Сёння ўкраінскі Бахмут параўноўваюць з французскім Вердэнам, дзе ў Першую сусветную 10 месяцаў ішлі такія ж баі на знясіленне. Бахмут расіяне атакуюць ужо паўгода. Горад разбураны на 60% — шэсць дамоў з кожных дзесяці разбітыя дашчэнту або атрымалі значныя пашкоджанні. У калісьці 80-тысячным горадзе цяпер застаецца каля 8 тысяч цывільных, з іх 206 дзяцей. «Украінская праўда» публікуе аповеды байцоў, якія змагаюцца за горад.
Выданне падкрэслівае, што ніхто з байцоў не пагадзіўся падрабязна расказаць пра сітуацыю. Аднак з абрывачных аповедаў робіцца зразумела, якой цаной даецца Украіне барацьба за яе горад і на што гатовыя расіяне, каб захапіць Бахмут.
«Аўтамат чырвоны, хоць прыкурвай ад яго»
«Такое ўражанне, што маскалі „ловяць на жыўца“. Кідаюць на нас сваю пяхоту — часам нават без шлемаў і „бронікаў“. Пхаюць проста пад кулі. Нашыя хлопцы страляюць-страляюць, тыя штабялямі падаюць, але ідуць.
Чаму? Ёсць толькі адно больш-менш лагічнае тлумачэнне: каб знясіліць нас. Таму што спачатку яны гоняць самы непатрэб — „людское мяса“, каго ім не шкада. Мы пачынаем страляць: адзін ражок, два, тры, пяць… У цябе награваецца аўтамат, ты б і не страляў, таму што баішся, што ад перагрэву заклінуе, тады наогул капец! Але не вытрымліваеш і зноў страляеш.
Яны падаюць, падымаюцца і зноў ідуць. Ты шалееш. У цябе ўсё ражкі пустыя, ты вымушаны садзіцца на дно акопа, даставаць новыя пачкі патронаў, разрываць упакоўку, набіваць ражкі. Патроны сыплюцца ў гразь, ты нервуешся, пальцы мерзнуць.
За боем, вядома, назіраць ужо не можаш. І ў гэты час ззаду таго маскальскага хламу ўстаюць іх свежыя штурмавыя групы і валяць на нас. Паспяваюць падбегчы на крытычную адлегласць і закідваюць нашыя акопы гранатамі. Нашыя хлопцы гінуць або вымушаныя адыходзіць. Потым пытаюцца: чаму здалі пазіцыі? Чаму-чаму. Таму што аўтамат чырвоны, хоць прыкурвай ад яго — ён не страляе!»
«Часам хтосьці папракне: украінская пяхота, маўляў, абкопваецца дрэнна — па калена выкапаюць акопы і сядзяць. Ну, можа, дзесьці такое ёсць. Але дакладна не ўсюды. Не трэба ўсіх адной лінейкай мераць.
А маскалі — так, яны ўмеюць капаць. Часам нават «правакацыйна» капаюць: сталі ва ўвесь рост, знялі вопратку, узялі рыдлёўкі і капаюць як шалёныя, не тоячыся. Нашыя па іх не страляюць, таму што сабе даражэй. Ужо праверана: мы пачынаем страляць, дэмаскіруемся, па нас «прылятае» — мінамёты, снайперы…
І ў акопе па калена кепска, таму што ён не ратуе, і страляць па маскалям, якія капаюць, кепска, таму што нарвешся на яшчэ большую «зваротку».
«Нам кажуць: «Чаго вы не закопваецеся, чаго лежыце ў ямках па 40 сантыметраў?» Ляжым, таму што 40 сантыметраў — гэта тое, што змаглі і паспелі, а далей так цвёрда, што ўгрызці можна хіба кіркай. А капаць сапёрнай лапаткай у адной руцэ — гэта ўсё роўна што асфальт лежачы скрабком.
Пачнеш падымацца хаця б на калені, заўважаць — паляцяць міны. Працягнеш ляжаць — можа, пранясе, а можа, не. Ніколі не ведаеш, як лепш у канкрэтнай сітуацыі. Калі разважыць, то трэба выводзіць больш людзей: адны назіраюць, іншыя капаюць, потым мяняюцца. Але людзей мала, маскалёў відавочна больш».
«Пасля 2 студзеня рэзка памянялася карціна вайны пад Бахмутам.
