Адзін з паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Беларусі гатовы «пры неабходнасці да пераводу на ваенны час». Такую заяву зрабіў 30 траўня першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў падчас трэніроўкі па рэсурсным забяспечанні пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС у ваенны час, піша БЕЛТА.
Спікер адзначыў, што цягам двух дзён у паўднёва-ўсходнім рэгіёне адпрацавалі шэраг элементаў гатоўнасці ў цэлым — не толькі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, але і ўсіх фарміраванняў грамадзянскай абароны да пераводу на дзеянні ў ваенны час.
— Правераная гатоўнасць спецыяльных фарміраванняў, іх укамплектаванасць і іншае. У цэлым сістэма рэгіёна гатовая пры неабходнасці да пераводу на ваенны час. Разам з тым ёсць шэраг карэктываў, якія патрабуюць аператыўнага ўмяшання, таму мы выпрацуем кіраўнічыя рашэнні і прымем адпаведныя нарматыўна-прававыя акты, якія дазволяць нам у цэлым рэалізаваць і забяспечыць функцыянаванне і ўзаемадзеянне ў перыяд падрыхтоўкі і пераводу на ваенныя рэйкі, — расказаў ён.
На трэніроўцы адпрацаваныя алгарытмы з усімі спецыяльнымі службамі забяспечання, задзейнічаныя ў тым ліку падраздзяленні МНС.
— Праверылі і ўзаемадзеянне ўсіх элементаў вайсковага складніка. Акрамя гэтага, вызначылі для сябе перспектыўны напрамак, каб удасканаліць у цэлым работу, прыцягнуць рэсурсы тэхнічных транспартных сродкаў, магчыма, пашырыць дыяпазон спецыяльных фарміраванняў і іншае, — падкрэсліў Аляксандр Худалееў.
Першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях нагадаў, што аналагічныя трэніроўкі прайшлі ўжо ў двух рэгіёнах, Гомельская вобласць — трэцяя.