Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Увечары 9 студзеня варшаўская паліцыя проста ў прэзідэнцкім палацы затрымала экс-міністра ўнутраных справаў Марыюша Каміньскага і яго былога намесніка Мацея Вонсіка. Паліцэйскія зайшлі ў будынак, скарыстаўшыся адсутнасцю прэзідэнта Анджэя Дуды, які ў гэты час сустракаўся з лідаркай беларускіх дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай у палацы Бельведэр. Сітуацыя з Каміньскім і Вонсікам чарговым разам агаліла супярэчнасці паміж Дудай, звязаным з партыяй «Права і справядлівасць» (ПіС), якая кіравала да апошніх парламенцкіх выбараў, і новай большасцю былой апазіцыі ў Сейме і Сенаце. Гэтыя супярэчнасці яшчэ да гучнага арышту спікер Сейма Шыман Галоўня ахарактарызаваў як «глыбокі канстытуцыйны крызіс». Разбіраемся, што і чаму цяпер адбываецца ў суседняй краіне.

Хто такія Каміньскі і Вонсік і чым незвычайны іх арышт

Марыюш Каміньскі — адзін з самых вядомых і самых уплывовых польскіх дзяржаўных дзеячаў апошніх гадоў. З 2019 да канца 2023 года займаў пасаду міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі ва ўрадзе Матэвуша Маравецкага. Акрамя таго, з 2015 да 2023 года (то-бок цягам усяго васьмігадовага кіравання партыі «Права і справядлівасць») Каміньскі знаходзіўся на пасадзе каардынатара польскіх спецслужбаў.

Мацей Вонсік займаў пры ім пасаду дзяржаўнага сакратара ў Міністэрстве ўнутраных справаў (гэта прыкладна адпавядае пасадзе першага намесніка). Абодва палітыкі скончылі гістарычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, прычым тэмай магістарскай дысертацыі Каміньскага было народна-вызваленчае паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве 1863−1864 гадоў (у польскай гістарыяграфіі — Студзеньскае паўстанне).

Экс-министр МВД Польши Мариуш Каминьский (справа от президента Анджея Дуды) и его бывший заместитель Мацей Вонсик (слева от Дуды) на церемонии назначения новых советников. 9 января 2024 года, Варшава. Фото: Канцелярия Дуды
Экс-міністр МУС Польшчы Марыюш Каміньскі (справа ад прэзідэнта Анджэя Дуды) і яго былы намеснік Мацей Вонсік (злева ад Дуды) на цырымоніі прызначэння новых дарадцаў, 9 студзеня 2024 года, Варшава. У гэты ж дзень Каміньскі і Вонсік будуць арыштаваныя. Фота: Канцылярыя прэзідэнта Польшчы

У юнацтве Каміньскі быў прыкметным актывістам антыкамуністычнай апазіцыі ў Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1981 годзе яго асудзілі на год папраўчай калоніі за «апаганьванне Манумента падзякі Чырвонай арміі», а ў 1983 годзе выключылі са школы за актыўны супраціў на дэманстрацыі. Пасля паступлення ва ўніверсітэт у 1984 годзе ён удзельнічаў у дзейнасці таемных апазіцыйных студэнцкіх арганізацый. Пасля аднаўлення ў Польшчы дэмакратыі Каміньскі нейкі час працаваў у Дэпартаменце ўнутраных пагрозаў Бюро нацыянальнай бяспекі.

У 1997 годзе ён упершыню абраўся ў Сейм, а ў 2001 годзе зноў трапіў у парламент — цяпер ужо ў якасці дэпутата ад партыі «ПіС». У «ПіСаўскім» урадзе Казімежа Марцінкевіча ў 2005−2006 гадах Каміньскі займаў пасаду дзяржаўнага сакратара канцылярыі прэм’ер-міністра. А ў 2006 годзе стаў кіраўніком Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро (ЦАБ), створанага ў тым ліку з яго ініцыятывы (з гэтага моманту па сутнасці і пачаліся падзеі, рэха якіх чуваць у Польшчы цяпер). У 2011 годзе палітык абіраўся віцэ-старшынёй «Права і справядлівасці».

У 2007 годзе Марыюш Каміньскі прызнаваўся «чалавекам года» паводле версіі «Газеты польскай» (уплывовага ў краіне правакансерватыўнага выдання). Былая жонка палітыка, журналістка Анна Каспшышак, працавала дарадцай прэзідэнта Анджэя Дуды.

