Маці васьмі дзяцей з Ашмянаў судзілі за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Пастанова па яе адміністрацыйнай справе была апублікаваная ў банку судовых рашэнняў. Увагу на гэта звярнуў тэлеграм-канал «Право имеют».
Паседжанне прайшло 22 лютага. Жанчына на разгляд справы прыйсці не змагла, бо знаходзіцца ў дэкрэце і выхоўвае восем няпоўнагадовых дзяцей.
Пратакол на жанчыну склаў супрацоўнік міліцыі. Як гаворыцца ў пастанове, шматдзетная маці была падпісаная ў Instagram на «Сумленных людзей», «Радыё Свабода», «Краіну для жыцця», Belsat і rada.vision.
Суд прызнаў яе вінаватай у захоўванні з мэтай распаўсюду «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і прызначыў 25 базавых велічынь штрафу (1000 рублёў). У яе таксама канфіскавалі мабільны тэлефон.