Раней супраць нас стаялі «вагнераўцы», а яны не найлепшыя ваяры. Артылерыя іх страляла бессістэмна. Ёсць паняцце «генератар выпадковых лічбаў», а ў іх быў «генератар выпадковых стрэлаў» — рандомныя абстрэлы.
Але «вагнераўцаў» перагналі пад Салядар, а на Бахмут прывялі кадравых дэсантнікаў. Якасць іх артылерыі палепшылася. Наш танк, калі зробіць стрэл, адразу па ім прылятае 5−6 «зваротак», і даволі прыцэльна — «вагнераўцы» так не ўмелі. Стала небяспечней.
Да таго ж яны падцягнулі больш 120-х мінамётаў, раней пераважалі 80-я.120-ка магутная — «капае глыбей», хутка разбурае акопную сістэму».
«Ад нашых пазіцый да маскальскіх часам так блізка, што часам чуваць іх размовы.
Неяк мы пачулі, што яны рыхтуюцца да атакі — вось-вось пойдуць. Гэта неяк і прыкольна, і страшна: «Пяціхвілінная гатоўнасць, па маёй камандзе…»
З іх размоваў было зразумела, што маскалям прывезлі патроны за лічаныя хвіліны да атакі і загадалі зараджаць у ражкі. Уяўляеце, ім так не давяраюць, што патроны даюць толькі непасрэдна перад боем! Можа, іх баяцца іх жа камандзіры, каб не перастралялі?»
«У першы мой выхад на пазіцыі — капец як было страшна! Вызначылі мне сектар назірання — углядаюся ў кусты. Увечары — кусты як кусты, ноччу наогул нічога не бачыш: усё чорнае, толькі прыслухоўваешся. А раніцай, калі ўжо шарэе, той самы куст ужо пачынае здавацца чалавечай фігурай ці яшчэ чымсьці падазроным.
Разумееш: у цябе едзе дах, але дапамагчы сабе не можаш. І ў гэты момант раптам нехта з нашых пачынае страляць. Я гэтак жа — па сваім праклятым кусце ці «маскалі».
Потым стральба раптам спыняецца. Аказваецца, хтосьці націснуў на спуск з перапуду, таму што нервы не вытрымалі, і ўся рота следам — як сабакі ў вёсцы. І ў кожнага з нас па ражку, а то і па два патроны — як з куста. Дакладней, у маім выпадку — не «з куста», а «па кусце».
Я так паддаўся паніцы адзін раз, другі, а потым мяне ўжо так проста на дурную стральбу не ўзяць. Не ўпэўнены — не страляй».
«У нас былі вялікія страты — не хапала людзей на пазіцыі. Дык нам суседняя брыгада падкінула дапамогу. Але даслалі не навучаную пяхоту, а каго знайшлі — сувязістаў, СПАшнікаў, тылавікоў…
Дзякуй і на тым. Але яны не вытрымалі — адышлі з пазіцый, і туды зайшлі маскалі. Падняўся кіпіш: пакуль маскаль не абжыўся — не перакапаў акопы фронтам у наш бок, не завёз боекамплект, не прыстраляў нашы пункты — трэба хутка пайсці ў контратаку і выбіць.
Даслалі штурмавое падраздзяленне, БТР, «бэху» (баявая машына пяхоты, БМП. — Заўв. рэд.), танк. «Бэха» выскачыла наперад, па ёй ударылі з РСГ (ручны супрацьтанкавы гранатамёт. — Заўв. рэд.), яна хутка назад, і так хутка, што кіроўца не справіўся і ўдарыў танк. Танк зляцеў у канаву і захрас. Выклікалі другі танк, каб выцягнуць. Час ідзе.
Нарэшце ўсе сабраліся. Па рацыях дакладваюць абстаноўку. І нехта з нашых кажа: у такім кірунку быццам бачылі маскальскі разлік РСГ. І ўжо праз хвіліну пасля гэтага чуем ад нашых прышлых танкістаў: «Танк не завёўся — падтрымаць атаку не зможам!» Ну што тут скажаш: на вайне як на вайне».
Нагадаем, 20 снежня ў Бахмут нечакана прыехаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Журналістам свой прыезд прэзідэнт Украіны пракаментаваў так: «Мы ж адна краіна. Яны абараняюць нашыя жыцці, значыць, аддаюць свае. Мы хаця б часам мусім рызыкаваць сваімі, каб падтрымаць нашых хлопцаў. Мне здаецца, гэта сумленна».