Вонсік — даўні паплечнік Каміньскага. Ён таксама быў адным са стваральнікаў Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро і ў 2006−2009 гадах займаў пасаду намесніка яго кіраўніка (то-бок Каміньскага). Пазней Вонсік быў сакратаром Калегіі сакрэтных службаў і дзяржаўным сакратаром канцылярыі прэм’ер-міністра.

У 2023 годзе абодва палітыкі вылучаліся ў Сейм Польшчы як кандыдаты ад партыі «ПіС» — і трапілі ў яго. Адпаведна, яны мелі дэпутацкі імунітэт і пасля сыходу ў адстаўку са сваіх пасадаў у Міністэрстве ўнутраных справаў. Аднак 21 снежня 2023 года спікер Сейма Шыман Галоўня падпісаў рашэнне пра спыненне іх паўнамоцтваў у сувязі з уступленнем у сілу канчатковага рашэння суда, які раней асудзіў палітыкаў на турэмнае зняволенне. Зрэшты, гэтае рашэнне пакуль абскарджваецца — Каміньскі і Вонсік падалі апеляцыі.

Праз што нядаўняга кіраўніка МУС і яго былога намесніка затрымала паліцыя і чаму прэзідэнт Дуда і яго прыхільнікі лічаць гэтае затрыманне незаконным

Рэч у тым, што 20 снежня 2023 года акруговы суд Варшавы абвясціў канчатковы прысуд па справе, звязанай з так званым зямельным скандалам 17-гадовай даўніны. У адпаведнасці з прысудам, палітыкі атрымалі па два гады пазбаўлення волі.

Гучны «зямельны скандал» шакаваў Польшчу ў далёкім 2007 годзе. Тады тое самае Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро пад кіраўніцтвам Каміньскага і Вонсіка арганізавала правакацыю, галоўнай мэтай якой аказаўся лідар партыі «Самаабарона», віцэ-прэм'ер і міністр сельскай гаспадаркі Анджэй Лепер.

Гэты каларытны палітык-папуліст у 90-я гады арганізоўваў скандальныя акцыі непадпарадкавання супраць дзеянняў урада, якія, на яго думку, шкодзілі інтарэсам фермераў. Лепер, былы свінагадоўца і баксёр, быў вядомы сваімі радыкальнымі выступамі ў адрас палітычных апанентаў і падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, у 2004 годзе, за суткі да правядзення рэферэндуму наконт права Лукашэнкі балатавацца на трэці тэрмін, Лепер прыязджаў у Мінск і заклікаў людзей галасаваць за змяненне Канстытуцыі (то-бок за магчымасць Лукашэнкі пераабірацца). Палітык чатыры разы вылучаў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы — але кожны раз удзел у іх заканчваўся для яго паразай.

Пазней «Самаабарона» ўступіла ў кааліцыю з ПіС, і Лепер у 2006−2007 гадах быў намеснікам лідара гэтай партыі, прэм’ер-міністра Яраслава Качыньскага, у кааліцыйным урадзе. У 2006 годзе суд прызнаў Лепера вінаватым у сэксуальных дамаганнях да жанчыны, якая была ў яго партыі, але ў 2011 годзе вердыкт быў адменены — суд па гэтых абвінавачаннях мусіў прайсці зноў. Аднак перагляду гэтай справы палітык не дачакаўся — у жніўні 2011 года яго знайшлі мёртвым у штаб-кватэры «Самаабароны». Прычынай смерці, хутчэй за ўсё, было самагубства — хоць, напрыклад, беларускія дзяржаўныя СМІ паставіліся да гэтай версіі крытычна.

Министр сельского хозяйства Польши Анджей Леппер на сельскохозяйственной ярмарке в Кельце. 10 марта 2007 года. Фото: Marek Silarski, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org
Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Анджэй Лепер (у цэнтры) на сельскагаспадарчым кірмашы ў Кельцэ, 10 сакавіка 2007 года. Фота: Marek Silarski, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org

