Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Зноў даражэе аўтамабільнае паліва. Але ёсць і ўмоўна пазітыўная навіна, якая можа спадабацца кіроўцам
  2. Пока другие отрасли в убытках, нашелся новый драйвер экономики: у всех его топ-предприятий — рекордная прибыль
  3. Стала вядома, чым цяпер займаецца экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала
  4. Банкі ўкараняюць новаўвядзенні для ўкладаў: адны з іх могуць спадабацца кліентам, іншыя — не вельмі
  5. Эксперты проанализировали последние заявления МИД РФ и Шойгу, который назвал западных миротворцев «законными целями» — вот их выводы
  6. Кочанова пояснила, что будет с пенсиями и зарплатами. Есть над чем задуматься, если учесть ожидаемый дефицит казны и прогнозы экономистов
  7. У беларусов появилось новое экзотическое направление, куда не нужна виза. Узнали, как там с ценами и пляжным отдыхом
  8. BYSOL заявіў пра новыя рызыкі для людзей з «пратэсным бэкграўндам», якія ездзілі і ездзяць у Беларусь. Даведаліся падрабязнасці
  9. BYSOL: У сілавікоў новая тактыка для людзей з «пратэсным бэкграўндам», якія вяртаюцца ў Беларусь
  10. «Мы зрабілі больш, чым любая іншая краіна». Трамп прызначыў Дзень Перамогі ў Другой сусветнай вайне ў ЗША
  11. Качанава выказалася пра павышэнне пенсій. Тым часам Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выхваляецца, што купаецца ў грашах
  12. Праваабаронцы: У Беларусі — масавыя затрыманні за ўдзел у пратэстах і па «справе Гаюна»
Читать по-русски


Мінскае «Дынама», якое выступае ў КХЛ, правальвае сезон. Каманда не дацягвае нават да зоны плэй-оф, нягледзячы на шэраг спрыяльных абставінаў. Крэйга Вудкрафта пакуль не звольнілі, але 26 кастрычніка ў трэнерскі штаб «Дынама» ўвайшоў вядомы ў мінулым гулец зборнай Беларусі Аляксандр Андрыеўскі. Самае цікавае, што гэта ўжо трэцяе з’яўленне Быка, як называюць спецыяліста, у клубе. Тлумачым, чаму такое хаджэнне па коле выглядае недарэчна. Гэта калонка спартыўнай рэдакцыі «Люстэрка».

Александр Андриевский: Фото пресс-служба ХК "Динамо-Минск"
Аляксандр Андрыеўскі. Фота: прэс-служба ХК «Дынама-Мінск»

Камбэк з адтэрміноўкай

Шэрагі «Дынама» Бык афіцыйна папоўніў трэці раз. Хоць чарговы камбэк мог быць нашмат раней. Давайце адновім храналогію.

У мінскім «Дынама» Андрыеўскі скончыў гульнявую кар’еру і пачаў трэнерскую ў сезоне-2006/07. Аляксандр быў памочнікам Любаміра Покавіча, а потым — Эдуарда Занкаўца. Тады КХЛ яшчэ не існавала. Па выніках таго сезону «зубры» сталі чэмпіёнамі Беларусі.

Неўзабаве «Дынама» заявілася ў КХЛ. У другім сезоне Андрыеўскі, тэрмінова выкліканы з «Гомеля», змяніў ля руля каманды нечакана звольненага Глена Хэнлана. У плэй-оф «зубры» не трапілі, але маглі пахваліцца выйгрышам Кубка Шпенглера.

Андрыеўскі застаўся ў «Дынама», але ўжо ў ролі асістэнта. Падчас сезона-2012/13 Бык быў зноў пакліканы на ролю галоўнага трэнера замест Кары Хейкіля. Але плэй-оф беларускай камандзе не скарыўся.

Наступны сезон Андрыеўскі пачынаў у якасці рулявога «зуброў». Аднак сам быў звольнены ў лістападзе. Такім чынам, другі прыход Быка ў «Дынама» расцягнуўся на чатыры гады.

Цікава, што пасля таго звальнення ў 2013-м клуб застаўся вінен Андрыеўскаму грошы. Справа зацягнулася на некалькі гадоў, бок трэнера прыняла нават Гандлёва-прамысловая палата Расіі. У выніку КХЛ узяла на сябе абавязанні прымусіць «Дынама» пагасіць доўг.

І вось цяпер будзе новы камбэк. Хоць яшчэ тры з паловай гады таму менавіта Андрыеўскага разглядалі на ролю зменшчыка Андрэя Сідарэнкі. Дынамаўскі офіс нават узгадніў кандыдатуру Быка ў НАК, а клубная прэс-служба зрабіла пра трэнера падборку кампліментарных выказванняў.

Але дамовіцца з Андрыеўскім не здолелі. Ён не пагадзіўся з ідэямі кіраўніцтва што да камплектавання складу (меркавалася наяўнасць не больш чым аднаго брамніка-замежніка і шасці палявых гульцоў, не лічачы расіян). У выніку паклікалі Крэйга Вудкфрата, які завяршыў сезон на апошнім месцы ў Лізе.

За рысай плэй-оф

Вудкрафта тады не звольнілі, а ў наступных двух сезонах каманда выконвала задачу-мінімум — выхад у плэй-оф. Але цяпер на лаўцы з канадцам будзе трэнер, які ўжо адвык ад ролі асістэнта. У расійскіх клубах КХЛ Андрыеўскі кіраваў «Адміралам», «Сібір'ю» і «Сочы». Падобна, Вудкрафту даюць такім чынам зразумець: любая новая асечка стане падставай для перастановак.

