, сядзе і будзе глядзець у акенца, разглядаць, на якую кветку матылёк сеў, які чалавек па вуліцы пайшоў. Пасля працы я яшчэ ехала на мітынг, а дадому прыходзіла ў 22−23 гадзіны. Стамлялася, вядома, але на гэта ёсць ноч, душ, кава (смяецца). Я вельмі люблю жыццё, людзей, і мне з тымі дзецьмі было цудоўна. Трапілася вельмі добрая сям’я, мы цяпер сябруем, нават нядаўна я была ў Кракаве і хадзіла да іх у госці.

Екатерина Мирзоева. Фото предоставлено собеседницей
Кацярына Мірзоева. Фота ад суразмоўніцы

«За гэтую пенсію я магла купіць праязны, лекі і дробязі»

У Польшчу Кацярыне блізкія перадавалі яе беларускую пенсію (спачатку каля 360, потым каля 480 рублёў), але ў пераводзе на злотыя сума выходзіла зусім невялікай.

— За гэтую пенсію я магла купіць сабе праязны, лекі і ўсякае па дробязі: шампунь, пракладкі, зубную пасту, можа, яшчэ пару кілаграмаў яблыкаў якіх. Гэта было дзесьці 550 злотых, а цяпер, можа, 750 (мінімальная зарплата ў краіне з 1 студзеня 2023 года — 3490 злотых, гэта 2270 беларускіх рублёў. — Заўв. рэд.). Таму я ў той сям'і адпрацавала год і два месяцы і засталася б яшчэ, але ў жніўні 2022 года ў мяне было падазрэнне на другі інфаркт, — дзеліцца жанчына. — Мяне паклалі ў шпіталь, узялі экспрэс-аналізы, прывезлі ў кардыяаддзяленне, палату інтэнсіўнай тэрапіі. Прыйшла дзяўчынка і сказала не перажываць: усе выдаткі аплачаныя горадам, бо я яшчэ знаходзілася пад той інтэграцыйнай праграмай.

Цяпер я ўжо хаджу да доктара платна, за прыём — каля 270 злотых. Бывала, такое незразумелае пачуццё праз гэтую паліклініку — вось мне трэба было да двух дактароў, мы яшчэ змаглі аплаціць, а не дай бог у бальніцу класціся? Вось тады праўда ўжо была б справа швах, вы ж ведаеце, што ў стацыянары тут знаходзіцца вельмі дорага. Буду спадзявацца, што наперадзе лета, набяруся сіл і абыдземся без бальніц.

Тады са здароўем усё, на шчасце, абышлося. Але пенсіянерка страціла працу. Не змагла знайсці месца, дзе зарплаты хапала б больш чым проста на аплату жылля, і з’ехала да сына ў Зялёну Гуру — горад недалёка ад мяжы з Германіяй. І гэты пераезд не стаў для Кацярыны апошнім у Польшчы.

— Зялёна Гура — вельмі ўтульны гарадок, але невялікі, мне працы там няма. Таму, калі сыну прапанавалі ў Познані працу, пра якую ён марыў усё жыццё, мы пераехалі туды, — адзначае нашая суразмоўніца. — Мне бывае цяжка, вядома, і цісне, што стабільнага даходу няма, я ж звычайны чалавек — я і плачу. Але не дазваляю сабе ўнанурацца ў доўгія слёзы, дэпрэсію. Я ўвесь час кажу: пакуль мы яшчэ плацім за кватэру, пакуль ёсць на ежу, адзенне ёсць — гэта яшчэ не бяда. А потым жартую з сынам: «Ты не хвалюйся, тут шмат касцёлаў — у адзін пойдзем, пабудзем месяц-два, нас там будуць карміць, потым у іншы паедзем» (смяецца). Так што я не баюся! Вядома, мне хацелася б ужо адпачываць на пенсіі, былі б грошы — я б знайшла чым заняцца.

У чужой краіне жанчыне яшчэ давядзецца не адзін год працаваць, каб было за што жыць. Але яна ўпэўненая: справіцца.

— Я лічу, што жыццё цудоўнае ў любых аспектах і яго трэба прымаць такім, якое яно ёсць, жыць па тых правілах, якія дыктуюць абставіны. У мяне сёння яны такія. І я гляджу на іх як на часовыя цяжкасці, мы іх перажывём і годна выйдзем з сітуацыі, — кажа Кацярына.

