У Міністэрстве абароны Расіі заявілі пра знішчэнне пад Краматорскам дзвюх РСЗА HIMARS. У Генштабе УСУ паведамілі, што расійскія войскі за суткі абстралялі больш чым 150 населеных пунктаў па ўсёй тэрыторыі Украіны, ёсць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што Украіна верне сабе ініцыятыву ў 2023 годзе пры дастатковай і своечасовай падтрымцы Захаду.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 363-і дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі атакі праціўніка ў трох абласцях
Пагроза расійскіх авіяцыйных і ракетных удараў па тэрыторыі Украіны застаецца высокай, перасцерагае Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Цягам сутак расійскія войскі нанеслі шэсць ракетных і 28 авіяцыйных удараў па цывільнай інфраструктуры Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Правялі 86 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. У выніку знішчаныя і пашкоджаны жылыя дамы, школы і крамы. Ёсць загінулыя і параненыя.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках былі абстраляныя 32 населеныя пункты; на Купянскім і Ліманскім — 15; на Бахмуцкім напрамку абстрэлам падвергліся больш чым 20 населеных пунктаў; на Аўдзееўскім і Шахцёрскім — больш за 30; на Запарожскім напрамку агнявому паражэнню падвергліся раёны больш чым 25 населеных пунктаў; на Херсонскім напрамку ад артылерыйскага агню пацярпелі раёны больш чым 35 населеных пунктаў.
— Расійскія войскі і далей засяроджваюць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках у раёнах Неўскага, Бахмута, Навабахмутаўкі, Вадзянога і Мар'інкі.
— Падраздзяленні Сіл абароны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка і Масютоўка Харкаўскай вобласці; Белагораўка — Луганскай і Васюкоўка, Бярхоўка, Бахмут, Васільеўка, Навабахмутаўка, Вадзяное, Невельскае і Мар'інка ў Данецкай вобласці.
— Авіяцыя Сіл абароны за суткі нанесла 16 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх сіл і ўдарыла па зенітна-ракетным комплексе на агнявой пазіцыі.
— Украінскія абаронцы збілі тры БПЛА тыпу «Ланцэт».
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя суткі ўдарылі па дзвюх пазіцыях супрацьпаветранай абароны ворага і батарэі рэактыўных сістэм залпавага агню праціўніка.
Расія працягвае прымусовую пашпартызацыю грамадзян Украіны на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай вобласці. У прыватнасці, у Горлаўцы работнікаў бюджэтных установаў пад асабісты подпіс папярэдзілі, што тыя, хто да 1 ліпеня не атрымае пашпарт РФ, будуць звольненыя, паведамілі ў Генштабе.
Мінабароны РФ: збілі снарады HIMARS і «Ураган», дзве ракеты «Точка-У»
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што працягваюць актыўныя баявыя дзеянні на Купянскім і Данецкім напрамках.
— На Купянскім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў «Заходняй» групоўкі войскаў пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Табаеўка, Сінькоўка Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці. Знішчаныя да 70 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, баявая машына РСЗА «Град», гаўбіца Д-20, а таксама артылерыйская сістэма М777.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае комплекснае агнявое паражэнне жывой сіле праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка, Чырвоная Дзіброва Луганскай і Ямполаўка Данецкай абласцей. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя больш чым дзвесце ўкраінскіх вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, баявая машына РСЗА «Град», самаходная гаўбіца «Гваздзік», гаўбіца Д-30, а таксама дзве гаўбіцы М101.
— На Данецкім напрамку пры падтрымцы штурмавой авіяцыі, удараў цяжкіх агнямётных сістэм і агню артылерыі працягваюцца наступальныя дзеянні падраздзяленняў «Паўднёвай» групоўкі войскаў. Страты УСУ на гэтым напрамку за суткі склалі больш за 170 украінскіх вайскоўцаў, пяць баявых браніраваных машын, чатыры аўтамабілі, баявая машына РСЗА «Град», самаходная гаўбіца «Акацыя», самаходная гаўбіца «Гваздзік» і дзве гаўбіцы Д-30. У раёне горада Краматорск Данецкай вобласці знішчаныя дзве пускавыя ўстаноўкі сістэмы залпавага агню HIMARS і склад боепрыпасаў.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках артылерыяй і цяжкімі агнямётнымі сістэмамі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае комплекснае агнявое паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Прачыстаўка і Залатая Ніва Данецкай вобласці. За суткі знішчаныя да 70 ўкраінскіх вайскоўцаў, два танкі, дзве баявыя браніраваныя машыны, баявая машына РСЗА «Град» і гаўбіца Д-20. Таксама ў раёне населенага пункта Вуглядар пабіты склад боепрыпасаў УСУ.
