Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Расійскі дэпутат і кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картаполаў 16 ліпеня агучыў чарговую прычыну, з якой ПВК Вагнера апынулася ў Беларусі. На думку адстаўнога генерала, найміты — гэта «ўдарны кулак», які можа захапіць Сувалкскі калідор «за лічаныя гадзіны». Што стаіць за заявай дэпутата Картаполава, ці будзе ПВК Вагнера змагацца за гэты самы калідор супраць армій NATO і ці пад сілу ёй выкананне такой задачы? Разбіраемся.

Што заявіў Картаполаў

Дэпутат Картаполаў зрабіў сваю заяву пра ПВК Вагнера і Сувалкскі калідор у перадачы расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва, якую паказалі ў нядзельным эфіры тэлеканала «Расія 1». У цэлым прамова дэпутата выглядае як спроба пераканаць аўдыторыю ў тым, што мяцеж ПВК Вагнера і далейшае яе перакідванне ў Беларусь — гэта нейкі хітры і сакрэтны план, удала рэалізаваны высокім расійскім кіраўніцтвам.

Генерал-полковник Андрей Картаполов (в центре) на совещании министерства обороны РФ в августе 2018 года. Фото: Mil.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org
Генерал-палкоўнік Андрэй Картаполаў (у цэнтры) на нарадзе Міністэрства абароны РФ у жніўні 2018 года. Фота: Mil.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

— Мы з вамі тут на адной з перадач казалі пра тонкі ход нашага вярхоўнага галоўнакамандуючага (гаворка пра Уладзіміра Пуціна. — Заўв. рэд.). Зразумела, што «вагнеры» адышлі ў Беларусь, каб там вучыць беларускія ўзброеныя сілы. Насамрэч жа не толькі. Не толькі. І не столькі. Ёсць такі Сувалкінскі калідор. <…> І вось гэты Сувалкінскі калідор у выпадку чаго нам вельмі патрэбны, — заявіў расійскі дэпутат.

Вядоўца Уладзімір Салаўёў у адказ на гэта агучыў абгрунтаваны сумнеў:

— Але яны адышлі ўжо без тэхнікі. Яны сёння здавалі ўсё.

— Нічога страшнага, — парыраваў Картаполаў. — Здалі адно — атрымаюць іншае.

— Я чагосьці паглядзеў там, боепрыпасаў нямала яны здалі, — працягнуў сумнявацца Салаўёў.

— Атрымаюць, — адказаў Картаполаў.

Потым да размовы далучылася прапагандыстка і кіраўніца інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» Маргарыта Сіманьян.

— Так, гэта дзіўна. Мяне гэта проста ўзрушыла. «Голад, дайце боепрыпасы, дайце боепрыпасы», а сёння яны здалі паўтары тысячы не боепрыпасаў, а тон боепрыпасаў!

— Можа, гэта іншыя боепрыпасы, я не ведаю? — удакладніў Салаўёў.

— Разбяруцца ў Міністэрстве абароны, — запэўніў Картаполаў. — Што яны давалі, што яны забралі. Гэта не пра гэта гаворка ідзе. І вось гэты няшчасны калідор возьме за лічаныя гадзіны. І тут зноў мы іх апярэдзілі. Разумееце, вось мы часам любім «ай-яй-яй, вось яны вось так, а мы нічога не робім». Калегі, усё мы робім. Толькі, яшчэ раз паўтару, мы робім гэта не павіскваючы ў сродках масавай інфармацыі і расказваючы, як яны будуць строіць з сябе «крутых Уокераў». Мы гэта робім ціха, спакойна, грунтоўна і лагодна.

Версія Картаполава можа нават падацца пераканаўчай — калі не заўважыць, што ён у ёй супярэчыць сабе самому. Дэпутат расказвае, што «сакрэтны план» пра стварэнне ўдарнай групоўкі з ПВК Вагнера рэалізуецца ў поўнай цішыні без «павізкванняў» у СМІ — але робіць гэта на адным з самых папулярных расійскіх федэральных тэлевізійных каналаў са шматмільённай аўдыторыяй.

