Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  2. «Прошло 86 часов». Коллапс на беларусско-польской границе — автомобили и автобусы стоят в очереди сутками
  3. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
  4. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  5. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
  6. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  7. Москва объявляет односторонние перемирия ради выгоды, а не мира — ISW
  8. «Боюсь, ночью могут начаться мародерства». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  9. Что будет с теми, кто в 2020-м выходил на протесты, когда закончится срок давности по «народной» 342-й статье? Спросили аналитика
  10. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  11. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
Читать по-русски


Нацыянальны статыстычны камітэт, або Белстат, — дзяржаўная арганізацыя, якая збірае лічбы пра стан справаў у эканоміцы, дэмаграфіі і іншых сферах жыцця беларусаў. У апошнія гады яна робіцца ўсё больш закрытай: ужо нельга даведацца, напрыклад, колькі людзей памерла падчас пандэміі або на што ідуць нашыя падаткі. Мы пагутарылі з крыніцай, знаёмай з сітуацыяй, і расказваем, якім чынам хаваюць лічбы і як сілавікі запалохваюць і рэпрэсуюць супрацоўнікаў арганізацыі.

Фото: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Суразмоўцам у гэтым тэксце выступіў чалавек, дасканала знаёмы з сітуацыяй унутры статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці.

«Афіцыйныя звесткі мы ніколі не мелі права карэктаваць»

У перыяд пандэміі каранавіруса Белстат пачаў хаваць статыстыку па смяротнасці насельніцтва. Паступова ведамства рабілася ўсё больш закрытым. Цяпер на сайце арганізацыі беларусы не могуць даведацца, як нашая краіна гандлюе з іншымі дзяржавамі, колькі ў Беларусі пенсіянераў, ім не паведамляюць дэталяў расходавання бюджэту і стану дзяржаўнай запазычанасці і нават колькасць прынятых і звольненых айцішнікаў.

Крыніца «Люстэрка» сцвярджае, што звычайна інструкцыі пра ўтойванне інфармацыі ў абласныя структуры спускае рэспубліканскае кіраўніцтва.

— З Белстата тэлефануюць начальніку аддзела і кажуць: адны паказчыкі мы публікуем, а іншыя — не. Прычым гэта могуць рабіць больш тонка. Не проста хаваць інфармацыю, а, напрыклад, публікаваць абрэзаныя статыстычныя параўнанні год да года. Скажам, можна публікаваць звесткі пра аб’ём экспарту прадукцыі штогод, а можна — паміж 2022 і 2018 гадамі, прапускаючы некалькі гадоў. Мэта — зрабіць лічбы максімальна пазітыўнымі. Калі гэта немагчыма, звесткі проста не публічаць. У асноўным такія ўказанні спускаліся аддзелу прамысловасці. Пад катэгарычную забарону да публікацыі траплялі звесткі нафтаперапрацоўчай галіны. Хавалася шмат лічбаў што да экспарту лесу. То-бок прадукцыі, якая трапіла пад санкцыі.

Пры гэтым крыніца падкрэслівае, што звесткі пра экспарт лесу, нафтапрадуктаў або іншых «таемных» частак статыстыкі збіраюцца сумленна. Паводле суразмоўцы, на ўзроўні абласных структур Белстата лічбы не мяняюць. Іх проста хаваюць.

— Афіцыйныя звесткі ўпраўленне ніколі не мела права карэктаваць. Магчыма, такімі рэчамі могуць займацца органы выканаўчай улады — райвыканкамы ці гарвыканкамы. Але тое, што «прыходзіць на статыстыку», не выпраўляецца наогул. Гэта немагчыма, — тлумачыць крыніца. — У Гомельскай вобласці ёсць шмат розных прадпрыемстваў і арганізацый, якія мусяць даваць справаздачы. У іх ёсць тэрміны здачы: раз на месяц, квартал ці год. Упраўленне збірае гэтыя лічбы, апрацоўвае іх і адпраўляе вышэй. Там у сваю чаргу могуць удакладніць нейкія звесткі, даслаць пытанні — статыстыкі пераўдакладняюць у арганізацый. І так па коле. То-бок мясцовыя чыноўнікі ўмяшацца ў працу статыстыкі не могуць. Уласна, чаму некаторыя звесткі не публікуюцца? Таму што гэта рэальныя лічбы. Калі іх убачаць людзі, узнікнуць пытанні.

Са словаў суразмоўцы, інструкцыі ўтойваць звесткі супрацоўнікаў статыстычнага ўпраўлення не абуралі — «усё выконвалася». У цэлым статыстыкі трымаюцца за сваю працу, бо атрымліваюць, паводле мерак абласнога цэнтра, нядрэнныя заробкі.

— Абсалютна ніякага раздражнення ці абурэння з нагоды загадаў Белстата ва ўпраўленні не было, — тлумачыць крыніца. — Загад ёсць загад. За такую працу людзі атрымліваюць нядрэнныя заробкі. Скажам, вядучы спецыяліст — 1500 рублёў, галоўны спецыяліст ці начальнік аддзела — 1800, першы намеснік кіраўніка ўпраўлення — 4000, а кіраўнік — 5000.