«Дзецям ужо сказала: дзе я памру, там і хавайце, не трэба везці мяне ў Беларусь»

Да эміграцыі пасля 60 беларуска ставіцца спакойна. Лічыць, што без цяжкасцяў не абысціся, але рэч ва ўспрыманні. Паводле яе, жыць удалечыні ад дома дакладна лепш, чым быць у роднай краіне, але ў турме або ў перажываннях за бяспеку блізкіх:

— Усё залежыць ад чалавека, ад розных фактараў. У нас жа многія маглі з’ехаць, але не змаглі. Вось у Мёрах 69-гадовая жанчына трапіла ў турму (гаворка пра былую настаўніцу Эму Сцяпулёнак, якую асудзілі на 2 гады калоніі па «справе Зельцэра». — Заўв. рэд.). Не трэба, калі табе ці тваім блізкім пагражае турма або смерць, трымацца за гэтыя сцены, крэслы, сталы. Трэба сабраць заплечнік, двое майткоў, бюстгальтараў, ручнік, танометр, як у мяне было, — і наперад. Я нават кашулю начную не ўзяла. Дзве кофты на сябе надзела, джынсы паклала і чаравікі — былі добрыя, а чамусьці надзела рваныя, заўважыла толькі ў Кіеве (смяецца).

Узрост — гэта проста дата ў пашпарце. Можна ж і ў 30 гадоў быць старым, і ў 70 малайцом. Гады не лічу, адчуваю сябе аднолькава з моладдзю, дзецьмі, людзьмі майго ўзросту — я такі, ведаеце, універсальны чалавек. У мяне няма страху, што памру ў чужой краіне. Заўсёды ёсць нейкі пазітыў.

Екатерина Мирзоева. Фото предоставлено собеседницей
Кацярына Мірзоева. Фота ад суразмоўніцы

Кацярына знаходзіць пазітыў і ў сваіх пераездах — больш убачыла свет, хоць і да эміграцыі была ў Польшчы, калі ездзіла гандляваць, у Балгарыі. Калі зяць падарыў ёй на дзень нараджэння грошы, жанчына адправілася разам з сынам паглядзець Берлін. Кажа, што палюбіла і польскія гарады.

— Я ўбачыла, як можна жыць. Мяне ўразіў Кракаў, гэтая прыгажосць. Людзі едуць з усяго свету, каб гэты горад паглядзець, а я магу пахваліцца, што паўтара года там пражыла, — кажа беларуска. — Тут багацце прадуктаў, нават у краме людзі іншыя, усміхаюцца, кажуць дзякуй. Пенсіянеры могуць дазволіць сабе кудысьці паехаць. Хоць не магу сказаць, што тут усё ў шакаладзе, гладка і добра — у маленькіх гарадах нешта ўбогае таксама ёсць. Але гэта новая культура, новыя знаёмствы, цікавыя людзі. А новага я не баялася. Ведаеце, калі мы прыехалі толькі сюды, мне сын заўсёды на трамвай купляў білеты, а тут я пайшла адна. Стаю ля гэтага ідала-білетамата і не магу расплаціцца карткай — затупіла. Падыходзіць малады чалавек сімпатычны, я кажу: «Прашу пана дапамагчы мне купіць білет». І пан купіў мне білет, яшчэ і даў 100 злотых. Я кажу: «Мне не патрэбныя грошы, у мяне ёсць!» А ён усё роўна пакінуў: «То для пані» (смяецца). Прыйшла дадому, сыну расказваю, а ён жартуе: «Мама, не трэба табе ісці на працу, днём на трамваі паездзіш — увечары будуць грошы!»

Кацярына ў чужой краіне жыве поўным жыццём, але некалі ўсё ж хацела б вярнуцца ў Беларусь. У пенсіянеркі няма ілюзій, што гэта адбудзецца хутка. Але і страху, што яна дадому больш не трапіць, няма:

— Па-першае, найбліжэйшым часам мы не вернемся: нас жа там «чакаюць». Па-другое, нават калі гэты галоўны чалавек кудысьці дзенецца (гаворка пра Аляксандра Лукашэнку. — Заўв. рэд.), не трэба думаць, што нам усё адразу «даруюць» і ўсё забудуць. А яшчэ я хачу дадому, але не хачу бачыць людзей, якія нас асуджалі, казалі, што мы дурні і ідыёты. Жыць з імі я шчыра не хачу.