Лагерь у деревни Цель под Осиповичами, построенный, предположительно, для ЧВК Вагнера. Фото: Reuters
Намётавы лагер каля вёскі Цэль пад Асіповічамі, пабудаваны, як мяркуецца, для ПВК Вагнера. Фота: Reuters

Можна, вядома, дапусціць, што былы намеснік міністра абароны сапраўды незнарок выдаў на тэлебачанні ваенную таямніцу, раскрыўшы доўгую і складаную спецаперацыю, для рэалізацыі якой нават ахвяравалі жыццямі як мінімум 13 расійскіх лётчыкаў. Але ёсць і прасцейшае тлумачэнне, да якога мы вернемся крыху пазней.

У расійскіх СМІ заяву Картаполава трактуюць па-рознаму. У некаторых проста пераказваюць яе блізка да тэксту. А ў іншых паведамляюць, што праз магчымы напад ПВК Вагнера на Сувалкскі калідор палякі ўжо нібыта знаходзяцца «на мяжы істэрыкі і панікі». Гэта вельмі дзіўнае дапушчэнне. Хаця б таму, што нават калі Сувалкскі калідор сапраўды нейкім чынам будзе захоплены падкантрольнымі Расіі сіламі, пагражаць гэта будзе ў першую чаргу балтыйскім дзяржавам, адрэзаным па сушы ад астатняга Еўрасаюза — але ніяк не Польшчы.

Што такое Сувалкскі калідор і ці сапраўды Расіі выгадна яго захапіць

Так называюць мясцовасць у ваколіцах польскага горада Сувалкі, якая прымыкае да мяжы Літвы і Польшчы, што аддзяляе Гродзенскую вобласць Беларусі ад расійскай Калінінградскай вобласці. Тут у самай кароткай частцы беларускую тэрыторыю ад заходняга эксклава Расіі аддзяляе ўсяго каля 65 кіламетраў. На картах Сувалкскі калідор выглядае вельмі ўразлівым з пункту гледжання краін NATO і ЕС месцам — своеасаблівым «вузкай гарлавінай» сувязі краін Балтыі з астатнім ЕС. Бо, заняўшы яго, Расія зможа разарваць сухапутнае злучэнне адразу трох краін — Латвіі, Літвы і Эстоніі — з астатнімі саюзнікамі.

Иллюстрация: Jyllands-Posten
Сувалкскі калідор на карце Еўропы. Ілюстрацыя: Jyllands-Posten

Паводле ацэнкі амерыканскіх ваенных экспертаў з аналітычнага цэнтра RAND, без атрымання краінамі Балтыі падмацавання з боку астатніх дзяржаваў NATO расійскім войскам спатрэбіцца 36−60 гадзін, каб выйсці да прыгарадаў Таліна і Рыгі. Праўда, гэтая ацэнка рабілася ў 2014−2015 гадах, пасля чаго сілы NATO ў краінах Балтыі павялічыліся. Але ў любым выпадку гіпатэтычнае перакрыццё Сувалкскага калідора для саюзнікаў па Альянсе моцна ўскладніць абарону балтыйскіх дзяржаваў — і адначасова палегчыць становішча расійскай сухапутнай групоўкі і Балтыйскага флоту ў ізаляванай Калінінградскай вобласці.

Мінулым летам Сувалкскі калідор ужо трапляў у загалоўкі навін пасля таго, як Літва часткова перакрыла расійскі чыгуначны транзіт у эксклаў па сваёй тэрыторыі. Тады выданне Politico нават назвала яго «самым небяспечным месцам на зямлі».

Удар праз ваколіцы Сувалак у бок Калінінградскай вобласці сапраўды неаднаразова адпрацоўваўся на сумесных расійска-беларускіх манеўрах. У прыватнасці, вучэнні «Захад-2017», падчас якіх арганізатары размясцілі ў паўночна-заходняй частцы Беларусі «краіну-агрэсар» Вейшнорыю, афіцыйна насілі «выключна абарончы характар» і пазіцыянаваліся як трэніроўка ў барацьбе супраць незаконных узброеных фармаванняў. Але на практыцы, на думку дырэктара Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсенія Сівіцкага, на іх адпрацоўваўся якраз удар расійскай 1-й танкавай арміі з тэрыторыі Беларусі ў бок Калінінграда — пры падтрымцы беларускіх узброеных сіл.