Але вернемся ў 2007 год. Тады ў поле зроку ЦАБ трапіў пэўны дзелавы чалавек, які выхваляўся, што можа вырашыць пытанне пра вывад з сельскагаспадарчага абароту любога ўчастка зямлі ў Польшчы. У гэтым мужчыну, з ягоных словаў, мусілі дапамагчы дамоўленасці з Міністэрствам сельскай гаспадаркі, якое ўзначальваў Лепер. Супрацоўнік ЦАБ пад выглядам бізнесоўца, зацікаўленага ў набыцці ўчастка, прапанаваў «рашалу» хабар, частка якога прызначалася якраз міністру Леперу. Але гэтая правакацыя скончылася гучнай няўдачай, калі інфармацыя пра яе ўсплыла ў СМІ. І хоць грошы да Лепера не дайшлі (паводле першапачатковай версіі пракуратуры, яго паспелі папярэдзіць пра правакацыю), Яраслаў Качыньскі звольніў яго з урада, бо той знаходзіўся пад падазрэннем.

Гэтае рашэнне выйшла бокам акурат партыі Качыньскага. Кіроўная кааліцыя паміж ёй і «Самаабаронай» распалася, і ў Польшчы былі абвешчаныя датэрміновыя выбары, якія ПіС прайграла (тады краіну ўпершыню ўзначаліла партыя «Грамадзянская платформа» Дональда Туска — менавіта гэты палітык нядаўна вярнуўся ва ўладу ўжо ў ролі лідара новай кааліцыі).

У 2009 годзе акруговы суд Варшавы ўсё ж асудзіў двух мужчын з атачэння Анджэя Лепера за хабар (адзін атрымаў два з паловай гады турмы, а другі — вялікі грашовы штраф). Але ўжо ў наступным годзе гэты прысуд быў перагледжаны і скасаваны.

Больш сур’ёзныя наступствы меў «зямельны скандал» для кіраўнікоў ЦАБ, якія стаялі за арганізацыяй спрэчнага следчага дзеяння са спробай даць хабар міністру. У 2009 годзе пракуратура горада Жэшува выставіла Марыюшу Каміньскаму абвінавачанні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, кіраўніцтве незаконнай аператыўнай дзейнасцю па даванні хабару, а таксама арганізацыі падробкі дакументаў і даведак. Намеснік Каміньскага Вонсік падтрымаў свайго шэфа, папрасіўшы выставіць яму тое самае абвінавачанне.

Разбіральніцтвы цягнуліся некалькі гадоў. У чэрвені 2012 года адзін з акруговых судоў Варшавы спыніў судовы працэс па хадайніцтве абароны, але ў снежні на патрабаванне пракуратуры і пацярпелых разбіральніцтва пачалося зноў. А ў сакавіку 2015 года той жа варшаўскі суд асудзіў Каміньскага і Вонсіка на трохгадовыя турэмныя тэрміны і на 10 гадоў забараніў ім займаць дзяржаўныя пасады. Але ўжо ў лістападзе таго года Анджэй Дуда, які нядаўна які стаў прэзідэнтам (таксама выхадзец з ПіС), скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам і памілаваў Каміньскага і Вонсіка (а таксама яшчэ двух чалавек, якія мелі дачыненне да скандалу).

Праўда, зрабіў ён гэта ў працэсе абскарджання прысуду — то-бок да яго ўступлення ў законную сілу. Гэта азначае, што прэзідэнт Дуда памілаваў людзей, віна якіх яшчэ не была канчаткова прызнаная паводле закона. Гэтая юрыдычная калізія і дала законную магчымасць праз восем гадоў завяршыць разгляд справы пра «зямельны скандал» у другой інстанцыі і вынесці канчатковы прысуд па ёй. Вярхоўны суд Польшчы раней вызначыў, што права на памілаванне прэзідэнт Польшчы можа выкарыстоўваць толькі ў дачыненні да людзей, віна якіх устаноўленая канчатковым прысудам, — бо ў адваротным выпадку патэнцыйна невінаваты чалавек пазбаўляўся б магчымасці справядлівага суда над сабой.

Гэтым разам суд змякчыў меры пакарання для Каміньскага і Вонсіка з трох да двух гадоў зняволення — але ўсё роўна прызнаў іх вінаватымі ва ўчыненні інкрымінаваных ім злачынстваў.

Чаму гісторыя 17-гадовай даўніны абвастрылася менавіта цяпер і што можа быць далей

Затрыманне экс-міністра ўнутраных справаў і яго былога намесніка проста ў прэзідэнцкім палацы — яшчэ адна вонкавая праява складанага працэсу выбудоўвання новай канфігурацыі ўлады ў Польшчы, таго, што адбываецца пасля восеньскіх парламенцкіх выбараў. Раней яшчэ адной такой праявай стаў канфлікт вакол дзяржаўных СМІ, якія крытыкі ПіС у перыяд яе кіравання называлі сродкам партыйнай прапаганды.