«Як ні дзіўна, да нядаўняга часу ніхто асабліва не чапаў»

Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото: TUT.BY
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Наш суразмоўца расказвае, што ў 2020 годзе, перад прэзідэнцкімі выбарамі, больш за 15 супрацоўнікаў Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці (а таксама раённых аддзелаў статыстыкі) паставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Рэпрэсіі ў арганізацыі пачаліся праз тры гады.

— Як ні дзіўна, да нядаўняга часу ніхто асабліва не чапаў, — кажа крыніца. — У 2020-м на першы праўладны мітынг загадалі схадзіць начальніку ўпраўлення (тады гэтую пасадузаймаў Вячаслаў Пернікаў) і яго намеснікам. Ведаю, што чыноўнікаў з Гомельскага гарвыканкама гвалтоўна і пад пагрозамі прымушалі наведваць такія мерапрыемствы, але ва ўпраўленні такога не было.

Сітуацыя пачала мяняцца ў 2021 годзе, калі ў арганізацыю «прызначылі куратара з КДБ». Суразмоўца кажа, што ён перыядычна прыходзіў ва ўпраўленне і размаўляў з намеснікам начальніка ўпраўлення па ідэалагічнай працы — Сяргеем Анохавым.

— Цікава, што з падачы КДБ пазней Анохава звольнілі, — успамінае крыніца. — Але, наколькі ведаю, не праз палітыку. Я так разумею, што куратар з КДБ і прынёс спісы работнікаў упраўлення, якія падпісваліся за Ціханоўскую, Цапкалу і Бабарыку. Людзей з дакумента выклікалі на ідэалагічныя гутаркі. Тады іх праводзіў не кадэбэшнік, а начальнік упраўлення Пернікаў. Пытаў пра стаўленне да Лукашэнкі і Канстытуцыі, пра прэтэнзіі да ўлады. Было відаць, што гэта не ягоная ініцыятыва і яму самому было непрыемна задаваць такія пытанні. Папярэджвалі, каб не падпісваліся на «экстрэмісцкія» каналы. Потым яшчэ ў 2022 годзе прымусілі схадзіць прагаласаваць на рэферэндум пра змяненне Канстытуцыі. Але жорсткіх мер яшчэ не было.

Паводле крыніцы, пасля з’яўлення куратара са спецслужбы ва ўпраўленні стварылі ячэйку БРСМ. Туды запісалі людзей, якія пакідалі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах. Ціск на тых, хто «правініўся», паступова рос. У 2022-м іх папярэдзілі, што яны могуць забыць пра павышэнне. Яшчэ праз год пачаліся затрыманні і звальненні.

— Спачатку звольнілі адну дзяўчыну. Падрабязнасцяў не ведаю, але казалі, што данаціла ў фонды ў 2020 годзе. Куратар дапытваў яе пяць гадзін. Людзей з таго самага спісу зноў выклікалі на гутаркі да начальніка ўпраўлення. Ад КДБ было распараджэнне: калі не ўпэўненыя ў чалавеку — звальняць. Улетку 2023 года кадэбэшнік дапытаў яшчэ аднаго супрацоўніка. Пасля яго пасадзілі на 15 сутак, а потым звольнілі. Большасць нават не ведала, што іх калега на «сутках».

У снежні 2023 года ва ўпраўленне прыйшлі ці то з КДБ, ці то са Следчага камітэта. Сабралі супрацоўнікаў у актавай зале. Іх прымусілі напісаць лагіны і паролі ад акаўнтаў у Viber і Telegram. Для мяне загадка, чаму некаторыя перадалі звесткі ад сваіх рэальных акаўнтаў. Магчыма, спалохаліся. Сілавікі дыстанцыйна падключыліся да акаўнтаў людзей. Пасля гэтага звольнілі яшчэ начальніцу дэмаграфічнай статыстыкі і яе намесніцу. У намесніцы ў мэсэнджары знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы і правялі ператрус у яе кватэры. Агулам пасля снежаньскага сходу звольнілі пяцярых чалавек.

Крыніца сцвярджае, што на вызваленае месца паставілі людзей «з умовай супрацоўніцтва». Цяпер яны мусяць збіраць інфармацыю пра калег і перадаваць яе сілавікам. Частка людзей, якія пакідалі подпісы за кандыдатаў на выбарах 2020 года, па-ранейшаму працуе ва ўпраўленні.

— Некаторыя з іх «раскаяліся» і перагледзелі свае палітычныя погляды — праз страх і ціск начальства, — заяўляе суразмоўца.

У жніўні 2023 года звольнілі Вячаслава Пернікава (цяпер начальніцай пазначаная Таццяна Кабылянская). Сярод супрацоўнікаў хадзілі чуткі, што працай Пернікава была незадаволеная кіраўніца Белстата Іна Мядзведзева.

— Кажуць, апошняй кропляй у пытанні пра звальненне Пернікава сталі арышты супрацоўнікаў па палітычных справах. Недагледзеў. Яшчэ і даваў ім станоўчыя характарыстыкі, — заключае крыніца.

Чытайце таксама