Зразумела, гэтыя расійскія планы ніколі не былі сакрэтам для Паўночнаатлантычнага альянсу. Перадухіленне захопу Сувалкскага калідора — адна з самых папулярных тэм для натаўскіх ваенных вучэнняў апошніх гадоў у гэтым рэгіёне (вось прыклады: раз, два, тры).

Фото: Flickr / NATO
Натаўскія вайскоўцы на вучэннях у Сувалкскім калідоры. Фота: Flickr / NATO

Праўда, стратэгічнае значэнне Сувалкскага калідора трохі змяншаецца пасля нядаўняга ўступлення ў NATO Фінляндыі і хуткага ўступлення Швецыі. Цяпер Балтыйскае мора амаль цалкам становіцца «ўнутраным» для NATO — у склад Альянсу будуць уваходзіць восем з дзевяці краін, якія прымыкаюць да яго. У такіх умовах Паўночнаатлантычны блок, які мае перавагу ў марскіх узбраеннях, цалкам здольны заблакаваць расійскі флот у раёнах Санкт-Пецярбурга і Калінінграда і наладзіць перакідванне падмацаванняў і ваенных грузаў у Літву, Латвію і Эстонію са Швецыі і Фінляндыі. То-бок захоп Сувалкскага калідора ўжо не прывядзе да поўнай блакады краін Балтыі.

Як заўважыла прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас, кажучы пра ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў Альянс, «цяпер нашая бяспека не залежыць толькі ад абароны Сувалкскага калідора. Дапамога можа прыйсці і з іншага боку».

Заўважым, што ваенныя планы — вельмі інертная, кансерватыўная рэч. Імаверна, што расійскі Генеральны штаб ужо піша новыя стратэгічныя планы, у якіх фігуруюць удары ў бок Хельсінкі, марскія дэсанты на Аландскіх астравах і ў раёне Стакгольма. Але Сувалкскі калідор па-ранейшаму займае важнае месца ў планах расійскіх вайскоўцаў на выпадак вайны супраць NATO — што лішні раз пацвердзіў у сваім тэлевізійным выступе Картаполаў.

Ці сапраўды дэпутат Картаполаў раскрыў мэты перакідвання ПВК Вагнера ў Беларусь?

Амаль напэўна не.

Як мы пісалі вышэй, ужо сам факт таго, што дэпутат агучвае змест «ціхага» і нібыта схаванага ад СМІ плана на велізарную аўдыторыю расійскага федэральнага тэлеканала, наводзіць на думку, што з ідэяй вагнераўскага ўварвання ў Сувалкскі калідор нешта не так. Тым самым Картаполаў пазбаўляе ўдзельнікаў гіпатэтычнага ўварвання найважнейшага для ваеннага мастацтва фактару раптоўнасці.

Растлумачыць рэальны сэнс выказвання пра Сувалкскі калідор можа знаёмства з асобай Картаполава — а менавіта з родам яго заняткаў непасрэдна перад абраннем у Дзярждуму.

Да 2021 года, калі ён звольніўся з вайсковай службы ў сувязі з тым, што стаў дэпутатам, Андрэй Картаполаў быў намеснікам міністра абароны — начальнікам Галоўнага вайскова-палітычнага ўпраўлення (ГВПУ) Узброеных сіл Расіі. Гэтую пасаду генерал заняў у 2018 годзе — адразу пасля таго, як у расійскай арміі быў адноўлены вайскова-палітычны орган на манер Галоўнага палітычнага ўпраўлення Савецкай арміі. Дарэчы, у гэтым пытанні РФ прыкметна адстала ад Беларусі, у якой Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы з аналагічнымі функцыямі з’явілася яшчэ ў 2004 годзе.

Генерал-полковник Андрей Картаполов на лекции в Военном университете имени князя Александра Невского в Москве. Фото: Mil.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org
Генерал-палкоўнік Андрэй Картаполаў на лекцыі ў Вайсковым універсітэце імя князя Аляксандра Неўскага ў Маскве. 1 верасня 2018 года. Фота: Mil.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Задачамі ГВПУ называюцца арганізацыя ваенна-палітычнай прапаганды і агітацыі, а таксама арганізацыя ваенна-патрыятычнай працы. То-бок супрацоўнікі ГВПУ — гэта штатныя вайсковыя прапагандысты. Яны займаюцца прасоўваннем сярод вайскоўцаў ідэй і поглядаў, якія расійскае вайскова-палітычнае кіраўніцтва лічыць патрыятызмам.