Да леташніх парламенцкіх выбараў у Польшчы партыя ПіС, чальцамі якой з’яўляюцца затрыманыя экс-міністр Каміньскі і яго былы намеснік Вонсік, была своеасаблівым манапалістам у выканаўчай і заканадаўчай галінах улады краіны. Яна мела большасць у абедзвюх палатах парламента, дзякуючы чаму фармавала ўрад. І адначасова выхадцам з ПіС быў дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда (тэрмін ягоных паўнамоцтваў, дарэчы, заканчваецца толькі ў наступным годзе).

У такіх умовах пракуратуры і судовым органам Польшчы было вельмі складана прыцягнуць Вонсіка і Каміньскага да адказнасці. Займаючы свае дзяржаўныя пасады, янызаставаліся адначасова і дэпутатамі Сейма. Вельмі сумнеўна, што папярэдняя спікерка парламента ад ПіС Эльжбета Вітэк пагадзілася б на патрабаванне суда спыніць іх паўнамоцтвы (і пазбавіць тым самым дэпутацкай недатыкальнасці).

Протесты в Варшаве после задержания экс-министра внутренних дел Мариуша Каминьского и его бывшего заместителя Мацея Вонсика. Вечер 9 января 2024 года. Фото: twitter.com/kyrieelejson89
Пратэсты ў Варшаве пасля затрымання экс-міністра ўнутраных справаў Марыюша Каміньскага і яго былога намесніка Мацея Вонсіка, вечар 9 студзеня 2024 года. Фота: twitter.com/kyrieelejson89

Цяпер жа, пасля атрымання нядаўняй апазіцыяй парламенцкай большасці, палітычныя праціўнікі нібыта прамацваюць адно аднаго на трываласць. Крок за крокам яны спрабуюць свае сілы: новаздабытыя — для апазіцыі і тыя, што яшчэ засталіся, — для ПіС. Так, у адказ на затрыманне Каміньскага і Вонсіка прэзідэнт Дуда назваў рашэнне суда «палітычным» і заявіў, што не супакоіцца, пакуль яны не выйдуць на волю. На думку аднаго з суддзяў Вярхоўнага суда Польшчы, для гэтага ён цалкам можа зноў скарыстацца сваім правам на памілаванне (а дакладней, пашырыўшы дзеянне памілавання 2015 года на цяперашні прысуд).

Партыя ПіС, прайграўшы парламенцкія выбары кааліцыі сіл з былой апазіцыі, імкнецца захаваць свой палітычны ўплыў у краіне. Канфлікт вакол Каміньскага і Вонсіка, якіх «Права і справядлівасць» ужо называе «палітычнымі вязнямі», — далёка не апошняя праява гэтай барацьбы. Некаторыя з іх чакаюць Польшчу ўжо ў найбліжэйшай будучыні — напрыклад, на 11 студзеня партыйны лідар Яраслаў Качыньскі прызначыў «Пратэст свабодных палякаў». Акрамя таго, прыхільнікі ПіС сур’ёзна абмяркоўваюць і магчымасць роспуску Сейма прэзідэнтам Дудам.

Хоць падзеі, якія адбываюцца ў Польшчы, цалкам можна ахарактарызаваць як палітычны ці нават канстытуцыйны крызіс, у іх парадаксальным чынам адлюстроўваецца сіла дэмакратычных інстытутаў суседняй краіны. Для беларусаў асабліва цікавым можа выглядаць рэальна дзейны прынцып падзелу ўладаў, пры якім прэзідэнт не можа дыктаваць сваю волю незалежным ад яго судам.

Усё гэта ашаламляльным чынам адрозніваецца ад сітуацыі ў нашай краіне, дзе дзяржаўная машына ў апошнія тры з паловай гады маналітным блокам цісне беларускую грамадзянскую супольнасць, выконваючы задачу захавання аднаасобнай улады аднаго чалавека. У сучаснай Беларусі нават тэарэтычна немагчыма ўявіць сітуацыю, у якой суд і парламент вырашылі б прыцягнуць да крымінальнай адказнасці блізкіх паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Чытайце таксама