Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп абвясціў 8 траўня Днём Перамогі ў Другой сусветнай вайне, а 11 лістапада — Днём Перамогі ў Першай сусветнай вайне ў ЗША. Пра гэта ён паведаміў у сваёй сацсетцы Truth Social.
«Многія з нашых саюзнікаў і сяброў святкуюць 8 траўня як Дзень Перамогі, але мы зрабілі больш, чым любая іншая краіна, для перамогі ў Другой сусветнай вайне», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Ён паведаміў пра перайменаванне 8 траўня ў Дзень Перамогі ў Другой сусветнай вайне, а 11 лістапада — у Дзень Перамогі ў Першай сусветнай.
«Мы перамаглі ў абедзвюх войнах, ніхто нават не наблізіўся да нас сілай, адвагай і ваенным майстэрствам, але мы больш нічога не святкуем — бо ў нас больш няма лідараў, якія ўмеюць гэта рабіць», — напісаў Трамп, дадаўшы, што «прыйшоў час зноў пачаць святкаваць нашыя перамогі».
Першы Акт пра безумоўную ваенную капітуляцыю Германіі ў Другой сусветнай вайне быў падпісаны 7 траўня 1945 года ў горадзе Рэймсе, у штабе Дуайта Эйзенхаўэра (будучага прэзідэнта ЗША, а тады вярхоўнага галоўнакамандуючага саюзных экспедыцыйных сіл). Прадстаўнік Савецкага Саюза запытаў у Масквы дазвол паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Паколькі адказу не было, ён на свой страх і рызыку ўзяў удзел у цырымоніі і падпісаў дакумент, а ўжо пасля гэтага з Масквы прыйшла забарона.
Сталін запатрабаваў паўтарыць працэдуру, што і адбылося ў Карлсхорсце, прыгарадзе Берліна, 8 траўня ў 22.43 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу. Але ў Маскве на той момант ужо было 00.43. Таму на Захадзе святам стаў дзень 8 траўня. У Савецкім Саюзе, а потым і на постсавецкай прасторы, у тым ліку ў Беларусі, — 9-га.