Зразумела, вайскова-палітычная прапаганда не мае нічога агульнага з інфармаваннем вайскоўцаў пра сапраўдны стан рэчаў. Тэарэтыкі сучаснай расійскай вайскова-палітычнай працы адкрыта называюць яе «сукупнасцю лагічна ўзаемазвязаных кампанентаў, прызначаных для ўздзеяння на розум і паводзіны асабовага складу з мэтай фармавання ў яго палітычнага свядомасці». А першай (і, відаць, галоўнай) мэтай вайскова-палітычнай працы лічаць «забяспечанне рэалізацыі і падтрымкі асабовым складам» дзяржаўнай палітыкі ў галіне абароны, рашэнняў прэзідэнта і міністра абароны Расіі.

Ведаючы гэта, можна дапусціць, што Картаполаў як былы галоўны расійскі зампаліт (і стваральнік сучаснай сістэмы вайскова-палітычнай працы ў расійскай арміі) у эфіры тэлеканала «Расія 1» прафесійна і пераканаўча займаецца звыклай справай — пераконвае гледачоў у тым, што прынятае Пуціным падчас мяцяжу вагнераўцаў рашэнне дазволіць ПВК адысці ў Беларусь было слушным.

Евгений Пригожин покидает штаб Южного военного округа в Ростове-на-Дону, Россия, 24 июня 2023 года. Фото: Reuters
Яўген Прыгожын пакідае штаб Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне пасля завяршэння мяцяжу, Расія, 24 чэрвеня 2023 года. Фота: Reuters

Асаблівасць такой працы заключаецца ў тым, што для выканання задачы (забяспечання падтрымкі рашэнняў прэзідэнта) тут зусім не абавязкова казаць праўду. Яскравым прыкладам можа служыць праца савецкіх прапагандыстаў, якія пасля заключэння паміж СССР і Германіяй пакта Молатава — Рыбентропа ўзяліся зачышчаць бібліятэкі ад кніг, дзе нацысты асуджаліся і характарызаваліся як злачынцы і распальвальнікі вайны. А «сапраўднымі» завадатарамі ўзброенага канфлікту называліся Вялікабрытанія і Францыя. Кіраўнік савецкага МЗС Вячаслаў Молатаў у кастрычніку 1939 года ў сваёй прамове перад дэпутатамі заяўляў, што «весці вайну „за знішчэнне гітлерызму“ не толькі бессэнсоўна, але і злачынна». А раз кіраўніцтва краіны прыняло рашэнне сябраваць з нацыстамі — значыць, яго грамадзянам праўду пра нацызм ведаць і не трэба.

Ланцужок падзей, які прывёў да «маршу справядлівасці» ПВК Вагнера на Маскву, і супярэчлівыя дзеянні расійскіх уладаў па ліквідацыі наступстваў мяцяжу вельмі па-рознаму ўспрымаюцца ў Расіі. Картаполаў жа стварыў прывабную для многіх расіян, якія разрываюцца паміж Пуціным і Прыгожыным, альтэрнатыўную рэальнасць. У ёй ПВК Вагнера і афіцыйныя расійскія ўлады дзейнічалі ледзь не заадно, а ўвесь перфоманс са спробай вайсковага перавароту аказаўся нібыта ўсяго толькі майстэрскай імітацыяй (хай і з чалавечымі ахвярамі). Імітацыяй, якую даверлівы Захад прыняў за праўду і якая дазволіла «непрыкметна» сканцэнтраваць у Беларусі ўдарнае злучэнне, неабходнае для важнай і адказнай ваеннай аперацыі.

Да версіі Картаполава ў такім выпадку ёсць цэлы шэраг пытанняў. Напрыклад, чаму ПВК Вагнера нельга было спакойна перакінуць у Беларусь без імітацыі вайсковага перавароту з ахвярамі і стратамі ў дарагой тэхніцы? Ці чаму заходнія дзяржавы зрэагавалі на «ціхае, грунтоўнае, спакойнае і лагоднае» перакідванне вагнераўцаў яшчэ да таго, як Картаполаў у тэлеэфіры агучыў сакрэтныя планы? Але наўрад ці і яны паставілі б у тупік адстаўнога генерала-зампаліта, які адбіваў пытанні з сумневамі Салаўёва і Сіманьян з дапамогай універсальных аргументаў «мы ўсяго не ведаем» і «ўлады разбяруцца».