Як жа канадзец дапусціў падобнае?

Галоўная прычына, вядома, на паверхні — вынікі. У 22 матчах каманда набрала ўсяго 22 ачкі і да вечара 27 кастрычніка нават не трапляла ў зону плэй-оф. «Дынама» знаходзілася на дзявятым месцы, апярэджваючы толькі зусім слабы ХК «Сочы» і кітайскі «Куньлунь», які працягвае базавацца ў Расіі і камплектавацца са свету па нітцы.

І не сказаць, што на «зуброў» наваліліся траўмы ці ёсць іншыя канкрэтныя прычыны фіяска. Проста сістэма Вудкрафта пачала буксаваць. У камандзе па-ранейшаму 14 легіянераў, нягледзячы на заклікі МЗС Канады пакінуць тэрыторыю Расіі і Беларусі. Зборным гэтых краін шлях на міжнародную арэну закрыты, таму «Дынама» можа зусім не адцягвацца на патрэбы нацыянальнай каманды. Мінскія рэстараны таксама працягваюць працаваць і радаваць галодныя страўнікі замежнікаў.

Вудкрафт справядліва наракаў на перанос хатняга матчу з «Ак Барсам» з Мінска, дзе быў запланаваны праўладны канцэрт, у Казань. Але якраз у той паездцы дынамаўцы выглядалі бадзёра, набраўшы ў двух матчах у Казані тры ачкі з чатырох магчымых. Правальны адрэзак быў з 24 верасня да 15 кастрычніка: усяго адна перамога ў дзесяці матчах.

«Вудкрафт не асабліва давярае людзям»

Глыбінная прычына няўдач бачыцца ў тым, што Вудкрафту дазволілі прыбраць да рук ледзь не ўсю ўладу. Калі канадзец у 2019-м узначаліў «Дынама» другі раз (першы раз, адпрацаваўшы сезон, быў звольнены ў 2017 годзе), то апальны Дзмітрый Баскаў, які займаў на той момант пасаду гендырэктара «зуброў», сказаў: «Побач з такім спецыялістам [Вудкрафтам] неабходна развіваць беларускага трэнера новай фармацыі, якім можа стаць Міхаіл Грабоўскі. У Мішы для гэтага ёсць усе задаткі і падставы. Акрамя бліскучай гульнявой кар’еры, пра якую мы ўсе ведаем, Грабоўскага вылучае ўменне індывідуальна працаваць з хакеістамі, удасканальваць іх навыкі, адточваць майстэрства, што ён дэманстраваў, праводзячы шматлікія трэнінг-кэмпы. Патэнцыял Грабоўскага-трэнера вельмі вялікі, і мы абавязаныя даць яму магчымасць гэты патэнцыял раскрыць».

Але ў мінулым сезоне Міхаіл пакінуў штаб «Дынама». Затым прыйшла чарга і іншага асістэнта Вудкрафта — Андрэя Мезіна.

Крэйг Вудкрафт. Фота: TUT.BY

Вось што казаў у верасні гэтага года трэнер па АФП Аляксей Дашкевіч, які паспеў пабываць памочнікам канадца:

— Вудкрафт не асабліва давярае людзям, з якімі працуе плячо да пляча. Крэйг лічыць, што існуе толькі яго сфера адказнасці, і дзяліцца паўнамоцтвамі ні з кім не схільны. Увогуле, ёсць у канадца пэўная аўтарытарнасць. Калі б не яна, думаю, каманда ў мінулым сезоне атрымала б вялікую карысць ад нашага ўзаемадзеяння. Таму, лічу, яму варта лепш камунікаваць і больш давяраць калегам.

Рэдкі выпадак, калі ў беларускім хакеі выносяць «смецце з хаты». І калі ў маштабах краіны негатыўны эфект ад «пэўнай аўтарытарнасці» бачны не адразу, то ў спорце вынік хутка расстаўляе ўсё па сваіх месцах.

Замкнёнае кола

Андрыеўскі — таксама не магчымая панацэя, калі Вудкрафта ўсё ж адправяць у адстаўку. Гісторыя паказвае, што беларусу двойчы не ўдалося выправіць у «Дынама» нахіл. Апошняга значнага выніку ў трэнерскай кар’еры Бык дамогся ў сезоне-2016/2017, калі вывеў «Адмірал» у плэй-оф другі год запар.

Але рэч не толькі ў Андрыеўскім. Чаму да гэтага часу ў Мінску не працаваў Андрэй Скабелка, запатрабаваны ў Расіі і Казахстане? Дзе тыя самыя беларускія настаўнікі «новай фармацыі»?

Вудкрафт, нагадаем, (пакуль) кіруе камандай другі раз. Двойчы быў у «Дынама» Андрэй Кавалёў: асістэнтам і галоўным трэнерам (у сезонах-2014/15 і 2015/16), а потым зноў асістэнтам (у сезоне-2018/19). Двойчы звальнялі з «Дынама» (у чэмпіянаце Беларусі і КХЛ) славака Любаміра Покавіча.

Адны і тыя ж трэнеры ходзяць у «Дынама» па коле. І галоўнае, вынік не паляпшаецца. Часам клуб трапляе ў плэй-оф і вылятае ў першым раўндзе, часам нікуды не трапляе, часам ладзіць «перабудову». Гэтае прадстаўленне з загадзя прадказальным фіналам здзіўляе, хутчэй, толькі частатой паўтарэння паказаў.