Па доме сумую, вядома, ёсць у мяне там людзі, участак, дзе я пасадзіла кветкі, дрэвы, маліну, ажыну. І гэта мяне цешыла, я бачыла, як там усё ўладкую. Але я стараюся пра гэта не думаць, бо будаваць планы надоўга наперад мне ўжо і па ўзросце не выходзіць. Ну, вось мне было 63 гады, хіба я думала, што паеду ў Польшчу жыць? Я столькі напланавала, а яно не спраўдзілася. Таму я сваё жыццё перагледзела. Сёння ўзыходзіць сонца — прачынаюся і кажу: Госпадзе, дзякую табе, што ты падараваў мне яшчэ адзін дзень. І планы будую на тыдзень.

Але я ўжо ўзроставая, выканала сваю місію: нарадзіла дзяцей, убачыла ўнучку. Я не баюся смерці, але і не чакаю неўміручасці. Усе людзі паміраюць позна ці рана. І мяне не трывожыць тое, дзе я скончу свой жыццёвы шлях. Дзецям ужо сказала: дзе я памру, там і хавайце, не трэба везці мяне ў Беларусь.

Але мы абавязаныя вярнуцца туды! Нам трэба дадому, там будаваць жыццё! Я ўвесь час кажу, што яшчэ мушу на судзе выступіць сведкай і расказаць, што рабілі гэтыя нашыя мясцовыя бандыты. І я вярнуся, калі зразумею, што мне не пагражае турма. Адзінае, што я яшчэ хачу ўбачыць — гэта каб адбыліся змены ў краіне, каб Беларусь стала свабоднай і незалежнай, беларусы былі беларусамі, будавалі сваю новую будучыню. Вось гэтага хачу. А кватэры — гэта такое. Усё роўна мы ўсе смяротныя і з гэтымі кватэрамі калісьці давядзецца расставацца (смяецца).

Калі вяртанне ў Полацк стане магчымым, Кацярына не загадвае. Яе найбліжэйшая мэта — знайсці новую працу, вырашыць гэтае пытанне беларуска збіраецца да красавіка. Пра блізкія пошукі пенсіянерка гаворыць гэтак жа спакойна, як і заўсёды: ведае, што месца сабе знойдзе і сядзець дома не будзе. Пры канцы яна дзеліцца, адкуль бярэ сілы не сумаваць:

— Я праўдалюб. За 65 гадоў у мяне няма грузу, што я аднойчы сустрэну чалавека, якому здрадзіла або падставіла, дрэнна абыходзілася з ім. У мяне сябры па ўсім свеце, кажу гэта без хвальбы. У мяне, як ва ўсіх, шмат і ўсякіх «казявак» у галаве — калі нешта цяжкае адбываецца, я плачу, але хутка збіраюся і шукаю рашэнне пытання. І я на кепскім не зацыкліваюся, каб яно мяне знутры не раз’ядала. Я памятаю ўсё, сваё жыццё не забыла. Але не хачу сядзець плакаць на руінах — стараюся пісаць вершы, камунікаваць з людзьмі. Калі ўсё вельмі кепска — вышываю, вяжу, іду ў музей, у храм, размаўляю сама з сабой, дзесьці ў полі, у лесе. Выгаворваю ўсё гэта, каб яно адышло і не мучыла мяне, — гэта ў мінулым, а мінулае нельга вярнуць і змяніць.

Вось мяне муж кінуў на другім месяцы цяжарнасці. Што мне з ім трэба было зрабіць? Разарваць, праклінаць? Не трэба. Калі меў рацыю — яму ў жыцці пашанцуе, калі не — не пашанцуе. Яму не пашанцавала. Але гэта не ад мяне залежыць. Балюча, горка, плакала, так. Але выгадавала дзяцей добрых, дала адукацыю. І я так па жыцці іду, на ўсё гляджу — што я зрабіла добрага.