Наемники ЧВК Вагнера возле штаба Южного военного округа в городе Ростов-на-Дону, Россия, 24 июня 2023 года. Фото: Reuters
Найміты ПВК Вагнера ля штаба Паўднёвай вайсковай акругі ў горадзе Растоў-на-Доне, Расія, 24 чэрвеня 2023 года. Фота: Reuters

Можна было б дапусціць, што заява Картаполава скіраваная да знешняй ў дачыненні да Расіі аўдыторыі, каб лішні раз прыстрашыць «калектыўны Захад» ці хаця б літоўцаў з палякамі. Але гэта наўрад. Рэч у тым, што прарыў Сувалкскага калідора — аперацыя, супастаўная па складанасці і колькасці задзейнічаных сіл з рыўком на Кіеў, які ў лютым мінулага года Расія спрабавала рэалізаваць з тэрыторыі Гомельскай вобласці. Падрыхтоўкі да яго зоймуць не адзін тыдзень і будуць заўважаныя разведкамі зацікаўленых краін — напрыклад, па дзясятках эшалонаў з войскамі і ваеннай тэхнікай, якія прыбываюць у Гродзенскую вобласць.

Пакуль нічога падобнага да гэтага з беларускага боку Сувалкскага калідора не адбываецца.

А ПВК Вагнера наогул змагла б заняць Сувалкскі калідор?

У адзіночку — дакладна не.

Нагадаем, што сумневы прапагандыстаў у формуле Картаполава былі звязаныя якраз з тым, што ПВК Вагнера па выніках мяцяжу страціла сваю цяжкую бранятэхніку, артылерыю і боепрыпасы да іх. Чыста тэхнічна цяпер падраздзяленні расійскіх наймітаў, якія прыбылі ў Беларусь, — гэта лёгкая пяхота. Яна добра падрыхтаваная, мае каштоўны баявы досвед — але гэта толькі адзін з кампанентаў, неабходных для такой сур’ёзнай наступальнай аперацыі, як прарыў калідора ад Гродна да Калінінграда.

З літоўскага і польскага боку ў непасрэднай блізкасці ад Сувалкскага калідора размешчаныя:

  • літоўская мотапяхотная брыгада «Жалезны воўк» (два мотапяхотныя і два механізаваныя батальёны, артылерыйскі дывізіён, батальён падтрымкі);
  • шматнацыянальная брыгада NATO, якая фарміруецца на тэрыторыі Літвы і ўключае нямецкі механізаваны батальён на БМП Marder з танкамі Leopard 2F6 і сучаснымі самаходнымі гаўбіцамі PzH 2000, а таксама чэшскую, нідэрландскую і нарвежскую мотапяхотныя роты;
  • польская 15-я механізаваная брыгада (танкавы, два механізаваныя, адзін сапёрны батальёны, зенітны дывізіён, разведвальная рота);
  • польскі 14-ы Сувалкскі супрацьтанкавы полк;
  • батальённая тактычная група NАТО ў лагеры Бемова-Піске (Варміньска-Мазурскае ваяводства, Польшча), у якую ўваходзяць 1-ы батальён 185-га пяхотнага палка Нацыянальнай гвардыі штата Каліфорнія (800 чалавек на бронетранспарцёрах Stryker), 400 каралеўскіх драгунаў з Вялікабрытаніі, румынскія і харвацкія падраздзяленні.

Агульную колькасць гэтай групоўкі можна ацаніць у 10−15 тысяч чалавек. То-бок для стварэння як мінімум трохразовай перавагі ў сілах, неабходнага для паспяховага наступу, Расіі трэба будзе сабраць групоўку не менш чым з 30 тысяч чалавек, якую трэба ўзброіць супастаўнай колькасцю танкаў, бронемашын, артылерыйскіх, ракетных, зенітных установак і інжынерных машын. Акрамя таго, трэба будзе пастаянна мець на ўвазе, што натаўская групоўка можа быць вельмі лёгка павялічаная ў некалькі разоў за кошт размешчаных трохі воддаль польскіх злучэнняў і 40-тысячных Сіл хуткага разгортвання Альянсу.