— На Херсонскім напрамку падчас контрбатарэйнай барацьбы за суткі знішчаныя самаходная гаўбіца «Акацыя», дзве самаходныя гаўбіцы «Гваздзік» і ў раёне населенага пункта Томіна Бэлька Херсонскай вобласці — радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-37. Акрамя таго, у раёне горада Херсон знішчаны склад боепрыпасаў УСУ.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесеныя ўдары па 94 артылерыйскіх падраздзяленнях УСУ, а таксама жывой сіле і тэхніцы ў 128 раёнах. Знішчаныя 10 украінскіх беспілотных лётных апаратаў, збітыя два рэактыўныя снарады HIMARS і «Ураган», а таксама дзве тактычныя ракеты «Точка-У».
Інстытут па вывучэнні вайны: МА РФ рыхтуе інфармацыйныя ўмовы для вывядзення з ладу ўкраінскіх АЭС
У Інстытуце па вывучэнні вайны адзначаюць, што візіт прэзідэнта ЗША Байдэна ў Кіеў напярэдадні першай гадавіны вайны і перадача Украіне дадатковых 500 мільёнаў даляраў у выглядзе ваеннай дапамогі сведчаць пра нязменную прыхільнасць ЗША падтрымцы Украіны ў яе намаганнях па вызваленні сваёй тэрыторыі.
У ISW таксама лічаць, што іх ранейшая ацэнка наконт таго, што Украіна здольная вярнуць сабе ініцыятыву ў 2023 годзе пры дастатковай і своечасовай падтрымцы Захаду, застаецца актуальнай.
Што да расійскага боку, то там эксперты звяртаюць увагу на заяву Прыгожына пра тое, што расійскае ваеннае камандаванне спыніла пастаўкі артылерыйскіх снарадаў вагнераўцам праз яго «складаныя адносіны» са службовымі асобамі Міністэрства абароны. Прыгожын сцвярджаў, што ў Вагнера «поўны голад па снарадах», бо расійскія вайскоўцы праігнаравалі ягоныя патрабаванні і ўвялі новыя абмежаванні на закупку боепрыпасаў. Прыгожын сцвярджаў, што ПВК Вагнера нясе ў два разы больш стратаў праз тое, што не можа здушыць агонь украінскай артылерыі, і адзначыў, што падчас знаходжання на пасадзе былога камандуючага Аб’яднанай групоўкай войскаў Расіі ва Украіне генерала Суравікіна снарадаў было дастаткова. Прыгожын таксама адзначыў, што «Вагнер» атрымліваў пэўную зброю ад неназваных генералаў і афіцэраў, якія парушылі ваенны кодэкс, каб дапамагчы яму.
Зварот Прыгожына сведчыць, што ПВК Вагнера залежыць ад паставак цяжкага ўзбраення і боепрыпасаў Мінабароны Расіі, а таксама пацвярджае, што найміты — не адзіная сіла, якая дзейнічае вакол Бахмута, улічваючы бесперапынны артылерыйскі агонь у гэтым раёне, адзначаюць эксперты.
У зводцы таксама надаецца ўвага стварэнню інфармацыйных умоваў для нанясення ўдараў па энергааб’ектах Украіны для вывядзення з ладу ўкраінскіх атамных электрастанцый.
Вядомы расійскі навінавы агрэгатар нядаўна заклікаў расійскіх вайскоўцаў сістэматычна наносіць удары па электрычных падстанцыях, размешчаных за межамі ўкраінскіх АЭС, каб прымусіць украінскіх чыноўнікаў праводзіць аварыйныя адключэнні на станцыях. Мінабароны Расіі можа пачаць інфармацыйную аперацыю, скіраваную на стварэнне ўмоваў для нанясення такіх удараў і магчымых радыялагічных інцыдэнтаў, якія могуць паўстаць у выніку сістэматычнага адключэння аб’ектаў ад энергазабяспечання.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі працягвалі наступ на лініі Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні ў раёне Бахмута, а таксама ў раёне Аўдзееўкі — Данецка і на захадзе Данецкай вобласці;
- украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што расійскія войскі працягваюць мілітарызацыю Запарожскай атамнай электрастанцыі (ЗАЭС);
- украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што расійскія сілы могуць адчуваць цяжкасці з рамонтам сістэм СПА, разгорнутых ва Украіне;
- расійскія акупацыйныя ўлады выкарыстоўваюць «антытэрарыстычную» камісію для апраўдання захопу і нацыяналізацыі актываў у акупаваным Крыме з эканамічнымі і ваеннымі мэтамі.