Открытие саммита НАТО. Вильнюс, 11 июля 2023 года. Фото пресс-служба НАТО
Адкрыццё саміту NATO. Вільнюс, 11 ліпеня 2023 года. Фота прэс-служба NATO

Атрыманы вагнераўцамі баявы досвед ва Украіне вельмі моцна адрозніваецца ад таго, які патрэбны для дзеянняў у Сувалкскім калідоры. Пад Бахмутам расійская ПВК не здзейсніла нічога падобнага да прарыву абароны, займаючыся тыдзень за тыднем павольным выцісканнем УСУ з горада. Пад Сувалкамі ж расійскаму боку будзе патрэбны сапраўдны бліцкрыг, вокамгненны прарыў — бо кожны дзень прамаруджвання абернецца з’яўленнем у раёне бітвы ўсё новых і новых натаўскіх падраздзяленняў.

Акрамя таго, наступаць тут давядзецца па лясіста-балоцістай мясцовасці з невялікай колькасцю дарог, парэзанай азёрамі, рэкамі і ручаямі (што радыкальна адрозніваецца ад стэпаў поўдня Украіны). Ды яшчэ і ва ўмовах перавагі ў паветры натаўскай авіяцыі. Выконваць такую баявую задачу лёгкай пяхотай — усё роўна што адпраўляць яе на самагубства. Дзеля справядлівасці варта прызнаць, што ў ПВК Вагнера ёсць досвед вядзення баявых дзеянняў супраць ваенна-паветраных сіл ЗША. Скончыўся той сірыйскі бой у лютым 2018 года прадказальным вынікам — то-бок поўным разгромам вагнераўцаў.

Задача ўзлому Сувалкскага калідора на вучэннях расійскіх і беларускіх вайскоўцаў вырашаецца сіламі размешчанага ў Калінінградскай вобласці расійскага 11-га армейскага корпуса, перакінутымі ў раён Гродна злучэннямі расійскай 1-й танкавай арміі і механізаванымі брыгадамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сіл Беларусі, што прыкрывалі б яе ўдар, — усяго каля 120 тысяч чалавек. Прасоўванне расійскіх калон па лясах і балотах Сувалкскага калідора на вучэннях забяспечваецца цяжкай інжынернай тэхнікай (якой няма ў вагнераўцаў), а ад удараў з паветра іх закрываюць шматлікія сродкі супрацьпаветранай абароны. Нарэшце, калі натаўская абарона не «захоча» праломвацца нават пад ціскам такіх аргументаў, у «загашніку» ў расійскіх камандзіраў застаецца магчымасць нанясення тактычнага ядзернага ўдару.

Генерал Картаполаў у свой час займаў пасаду камандуючага Заходняй вайсковай акругай, у склад якой уваходзіць і 1-я танкавая армія, і 11-ы армейскі корпус у Калінінградскай вобласці. Ён напэўна выдатна ведае пра планы магчымага наступу на Сувалкскі калідор і добра разумее, што ПВК Вагнера сама па сабе абсалютна не прыдатная для выканання гэтай задачы. І нават ва ўзаемадзеянні са злучэннямі беларускага Заходняга аператыўнага камандавання — 6-й і 11-й механізаванымі брыгадамі (агульнай колькасцю да 8 тысяч чалавек) — яна таксама не зможа гэта зрабіць.

Российский танк Т-72, уничтоженный ВСУ на Житомирской трассе в районе села Дмитровка Бучанского района Киевской области. Фото: Pedro30001, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Расійскі танк Т-72, знішчаны УСУ на Жытомірскай трасе ў раёне вёскі Дзмітраўка Бучанскага раёна Кіеўскай вобласці. Фота: Pedro30001, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Ключавым элементам прарыву Сувалкскага калідора на вучэннях была расійская 1-я гвардзейская танкавая армія, якая ўключала да лета 2022 года дзве танкавыя і дзве мотастралковыя дывізіі, адну мотастралковую, адну артылерыйскую, дзве ракетныя, адну зенітна-ракетную, адну разведвальную брыгады і іншыя злучэнні. «Была» — таму што баяздольнасць гэтага вялізнага ваеннага фарміравання за апошнія паўтара года ўжо вельмі моцна падарваная УСУ.

Чытайце таксама